Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/Якія падставы верыць у новага боса АБФФ? Ды ніякіх! У яго нават Вяргейчыка няма, ды і кажа дзіўныя рэчы

Якія падставы верыць у новага боса АБФФ? Ды ніякіх! У яго нават Вяргейчыка няма, ды і кажа дзіўныя рэчы

Скепсіс да чыноўніка з «саўком» у душы і ягоных рэцэптаў.

24 сакавіка 2023, 18:13
Якія падставы верыць у новага боса АБФФ? Ды ніякіх! У яго нават Вяргейчыка няма, ды і кажа дзіўныя рэчы

Я адгадаю яго па першых трох нотах – лукашэнкаўскага чыноўніка з «саўком» у душы. Бадзёры і заліхвацкі, ён кажа:

– што трэба «пахать», прычым абавязкова да знямогі;

пра ролю ідэалогіі і патрыятызму, якога сёння (ах, як шкада) бракуе;

як крута было ў мінулым (о, так, там засталіся найлепшыя часы, але чамусьці толькі для нас, а не іншых).

Што ж, Беларускую федэрацыю футбола можна павіншаваць – яна выбіла поўны страйк. Замест артылерыста Базанава весці рэй будзе заатэхнік Шарснёў. На гэтую замену і так не было асаблівых спадзеваў, а пасля першых прамоў рэжымнага прызначэнца яшчэ больш стала ўсё зразумела.

Так павялося, што ў Беларусі падчас выбарчых кампаній не ў пашане праектны падыход (хаця бываюць выключэнні – Святлана Ціханоўская абяцала новыя выбары, але пакуль не атрымалася). То-бок людзі імкнуцца да пасады не для таго, каб ажыццявіць нейкія свае канкрэтныя задумы, а быццам каб усё адбудоўваць з нуля, прычым бестэрмінова і з неакрэсленым вымярэннем эфектыўнасці. Вось і Шарснёў збіраецца змяняць футбол да лепшага па ўсіх кірунках.

Пакуль – цалкам без канкрэтыкі. Ну так, спачатку трэба як мага больш зручна ўладкавацца ў скураным крэсле. Пасля разабрацца, што такое футбол. Пасля прыкінуць, што ў ім усё ж можна палепшыць з улікам тых абмежаванняў, што існуюць у Беларусі. Пасля – паспрабаваць задуманае ажыццявіць. Карацей, новы бос бліжэйшыя некалькі месяцаў дакладна будзе вельмі старанна думаць, паглыбляцца ў пытанне, а мы будзем спадзявацца, што ён народзіць нешта большае за мыш (у Базанава і мыш атрымалася кульгавай). Такія яны – выдаткі прызначэння чужаніц у складаныя сферы.

Шарснёў мог бы прыкрыцца сваёй камандай, калі б яна была. Але інтэлектуальны патэнцыял Дому футбола год ад году толькі бяднее. Нават Базанаву ў гэтым сэнсе было крыху прасцей, калі яго абіралі ў 2019-м. Тады побач быў Юрый Вяргейчык, і некаторыя яшчэ верылі ў яго здольнасці. Ну як жа – чалавек і гуляў, і трэнiраваў, і дырэктарам быў, прычым падаваў сябе як грунтоўны менеджар, бо ў Салігорску выдаткоўваў грошы не толькі на ўтрыманне каманды, але і на развіццё інфраструктуры. А многім жа так хацелася, каб футболам займаўся футбольны чалавек. Вяргейчык выглядаў такім-сякім апірышчам, крыніцай ідэй для палкоўніка. Гэта пасля высветлілася, што задумы ў большасці сваёй шкодніцкія, а сам Вяргейчык – фігура адыёзная і сацыяпатычныя. Але ў Шарснёва нават Вяргейчыка пад рукой няма – вось у чым праблема.

У намесніках – былы ахоўнік Лукашэнкі Ботнікаў, гаротнік Базанаў і экс-арбітр Васілевіч, які толькі паўтара года таму сышоў у менеджары і яшчэ ніяк не абазначыў свае таленты ў «Мінску», акрамя здольнасці прыслугоўваць ды ладзіць ідэалагічныя мерапрыемствы для справаздачы (нават танцы ў тыктоку закінуў, ну).

І хто тут новаму кіраўніку парадзіць? Нават Аляксандр Глеб у такой кампаніі выглядаў бы не самай недарэчнай фігурай, але, здаецца, ён вырашыў і далей гультаяваць. Мітынгам – так, сур’ёзнай працы – не. Досыць сумленная самаацэнка. А мог бы стварыць у Доме футбола секцыю рыбалоўства, а то з зыходам Вяргейчыка рыбацкая лінія абарвалася.

Пакуль, такое адчуванне, Шарснёў грабе сам і гаворыць тое, што думае. Напрыклад, яму, аказваецца, падабаецца ліміт на моладзь, як і абмежаванне па заробках у ЧБ – ну, ок. Спецыялістам, якія ўсё жыццё ў футболе, не падабаецца, а Шарснёву падабаецца.

На яго думку, Базанаў прарабіў каласальную працу, прычым асаблівы плюсік той заслужыў за «Канцэпцыю развіцця» белфутбола да 2028 года. Калі чалавек у 62 працягвае верыць у казкі, ды пры гэтым мае намер кіраваць, – тое насцярожвае. Бо мала таго, што дакумент сам па сабе вадзяністы, дык праз два гады, што мінулі з моманту ягонай прэзентацыі, ужо можна канстатаваць, што там прапісалі не планы, а выключна пажаданні, якія спраўджвацца і не збіраюцца. Але для Шарснёва гэта «фундаментальны дакумент, да якога можна звяртацца». Ну, хіба што каб парагатаць.

Зрэшты, пакуль функцыянер сам нагадвае казачніка, і мы разумеем, адкуль такая ролевая мадэль. То мы з лёгкасцю наладжваем вытворчасць айчыннай «Тэслы», то вынаходзім сваю вакцыну ад каранавіруса пасля таго, як пандэмія мінула, то развіваем самыя буйныя нанатэхналогіі. На складаныя пытанні даюцца спрошчаныя жыццесцвярджальныя адказы. Слухаючы іх, ты нават пачынаеш крыху верыць – ну, нельга ж так плявузгаць, чалавек жа не проста чэша языком. А пасля высвятляецца, што лёгка. І калі што – можна паўтарыць. Павялічыць масавасць сярод тых, хто займаецца, змяніць стаўленне з боку заўзятараў – чаму ў Шарснёва павінна атрымацца тое, што не атрымалася ў папярэднікаў? У чым сакрэт? Ён пакуль не кажа.

Затое ўжо прапісаў рэцэпт для зборнай. Ну так, стары добры саўковы рэцэпт: «пахать». Цікава было б зразумець, як гэта ў яго ўяўленні працуе. Давайце пераключымся для навочнасці на медыцыну. Вось ёсць няўмека-хірург. Хто ляжа да яго на стол, той памірае. А галоўны лекар і кажа: табе, браце, трэба больш аперацый праводзіць. Некарэктнасць параўнання палягае ў тым, што хірурга яшчэ можна давучыць на курсах падвышэння кваліфікацыі, а чакаць істотнага прагрэсу ад гульцоў зборнай (прынамсі, беларускай) ужо не выпадае, колькі б яны нi «пахали» (хаця, магчыма, аграрый ужывае гэтае слова ў літаральным сэнсе, але пры чым тут тады футбол?).

На развітанне з пасадай Базанаў агучыў глыбокую думку: «Прагрэс беларускага футбола немагчымы без кожнага з нас». Мне хочацца запярэчыць: прагрэс беларускага футбола немагчымы, пакуль у ім застаецца хаця б нехта з вас. Але ж такіх людзей толькі прыбывае.

Сардэчна вітаем, спадар Шарснёў!

Іншыя пасты блога

Усе пасты