Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Богі пакаралі? Толькі Кале Раванпэра і пазбег непрыемнасцей на Ралі Грэцыя

Богі пакаралі? Толькі Кале Раванпэра і пазбег непрыемнасцей на Ралі Грэцыя

13 верасня, 16:18
Богі пакаралі? Толькі Кале Раванпэра і пазбег непрыемнасцей на Ралі Грэцыя

Фота: wrc.com

Дзейсны чэмпіён свету па ралі з каманды Toyota ў мінулы ўік-энд на грэчаскім этапе WRC быў не самым хуткім, затое самым удачлівым. Пакуль яго канкурэнты развітваліся з надзеямі на перамогу праз разнастайныя праблемы, малады фін проста выконваў сваю працу, і якраз ён перамогу і атрымаў. Зрэшты, і хуткасцю Кале бліснуў таксама.

Украінскія ваяры сёння бліскаюць сваім неверагодным гераізмам, і патрабаваць ад іх яшчэ і хуткасці могуць толькі карысныя ідыёты. Жыццё кожнага абаронца Украіны мае найвышэйшую цэннасць, і лепей захаваць яго, чым займацца нікому непатрэбнай гонкай. Ад акупантаў усё роўна будуць вызваленыя і ўкраінская, і беларуская зямля, а ваенныя злачынцы панясуць адказнасць. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вось гоншчыкі гонкамі хай займаюцца – гэта правільна і гэта мы любім. Такіх спаборніцтваў кожны ўік-энд багата, прычым не толькі шашэйна-кальцавых. У мінулыя ў Грэцыі выхадныя прайшоў і чарговы этап чэмпіянату свету па ралі, на якім было шмат падзей, а лідар мяняўся неаднаразова. Усё ж такі, Ралі Акропаля, якое таксама называюць ралі багоў, славутае сваёй непрадказальнасцю.

На каго антычныя богі раззлаваліся напярэдадні гонкі, невядома, але сэрвіс-парк у Ламіі яны палівалі зверху ад душы. Арганізатарам нават прыйшлося адмяніць шэйкдаўн, таму суперспэшл на вуліцах Афін у чацвер увечары стаў першым выездам на трасы для ўдзельнікаў гонкі. Лідарства, дарэчы, на ім захапіў якраз Раванпэра, але на наступны дзень, калі гоншчык Таёты адкрываў ужо гравійныя трасы, ён хутка саступіў першую пазіцыю сваім канкурэнтам.

Наперадзе адразу апынуліся і прадстаўнік Hyundai Цьеры Нэвіль, які выйграў Ралі Грэцыя летась і стаў лідарам гонкі цяпер, і чэмпіён 2019 года з M-Sport Ford От Цянак, і васьміразовы чэмпіён і партнёр Кале па камандзе Себасцьен Аж’е. Але эстонец з кола прэтэндэнтаў на перамогу выбыў ужо перад чацвёртым спецучастку, калі на яго Puma Rally1 выйшла з ладу вадзяная помпа. Эстонец разам са сваімі механікамі дваццаць дзве хвіліны ўхіляў паломку, спазніўся на старт і атрымаў за гэта штраф у 3 хвіліны 40 секунд.

Не абышлося без праблем і ў Нэвіля. На шостым спецучастку, апошнім з пятнічных, на яго i20 N Rally1 стаў праслізгваць задні дыферэнцыял, праз што бельгіец не мог нармальна разганяцца на першых трох перадачах. Так што далёка ад Аж’е ў яго адарвацца не атрымалася – француз па выніках дня адставаў ад яго ўсяго на 2,8 секунды. Задача перад суботай простай не выглядала, што і пацвердзілася раніцай. Перамогай на сёмым спецучастку дзень адкрыў Раванпэра, які ўсё роўна адставаў ад Цьеры болей чым на дваццаць секунд, аднак Себасцьен усё роўна быў хоць і крыху, але хутчэйшым за гоншчыка Hyundai і перахапіў у яго лідарства.

З адказам Нэвіль не цягнуў і контратакаваў ужо на наступным допе, вярнуўшы першую пазіцыю сабе. На дзявятым спецучастку ён нават адарваўся ад Аж’е амаль на адзінаццаць секунд, але доўгай яго радасць не была – ужо пасля сэрвісу на дзясятым допе скончылася і яго шанцаванне. Выпрабаванняў не вытрымала пярэдняя падвеска аўтамабіля Цьеры, пасля чаго гонка для яго фактычна скончылася. Лідарам ізноў стаў Аж’е, які апярэджваў Раванпэру на дванаццаць секунд, але…

Апошні з суботніх дванаццаты спецучастак аказаўся занадта жорсткім ужо для задняй падвескі GR Yaris Rally1 Себасцьена, што таксама прывяло да сходу з дыстанцыі. Як і Нэвіль, ён вярнуўся на наступны дзень па сістэме Rally 2, аднак змагаўся толькі за бонусныя ачкі. Праблемы ў яшчэ аднаго таётаўца, галоўнага на дадзены момант канкурэнта Раванпэры ў змаганні за тытул Элфіна Эванса на гэтым фоне выглядалі дробязямі, хоць такімі зусім не былі.

На дзявятым спецучастку праз пашкоджанне радыятара пачаў на Ярысе валійца пачаў перагравацца рухавік, праз што гоншчык вымушаны быў фінішаваць толькі на электрычным прывадзе. Механікі на сэрвісе праблему ўхілілі, замяніўшы пашкоджаную дэталь, але пра спрэчку за перамогу гаворка для Элфіна больш не ішла. Мяжой яго мар стала другое месца, якое яшчэ трэба было адваяваць у канкурэнта з Hyundai Дані Сорда.

Іспанец у сваю чаргу саступаў Раванпэры, які нарэшце вярнуўся на першую пазіцыю, болей дзвюх хвілін, таму ў нядзелю Кале мог дазволіць сабе расслабіцца. Што ён, у прынцыпе, і зрабіў, дазволіўшы пераследнікам наблізіцца да сябе. Хаця на фінальным суперспэшле перамогай фін усё ж адзначыўся, зарабіўшы пяць бонусных ачкоў. Галоўнае для яго, зрэшты, што яму дасталіся і асноўныя 25 за перамогу на ралі – цудоўны адыгрыш пасля няўдачы на пяпярэднім хатнім Ралі Фінляндыя.

Эванс жа здолеў такі вырваць у Сорда другое месца, апярэдзіўшы іспанца на 4,2 секунды. Яго адставанне ад Раванпэры склала болей за паўтары хвіліны, а ў чэмпіянаце Элфін, займаючы таксама другую пазіцыю, саступае свайму партнёру па камандзе 43 ачкі. У самога Кале іх цяпер роўна 200. Нэвілю ўдалася захаваць трэцюю пазіцыю, але ён са 134-ма ачкамі ўжо сур’ёзна адстае ад лідара і не прэтэндуе на перамогу ў чэмпіянаце.

Toyota, якой 430 ачкоў, упэўнена ўзначальвае залік вытворцаў, на дзевяноста адзін бал апярэджваючы Hyundai. M-Sport Ford мае 220 ачкоў і замыкае першую тройку і ўласна камандны залік, але ён у агляднай перспектыве можа пашырыцца. Як паведаміў у нядаўнім інтэрв’ю брытанскім жырналістам прэзідэнт FIA Мохамед бэн Сулайем, з карпарацыяй Fuji Heavy Industries вядуцца перамовы наконт вяртання ў чэмпіянат свету па ралі завадской каманды Subaru.

Што сваёй гібрыднай сілавой устаноўкі, якая адпавядае рэгламенту Rally1, у «Плеяд» няма, бядой не ёсць – карпарацыя Toyota, якая валодае значнай часткай акцый Subaru, гатовая дапамагчы. Тым больш што кіраўнік японскага аўтагіганту Акіа Таёда гонкі наогул і ралі ў прыватнасці вельмі любіць. Ну і WRC – гэта не Формула 1, новага (дакладней, старога новага) удзельніка тут вітаюць усе цяперашнія. Таму чакаем яшчэ добрых навін.

Падобным на такі ў галоўнай катэгорыі, сцэнарый грэчаскага ралі быў і ў малодшай WRC2. Практычна ўсю пятніцу там лідзіраваў француз Адрыен Фурмо, але яго назад адкінуў пракол шыны на яго Ford Fiesta Rally2. Лідарства перахапіў і ўтрымліваў яго да нядзелі Гас Грынсміт, пакуль на яго Škoda Fabia RS Rally2 не ўзніклі праблемы з трансмісіяй.

У выніку брытанец саступіў першую пазіцыю Андрэасу Мікельсэну, які ў першы дзень злавіў ажно тры праколы. Затое яго Шкода адпрацавала без непаладак, дзякуючы чаму яе ўладальнік атрымаў важную перамогу. Грынсміт здолеў фінішаваць другім, трэцяе месца заняў француз Йохан Русэль на Citroën C3 Rally2.

У катэгорыі WRC3 і ў моладзевым чэмпіянаце свету ўсе ўдзельнікі стартуюць на аднолькавых Ford Fiesta Rally3, таму залікі тут часткова перасякаюцца. Паўночнаірландзец Вільям Крэйтан выступае ў абодвух, аднак за тытул змагаецца толькі ў JWRC. Дакладней, змагаўся да Грэцыі, дзе і заваяваў яго, хаця фінішаваў толькі пятым.

Выступіць лепей яму перашкодзіла пашкоджанне радыятара ў пятніцу раней, але ў яго галоўнага канкурэнта Ларана Пелье на наступны дзень адмовіла скрыня перадач, праз што француз сышоў з дыстанцыі. Перамогу ж атрымаў парагваец Дыега Дамінгес, якога праблемы па ходу ралі абышлі бокам. Ён працягвае барацьбу за тытул у WRC3 з бельгійцам Томам Рэнзанэ, які ў Грэцыі заняў другое месца. На ніжнюю ступень подыуму падняўся перуанец Эдуарда Кастра.

Наступным этапам чэмпіянату свету стане Ралі Чылі, якое ў гэтым годзе вярнулася ў каляндар. Яно пройдзе 28 верасня – 1 кастрычніка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты