Tribuna/Футбол/Блогі/Дзіўная адстаўка ван Ністэлроя за тур да канца сезона: гульцы ПСВ паскардзіліся на легенду босам, а затым канфлікт злілі ў СМІ

Дзіўная адстаўка ван Ністэлроя за тур да канца сезона: гульцы ПСВ паскардзіліся на легенду босам, а затым канфлікт злілі ў СМІ

Будуць змагацца за пуцёўку ў ЛЧ ужо без Руда.

25 траўня, 11:33
Дзіўная адстаўка ван Ністэлроя за тур да канца сезона: гульцы ПСВ паскардзіліся на легенду босам, а затым канфлікт злілі ў СМІ

Нечаканая навіна з Нідэрландаў – Руд ван Ністэлрой сышоў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера ПСВ. Прычыны для таго, каб не працягваць супрацу з ім, у клуба былі – гэта і вылет ад «Рэйнджэрс» у кваліфікацыі ЛЧ на старце сезона, і тое, што клуб не змог скарыстацца крызісам «Аякса» напоўніцу і навязаць сур'ёзную барацьбу за чэмпіёнства.

Аднак не гэта стала прычынай развітання – ван Ністэлрой сышоў сам. У афіцыйнай заяве клуба наўпрост пазначана, што ён звольніўся «ў сувязі з недастатковай падтрымкай ўнутры клуба».

Гэтаму папярэднічалі насычаныя дні ў Эйндховэне – дзесьці на ўзроўні дэтэктыва.

Шэсць футбалістаў пайшлі скардзіцца на ван Ністэлроя кіраўніцтву, пра гэта даведаліся СМІ – Руду гэта не спадабалася

У мінулую нядзелю, 20 траўня, нідэрландскае выданне De Telegraaf паведаміла, што шэсць гульцоў клуба арганізавалі сустрэчу з генеральным менеджарам ПСВ Марсэлем Брандсам і тэхнічным дырэктарам Эрні Сцюартам, каб паскардзіцца на працу ван Ністэлроя. У прыватнасці, ім не спадабаліся шэраг тактычных рашэнняў трэнера і змены ў трэнерскім штабе клуба. Адзначаецца, што размова была не з лёгкіх.

Таксама адной з тэм былі адносіны паміж ван Ністэлроем і яго асістэнтамі Андрэ Оерам і Фрэдам Рутэнам, якія таксама паралельна сапсаваліся – абодва сыдуць з клуба па завяршэнні сезона. Гульцам не падабалася, што гэта псуе атмасферу.

«Расчараванне сітуацыяй, якая выплыла з размовы, не магло застацца без увагі», – адзначала выданне ў сваім матэрыяле.

23 траўня тое ж выданне паведаміла імёны двух з шасці футбалістаў, якія нібыта былі на гэтай сустрэчы: Люк дэ Ёнг і Хаві Сіманс.

Адносна апошняга ўжо ўзнікла пабочная гісторыя – бо пасля інфармацыі пра вызваленне ван Ністэлроя Сіманс публічна ў твітары падзякаваў яму: «Дзякуй, што зрабіў мяне лепшым гульцом і дапамог ажыццявіць адну з маіх мар – трапіць у нацыянальную зборную. Навекі ўдзячны. Удачы ў будучыні, містэр!»

Гэта выглядае дзіўна на фоне інфармацыі пра яго ўдзел ў размове. Аднак клубны аўтар мясцовага выдання Eindhovens Dagblad запярэчыў, што Сіманс браў удзел у той сустрэчы. «Гэта не «пасланне Юды», наадварот. Сіманса не было сярод тых, хто скардзіўся. Гэта толькі дзікія здагадкі, і яго імя недзе выцекла. Гэта шчырае паведамленне падтрымкі ван Ністэлрою».

Яшчэ ўвечары 23 траўня ван Ністэлрой планаваў адпрацаваць апошні тур, але 24-га ўжо сышоў з клуба з канцамі

Пасля ўцечкі інфармацыі і ван Ністэлрою, і Брандсу са Сцюартам было пра што пагаварыць. Абодва бакі былі незадаволеныя сітуацыяй – кіраўніцтва атрымала інфармацыю ад гульцоў, якую нельга было пакідаць без рэакцыі, ван Ністэлроя раззлавала тое, што інфармацыя пра гэтую сустрэчу «за спінай» у яго не засталася ў рамках клуба і стала публічнай.

У рэшце рэшт, па звестках Voetbal International, ван Ністэлрой ўвесь сезон адчуваў недахоп падтрымкі ўнутры клуба – у прыватнасці, быў не ў захапленні ад продажу Кодзі Гакпа і Ноні Мадуэке пасярод сезону. Акрамя таго, аднаму з яго асістэнтаў у штабе нібыта забаранілі знаходзіцца ў тэхнічнай зоне падчас матчаў, таму што ён быў «занадта дамінантным».

Брандс, праўда, на прэс-канферэнцыі пасля звальнення аспрэчыў, што ў клубе не падтрымлівалі трэнера (нібыта ён мог сказаць нешта іншае): «Мы далі яму адчуць, што падтрымліваем яго і стаім за ім, я не магу ўявіць, што ў яго не было такога адчування».

Як-ніяк, а ўвечары 23 траўня ван Ністэлрой і кіраўніцтва правялі сустрэчу – і нібыта пагадзіліся, што трэнер дапрацуе сезон (застаўся матч з АЗ) і пасля таго сыдзе з клуба. Аднак ван Ністэлрой паспаў – і вырашыў сысці, не чакаючы матчу.

Цяпер камандай у гульні, якая можа вырашыць лёс пуцёўкі ў ЛЧ («Аякс», які адстае ў табліцы на 3 пункты, будзе гуляць з «Твэнтэ» і мае лепшую розніцу мячоў), будзе кіраваць вышэйзгаданы Фрэд Рутэн. І таксама без матывацыі – бо па завяршэнні сезона таксама сыдзе з клуба.

А ван Ністэлрой сыходзіць з клуба з двума першымі трэнерскімі трафеямі – узяў Кубак і Суперкубак Нідэрландаў.

Фота: IMAGO/Norbert Scanella/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты