Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/Як беларускі футбол можа бяспечна ўдарыць па лукашызме, а заадно прыкласціся да нахабнай пысы Кавальчука

Як беларускі футбол можа бяспечна ўдарыць па лукашызме, а заадно прыкласціся да нахабнай пысы Кавальчука

І нават «АМАП» не перашкодзіць.

14 чэрвеня, 18:58
47
Як беларускі футбол можа бяспечна ўдарыць па лукашызме, а заадно прыкласціся да нахабнай пысы Кавальчука

Гэта было б грандыёзна. Сотні тысяч прыгожых беларусаў пасля аднаго з нядзельных маршаў ранняй восенню 2020 года, зразумеўшы, што ніхто разбірацца з фальсіфікацыямі на выбарах не збіраецца, а з гвалтам супраць мірных пратэстоўцаў пагатоў, усе разам рушылі ў бок заходняй мяжы. Не як Юрый Чыж на хуткасці 220 км/г паводле казачнікаў у пагонах, а нетаропка, улегцы, у фармаце пікніка, святочна ўбраныя, з усмешлівымі дзецьмі і паважнымі сталымі бацькамі. Па дарозе – вясёлыя перакусы, начлег – у камфартабельных шатрах. Наперадзе – ветлівая Еўропа і бесклапотнае жыццё, а ячшэ – выбачэнні ад садыстаў: вяртайцеся, ніколі ізноў, зажывем па-новаму.

Але смелая фантазія яшчэ не ёсць пралічаны план, а часцей за ўсё – дык увогуле наадварот. Усе беларусы з’ехаць не маглі і не могуць. Нават тыя, хто пратэставаў (большасць з нас па-ранейшаму ў Беларусі). Нават тыя, каму пагражае турма, – бо некаторым лепей у турме на Радзіме, чым воля ў чужых краях. Так, бывае, людзі асэнсавана робяць і такі выбар. Чаму я павінен пакідаць сваю Бацькаўшчыну? Чаму павінен пакідаць сваякоў і сяброў? Чаму павінен пакідаць сваё звыклае жыццё, якое так рупліва ўладкоўваў? У нашай сітуацыі можна задаць дзясяткі справядлівых пытанняў.

Чакаць масавай эміграцыі ад вялікіх беларускіх спартсменаў таксама не выпадала, нават калі шмат каму з іх упоперак горла тое, што адбываеца пасля жніўня-2020. То было прадказальна і па іх смеласці падчас пратэсту – вельмі абачлівай і асцярожнай. У выніку за мяжой апынуліся буяны (ды і тое не ўсе), а астатнія жывуць у Беларусі, як і іншыя беларусы.

Гэтае жыццё з высокім падаткам, і ўсе яго у той ці іншай форме плацяць. Абмежаванне свабод, забарона на інфармацыю, адсутнасць бяспекі і закона, уцягнутасць у вайну, неабходнасць узаемадзейнічаць з тымі, з кім узаемадзейнічаць не хочацца. Інакш у Беларусі жыць немагчыма.

Таму і навіны з беларускага футбола не надта здзіўляюць. Станіслаў Драгун, якому чынушы датэрмінова скончылі кар’еру, ладзіць акцыю (без іроніі, вельмі добрую і патрэбную акцыю) з выканкамам Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці. Аляксандр Гутар, які супраць гвалту і якому дома забаранілі прафесію, ганяе мяч з носьбітамі формы. Дзмітрый Молаш, які падаецца прыстойным чалавекам, ходзіць на клоўнска-рытуальныя мерапрыемствы і разважае пра патрыятызм (пры лукашызме ад гэтага слова цягне на ваніты). Патрыятычны камінг-аўт здзейсніў і Іван Біёнчык – адзін з самых цікавых трэнераў ЧБ.

Нельга сцвярджаць, што гэта ўсё робіцца пад прымусам, але незразумела, ці ёсць магчымасць адмовіцца. Дырыжорка з БДУ не захацела выступаць перад дзецьмі з так званага Данбаса – і, калі ласка, за краты. Любая адмова ад супрацы можа быць прыраўненая да несанкцыянаванага пікетавання. А можа і не быць прыраўненая. Хто яго ведае, як яно атрымаецца? Бо ў Беларусі можна страціць не толькі права на працу ў спорце, але і бізнес, і свабоду. Памер падатка, які дзярэ дыктатура, нічым не лімітаваны.

І ў такім становішчы аказаўся не толькі спорт. Дарослыя адукаваныя людзі, сярод якіх хапае свабодных у душы, усім офісам глядзяць прапагандысцкія фільмы ад лукашэнкаўскага тэлебачання. Пра партызанаў у Мачулішчах, пра нейкія няздзейсненыя «тэракты» і іншую лухту. Глядзяць і не могуць ні сысці, ні ўсміхнуцца, бо хочуць жыць і працаваць у Беларусі. А адзінае, чым сябе суцяшаюць, – гэта высновы, якія напрошваюцца з пабачанага: нават пад ціскам застаюцца людзі, якія гатовыя рызыкаваць сабой і дзейнічаць.

А іншы таварыш, не спартсмен, не так даўно пабываў у КДБ. Цікавіліся, каму і колькі данаціў. Кошт выхаду з сітуацыі – некалькі соцень баксаў. Крыўдна, прыніжальна? Як па мне, дык вельмі. Рабіў добрую справу, дапамагаў людзям. А колькі сёння беларусаў маюць патрэбу ў падтрымцы, бо мамы, бацькі ў турмах праз палітычныя рэпрэсіі. І вось замест таго, каб аддаць некалькі соцень долараў тым, хто сапраўды мае патрэбу, ты пераводзіш грошы на нейкі рахунак на загад вылюдкаў. Цалкам натуральнае жаданне беларуса жыць у Беларусі вымагае і такіх ахвяр.

Спартсмены, як і ўсе астатнія, таксама ахвяруюць. Ахвяруюць гонарам, сумленнем, магчыма, прынцыпамі, бо не ўсе ўмеюць жыць самотнікамі, як Павел Няхайчык. Ідэальных рэцэптаў у цяперашняй сітуацыі няма. Масавы паход да мяжы, усебеларускі страйк – прыгожая мара. Няўдзел у зле – занадта агульная фармулёўка.

Хаця, ведаеце, як мінімум для футбола ёсць ужо падрыхтаваны план дзеянняў. Вельмі просты і дасяжны для кожнага, хто гуляе ў вышэйшай лізе.

Гатовыя?

Гэтая беларуская «партызанка» не патрабуе гучных заяў, да дзеянняў у яе межах не падкапаецца ніводзін лукашэнкаўскі носьбіт судзейскай мантыі, рэжымны АМАП бездапаможна развядзе рукамі.

Задача кожнага сумленнага чалавека ў беларускім футболе, кожнага, каму абрыдла дыктатура, хто не пачуваецца баранам і хто хоча хоць нешта зрабіць насуперак, дык вось, яго задача – прыкласці ўсе высілкі, каб мінскае «Дынама» не стала чэмпіёнам. Цалкам выкладацца з гэтым супернікам на полі, змагацца з ясным разуменнем, што сёння ўвасабляе сабой гэты клуб. А ўвасабляе ён ні больш ні менш лукашэнкаўскую сістэму, якая знішчае не толькі незалежную Беларусь, але і беларускі футбол.

«Дынама» – гэта загад беларускаму футболу скарыцца, стаць на калені. Гэта спроба прызначыць патрэбнага чэмпіёна. Гэта ў чыстым выглядзе імкненне дагадзіць дыктатару, дзеля чаго – перакананы ў гэтым – была максімальна раскручаная справа «Шахцёра», быў прыбраны з прафесіі Анатоль Юрэвіч (каб гуру, які яшчэ нядаўна быў надзеяй на адраджэнне, больш не замінаў) і былі саслабленыя асноўныя канкурэнты. За выняткам Антона Пуцілы, які быў гатовы судзіць калег, не маю да дынамаўцаў вялікіх прэтэнзій, хаця…

Хаця варта звярнуць увагу на лёгкую неадэкватнасць іх галоўнага трэнера. Здзіўляе не толькі тое, як Вадзім Скрыпчанка наважваецца вярзці пра асалоду ад мірнага жыцця ў Беларусі на фоне ўкраінскіх падзей (уявіце, як кайфавалі немцы ў той час, як печы ў канцлагерах ужо дымелі, але нямецкія гарады яшчэ не пачалі бамбіць), дык ён дапускае і надта сумнеўныя выказванні ў дачыненні да калег.

Толькі стала вядома пра чорныя спісы, праз якія саслабілі БАТЭ, як Скрыпчанка развёў дэмагогію пра тое, што ў «Дынама» не збіраюцца шукаць прычын, якія перашкодзяць у дасягненні поспеху (ну так, «Дынама» ж страціла шмат гульцоў). «Мы ў роўных умовах», – на поўным сур’ёзе казаў Скрыпчанка. Ну вось уявіце, што вы неяк дамовіліся з Усэйнам Болтам выйсці на стаметроўку, а пасля ваш татка ўзяў ды адрэзаў яму ступак. Але забег усё роўна мусіць адбыцца, і вы на поўным сур’ёзе кажаце пра роўныя магчымасці.

А пасля вочнага матча з Барысавам Скрыпчанка, быццам у здзек над супернікам, разважаў пра ўплыў дасведчаных гульцоў у такіх супрацьстаяннях. Драгун, Бардачоў, Нячаеў з Бяссмертным – пф! Тактычнасць, прафесійная этыка? Не, не чулі. Калі б Кірыл Альшэўскі не вытрымаў і даў за такое ў вуха, цалкам бы яго зразумеў.

Змаганне з «Дынама» – ідэальны пратэст, які пры любым выніку ўсім пойдзе на карысць, у тым ліку з пункту гледжання прафесійнага майстэрства. Відовішча падвойнага прызначэння.

Кожная нічыя, кожная параза «Дынама» – гэта ўдар па лукашызму, а кожны мяч, які ўляціць у сетку мінскай каманды, – гэта смачная поўха па нахабнай самазадаволенай пысе так званага міністра спорту. Так-так, няўдача «Дынама» па выніках сезона – гэта і вялікі шанц пазбавіць беларускі спорт ад ёлупа, які ў апошнія гады яго разбурае, у тым ліку футбол (ну, вы разумееце, хто прыдумляе розныя абмежаванні і знаходзіць гора-выканаўцаў). Не факт, што на змену прыйдзе нехта лепшы (дакладна то будзе чарговы лукашэнкаўскі халуй), але ж паспрабаваць усё ж такі варта.

Хаця б для таго, каб падчас футбольнай барацьбы адчуць сябе вольным беларусам.

Іншыя пасты блога

Усе пасты