Пакуль БАТЭ ў заняпадзе, яго экс-гульцы зрабілі гісторыю ў Сербіі: Мілунавіч і Іваніч скончылі сезон без параз на унутранай арэне
А яшчэ выдалі топ-статыстыку.
28 траўня БАТЭ працягнуў сваю сумную серыю: каманда Кірыла Альшэўскага саступіла «Тарпеда-БелАЗ» (0:2) у фінале Кубку Беларусі – пяты матч запар барысаўчане не зазнаюць перамогі.
А тым часам у Сербіі экс-футбалісты БАТЭ Мірка Іваніч і Няманья Мілунавіч, якія бліскалі ў ЧБ з 2015 па 2018 год, усталявалі ўнікальнае дасягненне: 25 траўня іх «Црвена Звезда» перамагла ў Кубку, абгуляўшы «Чукарычкі» (2:1), а 28 траўня згулялі ўнічыю апошні матч сербскага чэмпіянату супраць «Нові Пазар» (2:2) – такім чынам, клуб з Белграда скончыў сезон без параз на ўнутранай арэне.
Акрамя таго, 41 матч, з якіх 34 скончыліся перамогай і яшчэ 7 – унічыю, забяспечылі «Црвене» тытул чэмпіёнаў Сербіі (і групавы этап Лігі чэмпіёнаў), а таксама згаданую перамогу ў Кубку краіны.
Што тычыцца статыстыкі экс-гульцоў БАТЭ: на рахунку Мірка Іваніча 11+15 па «гол+пас» у 41 матчы, у Няманьі Мілунавіча – 1 гол у 31 матчы.
Такі вось розны лёс.