Tribuna/Футбол/Блогі/Нечаканы паляк у МЮ: трэнаваўся з Раналду, натхняецца Пагба, мог патрапіць у «Сіці» ці «Ліверпуль»

Нечаканы паляк у МЮ: трэнаваўся з Раналду, натхняецца Пагба, мог патрапіць у «Сіці» ці «Ліверпуль»

Прадстаўляе Польшчу дзякуючы спецыяльнай праграме пошуку талентаў мясцовай федэрацыі.

26 траўня, 14:41
1
Нечаканы паляк у МЮ: трэнаваўся з Раналду, натхняецца Пагба, мог патрапіць у «Сіці» ці «Ліверпуль»

За юнацкія зборныя Польшчы ўжо пэўны час гуляе народжаны ў Англіі этнічны нігерыец – Максіміліян Аедэле (адгукаецца на Максі Аедэле, так яго будзем далей і называць).

У польскіх СМІ вакол яго хайп – калі не на ўзроўні маладога Гаві, то блізка да таго: у траўні мінулага года гулец падпісаў свой прафесійны кантракт з «МЮ». Для разумення – сярод загалоўкаў у матэрыялых польскіх медыя, якія прыйшлося прачытаць пры напісанні тэксту, былі «Запомніце гэтае прозвішча» і «Д'ябальскі талент».

Чаго ён ужо дабіўся ў складзе «чырвоных д'яблаў» і чаму абраў менавіта зборную Польшчы – распавядаем.

Трэнаваўся з Раналду, стварыў знакавае фота, прэтэндаваў на гол сезона ў клубе, за які гуляў у арэндзе

Выбар клуба ў тады яшчэ дзіцяці-футбаліста быў не самым простым. Бацька Максі распавядаў польскаму TVP Sport, што хлопца праглядалі адразу «МЮ», «Ман Сіці» і «Ліверпуль». Аедэле сам распавёў, як і чаму апынуўся ў «МЮ» – дапамог выпадак і лагістыка: «Уласна, усё тады пераваблівала мяне ў «МЮ». Дзіцем быў на праглядзе ў некалькіх клубах, таму мог выбіраць. Тут з самага пачатку адчуваў сябе найлепш, а гульня і трэнаванні пакінулі прыемнае ўражанне. Усе былі да мяне прыязныя. Да таго ж «Юнайтэд» быў бліжэй за ўсё да дома».

Ужо ў МЮ ён атрымаў свой першы трафей – перамогу ў юнацкім Кубку Англіі сезона 2021/22. Малады апорнік не адзначыўся рэзультатыўнымі дзеяннямі ў фінале (што лагічна для яго), аднак выйшаў на замену і адгуляў 26 хвілін супраць юнакоў «Нотынгем Форэст».

А пасля матчу – разам з партнёрамі па камандзе стварыў рэмэйк фатаграфіі з папярэдняй перамогі «МЮ» у турніры, калі за юнацкую каманду яшчэ гулялі Джэсі Лінгард і Поль Пагба (калі цікава, то злева сядзіць Раян Танікліф, справа – Равел Морысан).

Фатаграфію ў інстаграме Пагба, удзельнік папярэдняга фота, тады зацаніў! Гэта асабліва прыемная навіна для Аедэле – ён сам прызнаваўся, што французскі паўабаронца – яго кумір (тут усе палякі, відаць, спадзяюцца, што гаворка не пра версію Поля гэтага сезона):

«Нават меў магчымасць пазнаёміцца з ім. Быў тады пад уражаннем! Люблю глядзець за яго гульнёй, таму што мне падабаецца, як ён гуляе, і я дзіўлюся яго здольнасцям. Апроч таго, гуляю на той жа пазіцыі і лічу, што магу шмат чаму ў яго навучыцца».

Перамога ў Кубку стала не адзіным знакавым момантам у траўні 2022-га – тады ж «МЮ» прапанаваў прафесійны кантракт. А ўжо восенню мінулага года Эрык тэн Хаг далучыў яго да аднаго з трэнаванняў першай каманды. Так, ён яшчэ паспеў папрацаваць з Раналду! Чаму і былі прысвечаныя два з трох фота ў пасце ў інстаграме Максі пра гэтую падзею.

