Tribuna/Футбол/Блогі/Политика и спорт/За сваю пазіцыю Герасіменя заплаціла вельмі шмат: закрылі бізнэс, адабралі дом, а зараз яшчэ арыштавалі кватэру і іншую маёмасць (але гэта не дакладна)

За сваю пазіцыю Герасіменя заплаціла вельмі шмат: закрылі бізнэс, адабралі дом, а зараз яшчэ арыштавалі кватэру і іншую маёмасць (але гэта не дакладна)

Не журыцца.

Аўтар — bytribuna com
26 снежня 2022, 19:14
За сваю пазіцыю Герасіменя заплаціла вельмі шмат: закрылі бізнэс, адабралі дом, а зараз яшчэ арыштавалі кватэру і іншую маёмасць (але гэта не дакладна)

26 снежня быў вынесены першы ў краіне "завочны" прысуд: у якасці "абвінавачаных" дыстанцыйна, без прысутнасці ў так званым судзе, выступілі трохразовая алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя і заснавальнік гандбольнага клуба "Віцязь" Аляксандр Апейкін. Герасіменю як экс-кіраўніцу Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці і Апейкіна як выканаўчага дырэктара арганізацыі "прызналі вінаватымі" ў закліках да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы сістэме Лукашэнкі.

Рэжым вырашыў, што ў пераносе з краіны чэмпіянату свету па хакеі, чэмпіянату свету па пяцібор'і і чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку (усе павінны былі прайсці ў 2021 годзе) вінаватыя менавіта Герасіменя і Апейкін. Таксама на іх як на кіраўнікоў фонду быў пададзены грамадзянскі пазоў: у якасці «пацярпелых» выступалі беларускія федэрацыі хакея, пяцібор'я і веласпорту, а таксама дзяржустанова «Белспортзабеспячэнне», якая адказвае за правядзенне ў Беларусі міжнародных турніраў. Агульная «шкода» была вылічана з дакладнасцю да капейкі і склала 853575 рублёў і 90 капеек (больш за 330 тысяч долараў).

У выніку так званая суддзя Мінгарсуда Святлана Бандарэнка прызнала абодвух «вінаватымі» і вынесла «прысуд» тэрмінам па 12 гадоў пазбаўлення волі кожнаму: Герасімене - ва ўмовах агульнага рэжыму, а Апейкіну - узмоцненага.

Грамадзянскі пазоў быў задаволены на суму больш за 700 тысяч рублёў. Але, мяркуючы па ўсім, плаціць - ці то рэальна, ці то віртуальна - давядзецца Герасімене. Менавіта яе маёмасць арыштаваў або выявіў намер арыштаваць псеўдасуд для нібыта кампенсацыі страт - а вось у Апейкіна, такое адчуванне, нічога няма.

Герасіменя за сваю грамадзянскую пазіцыю ўжо заплаціла вельмі шмат. Нават без адседкі ў турме.

Вось што пастанавіла арыштаваць у легендарнай спартоўкі "суддзя" Бандарэнка:

· кватэру на вуліцы Філімонава з машына-месцам,

· аўтамабіль Land Rover 2018 года выпуску (хоць па нашай інфармацыі, аўто зараз знаходзіцца за мяжой),

· два мабільныя тэлефоны,

· халадзільнік,

· два тэлевізары,

·акустычную сістэму,

· духавая шафа ,

· грошы на банкаўскім рахунку ў памеры каля 49 тысяч долараў (ці ёсць яны там, ці прымроіліся "суддзі", дакладна невядома).

Да гэтага, нагадаем, плыўчысе давялося закрыць свой бізнэс праз ціск чыноўнікаў - у Аляксандры была ў Мінску школа плавання.

Пазней у яе забралі ўчастак з домам у мінскіх Драздах па надуманых прычынах. Кошт гэтай страты нават цяжка ацаніць. Бо проста голы ўчастак у Драздах на 15 сотак каштуе прыкладна 400 тысяч долараў.

Сама Герасіменя ўжо адрэагавала на імітацыю правасуддзя ад прыслугі Лукашэнкі

- Пачыталі прысуд, пасмяяліся, і працягнулі далей святкаваць. Як гаворыцца, завочна вы мяне можаце нават расстраляць, - напісала Герасіменя.

Фота: Onliner

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты