Tribuna/Футбол/Блогі/«Порою блажь великая»/Шкурын выглядае фаварытам на званне футбаліста Беларусі-2023. Але ці шмат хто наважыцца яго назваць?

Шкурын выглядае фаварытам на званне футбаліста Беларусі-2023. Але ці шмат хто наважыцца яго назваць?

З найлепшым трэнерам усё вельмі невідавочна.

27 лістапада, 16:54
3
Шкурын выглядае фаварытам на званне футбаліста Беларусі-2023. Але ці шмат хто наважыцца яго назваць?

Калі без палітыкі, калі часова забыцца на ўчынак пасля выбараў-2020, калі ўявіць стэрыльную спартыўную сітуацыю, то Ілля Шкурын – дакладна кандыдат на званне найлепшага футбаліста Беларусі-2023. Бадай, нават фаварыт. У апошнія гады ў нас максімальна просты механізм вызначэння такога гульца: хто больш за ўсіх забіў – таго і тытул.

Няхай сабе ўзровень чэмпіянату абваліўся, няхай футбалісты з добра вядомым і досыць сярэднім патэнцыялам раптам пачалі выдаваць анамальную статыстыку, няхай гэтыя снайперы то ўспыхваюць, то згасаюць, але гэта не прымушае футбольную супольнасць адмовіцца ад падыходу з арыентацыяй на галы, бо болей і арыентавацца няма на што. Назвы замежных клубаў, за якія выступаюць беларусы, не ўражваюць, іхныя дасягненні там – таксама. Шкурын адпавядае і запыту на добрую статыстыку, і запыту на тое, каб беларус рабіў кар’еру за мяжой.

Так, Ліга Леўвіт (ізраільскі Д2) – гучыць не тое каб сексі, але да польскай Экстракласы пытанняў дакладна не мусіць быць. Гэта далёка не самы моцны еўрапейскі чэмпіянат, але ж у клубным рэйтынгу асацыяцый УЕФА, які складаецца на тле вынікаў прадстаўнікоў краін у еўракубках, займае 20-ы радок, Беларусь – 49-ы, нават ніжэй за Літву і Эстонію. З першага заходу Шкурын не змог сябе праявіць у Польшчы, але на сёння ён заўважная фігура ў чэмпіянаце. Проста цяпер з 8+5 ідзе другім у спісе бамбардзіраў турніра, наперадзе – толькі іспанец Эрык Эспасіта, які мае 12+3, але пяць мячоў забіў з пенальці (Шкурын – выключна з гульні).

На фоне суайчыннікаў Шкурын выгадна выглядае таму, што трымае ўзровень на працягу ўсяго года. За другую частку чэмпіяната Ізраілю выбіў 7+2 (роўна столькі ж было ў першай) і дапамог «Макабі» з Петах-Тыквы падняцца ў Д1, а сам стаў чацвёртым снайперам лігі. Пасля змены клуба ў Польшчы таксама ўсе складваецца паспяхова, прычым беларуса нельга назваць «мехабоем» – тым, хто робіць статыстыку на аўтсайдарах. «Пагоня» са Шчэцына атрымала ад яго тры, варшаўская «Легія» 1+2, «Заглембе» з Любіна 1+1 – не самыя простыя апаненты для «Сталі» з Мелеца, якая сама далёкая ад статусу фаварыта.

Новы трэнер зборнай Беларусі Карлас Алос загадаў вельмі простую загадку. Калі іспанец без імёнаў кажа, што ёсць футбаліст, якога ён хоча бачыць у складзе, але той сам адмовіўся выступаць за яе, то адказ тут відавочны. Толькі Шкурын публічна заявіў, што не будзе выступаць за зборную пры лукашэнкаўскім рэжыме. Словы трэнера – гэта прызнанне ад лаяльнага сістэме прафесіянала, якому хочацца мець нешта большае, чым нечаканыя зоркі ЧБ. У адрозненне ад іх, 24-гадовы віцяблянін не толькі праявіў сябе на Радзіме, але нешта сумеў давесці і за мяжой, хаця там здараліся і слабыя адрэзкі.

Але тут, канешне, існуе сур’ёзная праблема. Калі найлепшага футбаліста краіны будуць вызначаць, як раней, праз тэлефонную апытанку «Прэсбола», якi даўно ўвогуле нiчога пра Шкурына не пiша, з абнародаваннем звестак, хто каго назваў, ці шмат у нас адшукаецца адважных, хто агучыць прозвішча Iллi? Так, форвард мусіць быць як мінімум у тройцы, але ці не расцэняць дзесьці наверсе, у так званым мінспорту, напрыклад, такое вылучэнне як акцыю пратэсту, як праяву недобранадзейнасці? Калі не чапаць журналістаў, якія таксама ўдзельнічаюць у апытанні, мы даўно ведаем, што беларускі футбол – гэта не пра гераізм, а пра прыстасаванства.

Шкурыну ёсць больш бяспечныя альтэрнатывы, але ці лепшыя? Вось найбольш відавочныя варыянты.

На сёння – найлепшы снайпер ЧБ-2023 з 15 мячамі (яшчэ мае 5 асістаў). Праўда, большую іх частку забіў у першай палове сезона. Ад першага ж суперніка вылецеў з камандай з Лігі канферэнцый, але там сваімі 1+1 дапамог здабыць нічыю з «Жалезнічарам» (2:2). Выйшаў на поле ў 9 з 10 матчаў зборнай у еўракваліфікацыі. Голам паўдзельнічаў у першай перамозе над Косава і яшчэ забіў румынам (1:2). Але ад жніўня страціў у эфектыўнасці. За ўсю восень вызначыўся ўсяго тройчы, прычым два мячы заляцелі ў вароты «Смаргоні», якая была знішчаная 7:0.

Марозаў усяго на год маладзейшы за Шкурына, але заўважнай фігурай у белфутболе з’яўляецца толькі ад гэтага сезона (былі выбліскі ў «Руху» і «Іслачы», але не тое, каб вельмі яркія).

Андрэю Салаўю хапіла 18+7 за «Гомель» у сезоне-2021, каб стаць найлепшым футбалістам Беларусі, але ж «Гомель» тады не патрапіў нават у медалі.

Альтэрнатыва: 19-гадовы Ягор Карпіцкі спрытна настраляў за «Шахцёр» 12 мячоў у першай частцы сезона і ў статусе лідара снайперскай гонкі ўкаціў у Самару (Расія), дзе сёння ў асноўным сядзіць у запасе «Крылаў Саветаў». Магчыма, белфутбол наважыцца на шчодры аванс? Хаця з улікам жахлівых вынікаў моладзевай зборнай, дзе Карпіцкі, па ідэі, мусіць быць адным з лідараў, высокае прызнанне будзе вельмі паспешным.

Капітан чэмпіёнскай каманды, якая пры досыць высокай выніковасці наперадзе сама прапускала няшмат. Пры гэтым мае на рахунку пераможныя мячы ў вароты «Іслачы» і «Гомеля» – вельмі важных і складаных матчах другога круга. Асноўны гулец у зборнай, мае непасрэднае дачыненне да ейнага паспяховага адрэзку на фінішы еўракваліфікацыі. Умее выступаць у медыя, дзе часам агучвае праблемы, але ж стараецца канцэнтравацца на пазітыве. У свае 33 – заслужаны чалавек. Голас за Паліцевіча дакладна ні ў каго не выкліча пытанняў.

Гульцу ўсяго 29, а здаецца, што ён з намі бясконца доўга. З 13 мячамі ідзе другім у снайперскай гонцы ЧБ, лідар «Нёмана», які для многіх нечакана забраў срэбныя медалі. Добра пачуваецца ў родным Гродна і, здаецца, нікуды з’язджаць не збіраецца. Але і так збірае дасягненні. Ужо стаў найлепшым бамбардзірам у гісторыі «Нёмана», увайшоў у топ-6 найлепшых бамбардзіраў у гісторыі ЧБ. Магчыма, гэта самы просты варыянт для АБФФ – каб гульцом года стаў менавіта Савіцкі па сукупнасці заслуг, за адданасць беларускаму футболу (бо як легіянер праваліўся ў той жа Польшчы) і таму месцу, дзе нарадзіўся (і такія гісторыі патрэбныя). Плюс гэта будзе бонусам усяму Гродна за нездабытае чэмпіёнства. Пры гэтым увосень паўабаронца пераключыўся ў асноўным на асісты, а ў зборнай ён на двух апошніх зборах незапатбараваны Алосам.

Хтосьці яшчэ з-за мяжы

Можна да кучы і ад няма чаго рабіць прыглядзецца да Дзяніса Палякова, чый «Хапаэль» з Хайфы нядрэнна пачаў чэмпіянат Ізраіля-2023/24 (да абвяшчэння ваеннай паўзы ішоў другім па выніку пяці тураў), або да Макса Эбонга – адзінага прадстаўніка Беларусі ў групавым раўндзе еўракубкаў, дзе гуляе ў Лізе канферэнцый з «Астаной». Але нічога выбітнага ў 2023-м не прадэманстравалі ні першы, не другі. Асабліва калі параўноўваць са Шкурыным. Хіба што ў зборнай абодва сталі ключавымі выканаўцамі.

***

Каго б вы назвалі найлепшым гульцом Беларусі-2023? А каго найлепшым трэнерам? Тут таксама наспявае нестандартная сітуацыя. 47-гадовы Вадзім Скрыпчанка – чэмпіён кастрыраванага турніра, а 37-гадовы Аляксей Шпілеўскі ў 2023-м з «Арысам» вырваў золата на Кіпры і ўжо вядзе змаганне за тытул сезона-2023/24, плюс патрапіў з камандай у групу Лігі Еўропы. Праўда, Шпілеўскі даўно жыве з перакананнем, што на Радзіме ягоныя дасягненні нікога не цешаць. Ці не пабольшае ў яго ў бліжэйшы час падстаў так казаць? І ці не загаворыць тымі ж самымі словамі Шкурын?

Іншыя пасты блога

Усе пасты