Вясну гэтага года Аедэле правёў у арэндзе ў «Олтрынхеме» (5-ы дывізіён), дэбютаваўшы на дарослым узроўні. І паспеў запомніцца заўзятарам – яго мяч «Олдхэму» увайшоў у дзясятку найлепшых галоў клуба ў сезоне.

Амбіцыя на будучыню ў яго зразумелая: «Выйграць калісьці Лігу чэмпіёнаў».

У зборнай Польшчы апынуўся дзякуючы маці і скаўтынгавай праграме Федэрацыі футбола Польшчы

З нараджэння Максі Аедэле мог выбраць тры зборныя. Бо нарадзіўся ён у Англіі ў сям'і нігерыйца (бацька) і полькі (маці).

Што цікава, роля маці ў футбольным выхаванні, па словах гульца, была даволі вялікай – хоць тая і не цікавілася самой гульнёй:

«Практычна ўвогуле тады не цікавілася футболам, але згуляла вялікую ролю ў развіцці мяне як футбаліста, - распавядае хлопец. - Уласна, гэта яна ў той час часцей за ўсё вазіла мяне ў розныя месцы, звязаныя з футболам – таму што ў гэтым узросце я быў на праглядзе ў розных камандах – і, відавочна, на трэнаваннях. З часам палюбіла гэтую дысцыпліну і цяпер вельмі цікавіцца маёй прыгодай з футболам, далучаецца да яе».

У рэшце рэшт свой выбар Аедэлю зрабіў – у сакавіку мінулага года дэбютаваў за зборную Польшчы U-18, а сёлета ўжо гуляў за каманду U-19. Свой выбар растлумачыў проста – хто першы прыйшоў за ім, туды і пайшоў:

«Польская федэрацыя першай зацікавілася мной, запрасіла на зборы, на матч зборнай. А мне важна паспрабаваць свае сілы на міжнароднай арэне. Я ўжо прыняў удзел у некалькіх матчах [юнацкай зборнай] і задаволены прынятым рашэннем».

Бацька футбаліста Аё Аедэле дадаў крыху больш кантэксту – усё ж той факт, што ў Нігерыі Максі быў толькі раз, а Польшчу, асабліва ў пандэмію, наведваў рэгулярна, таксама згуляў сваю ролю. «Хоць выхоўваўся ў Англіі, у Польшчы заўсёды адчуваў сябе добра, гэта ягоны другі дом. Ведае культуру і мову», – адзначыў Аё.

У выніку, па працы федэрацыі Максі таксама мае рацыю. Польскае выданне SportoweFakty адзначае, што яго яшчэ за некалькі гадоў да запрашэння ў зборную адсочваў спецыяльны каардынатар пошуку польскіх талентаў у Вялікабрытаніі Федэрацыі футбола Польшчы Пшэміслаў Сачыньскі.

«Нехта мне перадаў, што ёсць такі футбаліст, у якога маці полька, і што з ім варта звязацца. Мне ўдалося дабрацца да ягоных бацькоў, і так гэта пачалося. Такіх сігналаў, аднак, атрымліваю дастаткова шмат, трэба ўсё верыфікаваць. Тут атрымалася пацвердзіць польскае паходжанне, пасля чаго рушылі ўслед наступныя крокі, сярод якіх – верыфікацыя яго ўзроўню», – так Сачыньскі апісаў старт працы над Аедэле.

Скаўт таксама пераконвае, што сваё меркаванне наконт зборнай Аедэле не зменіць – маўляў, рады, што гуляе за Польшчу, і вельмі моцна радаваўся выхаду каманды на Еўра U-19, які адбудзецца ў ліпені.

Фото: talkSPORT, TVP Sport, Instagram Максі Аедэле, Grzegorz Jedrzejewski/Global Look Press

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты