Хацкевіч і Залеўскі дапамаглі збору для ўкраінскіх вайскоўцаў: згулялі ў дабрачынным матчы і набылі каштоўны лот
Колькасць зорак зашкальвае.
Вядомы ў мінулым футбаліст кіеўскага «Дынама» і зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч і былы генеральны дырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі ўзялі ўдзел у дабрачынным матчы ў падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй. Гульня праходзіла пад сімвалічнай назвай «54» ў чэшскай Празе (столькі гадоў прайшло з уторгнення СССР у Чэхаславакію), а яе арганізатарам выступіў гуманітарны штаб «Рестовратор. Картопляне військо»:
– Наша мэта – сабраць сродкі на турнікеты для штурмавікоў на Такмакскім напрамку, – заявілі ў арганізацыі.
Акрамя беларусаў удзел у матчы прымалі такія зоркі, як украінцы Андрэй Варонін, Сяргей Рэброў, чэхі Ян Коллер (найлепшы бамбардзір у гісторыі зборнай), Уладзімір Шміцэр, Карэл Паборскі, Томаш Ржэпка і іншыя. Гульня праходзіла пад лозунгам «Два злачынствы – адзін злачынца».
Акрамя дабрачыннага матчу быў праведзены аўкцыён, на якім беларусы набылі вельмі каштоўны лот: майка Андрэя Шаўчэнкі з аўтографамі Пеле, Ігара Беланава, Алега Блахіна. Нагадаем, украінца Шаўчэнка, Беланаў і Блахін з'яўляюцца ўладальнікамі «Залатога мячу».