Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Сцены ізноў не дапамаглі. Хатняе для Раванпэры Ралі Фінляндыя выйграў не сам Кале, а Элфін Эванс

Сцены ізноў не дапамаглі. Хатняе для Раванпэры Ралі Фінляндыя выйграў не сам Кале, а Элфін Эванс

Сцены ізноў не дапамаглі. Хатняе для Раванпэры Ралі Фінляндыя выйграў не сам Кале, а Элфін Эванс

Фота: wrc.com

Як ні дзіўна, дзейсны чэмпіён свету па ралі па-ранейшаму не мае ў актыве перамог на сваёй радзіме. А апошняе Ралі Фінляндыя наогул скончылася для гоншчыка Таёты няўдачай. Прыйшлося адыгрывацца яго брытанскаму партнёру па камандзе.

Сямнаццаць гадоў таму цывілізаваны свет праглынуў агрэсію Расіі супраць Грузіі. У 2014-м ён праглынуў і анэксію Крыма, канчаткова разбэсціўшы расійскага дыктатара, які ў 2022-м звар’яцеў канчаткова і распачаў поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Свет яшчэ можа паказаць сваю цывілізаванасць і прыхільнасць прынцыпам, а не баблу, калі дасць Украіне ўсё неабходнае, каб вызваліцца ад варожай навалы. А без расійскага нядоўга працягне і дыктатар, што апанаваў беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Не самыя вялікія Эстонія і Фінляндыя добра памятаюць, чым некалі для іх скончыўся прыход да іх рускага свету. Пры першай жа магчымасці абедзве краіны пабудавалі ўласныя моцныя дзяржавы і цяпер ім нішто не перашкаджае ў тым ліку прымаць у сябе этапы чэмпіянату свету па ралі. У якім, дарэчы, і тая, і тая маюць сваіх славутых прадстаўнікоў.

Хіба што на хатніх этапах ім у гэтым годзе не пашанцавала. Чэмпіён 2019 года От Цянак на папярэднім – і сваім хатнім – Ралі Эстонія выбыў з ліку прэтэндэнтаў не тое што на перамогу, а хоць на які-небудзь выразны вынік пасля выхаду з ладу рухавіка яго Ford Puma Rally1 яшчэ падчас шэйкдаўна і атрыманага за гэта штрафу ў пяць хвілін. Ралі Фінляндыя ў мінулы ўік-энд пачалося для Ота лепей, і на першых двух спецучастках (у чацвер і пятніцу) эстонец нават спаборнічаў за лідарства з канкурэнтамі з Таёты – якраз Кале Раванпэрай і Элфінам Эвансам.

Але ўжо на трэцім допе От сышоў з дыстанцыі, калі матор на яго аўтамабілі ізноў адмовіў усяго праз сем кіламетраў пасля старту. Гоншчык M-Sport Ford застаўся толькі з электрычным прывадам і неяк дацягнуў да канца допа, але на старт наступнага ўжо не выйшаў. Мала таго, на тым жа спецучастку зброю склаў і партнёра Цянака па камандзе П’ер-Луі Лубэ, які зламаў заднюю падвеску сваёй машыны аб камень, калі шырока атакаваў адзін з правых паваротаў.

Пасля гэтага Раванпэра перахапіў лідарства на сваім хатнім ралі, але і Кале яго скончыў датэрмінова, патрапіўшы ў аварыю на дванаццатым кіламетры восьмага спецучастку. Экіпаж, на шчасце, не пацярпеў, але магчымасці парадаваць сваіх суайчыннікаў усё роўна пазбавіўся. Таму Эванс вырашыў парадаваць главу карпарацыі Toyota Акіа Таёду, які прысутнічаў на Ралі Фінляндыя. Валіец пасля таго, як выбыў Раванпэра, узяў ініцыятыву ў свае рукі і прынёс камандзе перамогу.

Прыемныя эмоцыі спадару Таёдзе, дарэчы, прынёс не толькі Элфін. Нядрэнна выступіў і японец Такамота Катсута, які ў чацвёрты раз у кар’еры падняўся на подыум, фінішаваўшы трэцім. А першую пяцёрку замкнуў бос каманды Яры-Маці Латвала, для якога гэтае ралі таксама было хатнім і які з гэтай нагоды вярнуўся за стырно гоначнай машыны. Яшчэ адзін фін Цеэму Сунінен, які выступае за Hyundai, заняў чацвёртае месца, хаця да апошняга бароўся з Катсутай за трэцяе. Другім жа фінішаваў яго партнёр па камандзе Цьеры Нэвіль, які таксама правёў нядрэнную гонку, але барацьбы Эвансу за перамогу навязаць не здолеў.

У чэмпіянаце бельгіец, у якога 134 ачкі, застаўся трэцім. Эванс у сваю чаргу захаваў другую пазіцыю, але пры гэтым заўважна наблізіўся да Раванпэры, і са 145-цю баламі саступае фіну дваццаць пяць. У заліку вытворцаў без змен – Таёта ўпэўнена лідзіруе, маючы 378 ачкоў. Hyundai з 311-цю баламі на другой пазіцыі, трэцюю займае M-Sport Ford, у якога 205 балаў.

Дзе фіны парадавалі фінскіх заўзятараў, дык гэта ў малодшых катэгорыях. У WRC2 перамогу атрымаў Самі Паяры на Škoda Fabia RS Rally2. 20-гадовы гоншчык дамінаваў практычна ўвесь уік-энд, але праз пракол у пятніцу раніцай саступіў лідарства свайму суайчынніку на такім жа аўтамабілі Яры Хутунену. Але той пазней сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы, і першым ізноў стаў Паяры.

Француз Адрыен Фурмо падсаладзіў горкае частаванне M-Sport Ford у Фінляндыі, фінішаваўшы на сваёй Fiesta Rally2 другім. На ніжнюю ступень подыуму падняўся расіянін на Шкодзе Мікалай Гразін, які праз ваенныя злачынствы сваёй краіны вымушаны выступаць на міжнароднай арэне пад нейтральным сцягам.

Лепшым сярод удзельнікаў WRC3, якія ўсе выступаюць на аднолькавых Ford Ford Fiesta Rally3, стаў Бэнджамін Корхала. Нягледзячы на праблемы з тармазамі, які перашкаджалі яму ў суботу і нядзелю, ён не падпусціў на адлегласць атакі свайго суайчынніка Йэсэ Каліа – той заняў другое месца. Трэцім ралі скончыў чэх Філіп Кон.

Як і многія іншыя гоначныя серыі, WRC бярэ месячную паўзу (не першую, зрэшты). Наступным этапам стане легендарнае грэчаскае Ралі Акропаліс, якое пройдзе 7-10 верасня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты