Tribuna/Футбол/Блогі/Мама Мбапэ стала агентам Кіліяна: перашкаджае трансферу ў «Рэал», раздражняе іншых калег, адкрыла сваю кампанію

Мама Мбапэ стала агентам Кіліяна: перашкаджае трансферу ў «Рэал», раздражняе іншых калег, адкрыла сваю кампанію

А ў Мадрыдзе кажуць, што яна «няўмольная».

13 ліпеня, 07:14
Мама Мбапэ стала агентам Кіліяна: перашкаджае трансферу ў «Рэал», раздражняе іншых калег, адкрыла сваю кампанію

Ужо ёсць традыцыя – кожнае футбольнае лета пачынаць з новай і драматычнай гісторыі з трансферам Кіліяна Мбапэ ў іншую каманду. На гэты раз кіраўніцтву «ПСЖ» не ўдалося спакойна пражыць і некалькі тыдняў пасля завяршэння сезона.

24-гадовы лідар мае дакладны намер сысці, але спосабам, які не падабаецца парыжанам – бясплатна вольным агентам наступным летам. Клуб у такім выпадку хоча прадаць яго цяпер, але тут нямала перашкод. Адна з іх – колькасць і значнасць уцягнутых у працэс людзей. У першую чаргу – найбліжэйшае атачэнне Мбапэ.

І калі бацька Кіліяна, Уілфрыд, з'яўляецца шараговай асобай ва ўсёй гэтай саге (працуе ў футбольнай сферы і ў свой час удзельнічаў у справах сына, моцна пры гэтым не ўмешваючыся), то маці - наадварот.

Файза Ламары – жанчына, якая ў кантэксце будучыні Мбапэ вырашае шмат чаго.

Мама – адна з прычын зорнасці Кіліяна: з дзяцінства прывучала да дысцыпліны і рабочай этыкі, працягвае абараняць сына да гэтага часу

Файза – у мінулым таксама прафесійная спартсменка. Яна была гандбалісткай і нават гуляла за нацыянальную зборную Францыі. Таму нядзіўна, што выхаванне сына перарасло ў падрыхтоўку да сур'ёзнай кар'еры.

Практычна ўсе крыніцы сцвярджаюць, што адносіны Кіліяна з мамай вельмі блізкія. Маўляў, яна заўсёды адстойвала яго пазіцыю, але была патрабавальнай. Так дзяцінства француза ператварылася ў сталую працу над сабой ва ўмовах строгай дысцыпліны – шанцы на звычайнае тынэйджэрскае жыццё будучая зорка футбола страціла яшчэ ў шэсць гадоў, калі бацькі пачалі аказваць непасрэдны ўплыў на рашэнні.

Гэта датычылась літаральна ўсяго: выбару каманды, фінансавага складніка падпісаных пагадненняў, вырашэння рознага роду спрэчак і адстойвання інтарэсаў Кіліяна.

Магчыма, недзе гэта выглядае пацешна, але падобная апека мае месца і цяпер. Да прыкладу, у 2018-м Файза заступілася за сына, калі бразільскія аднаклубнікі (Неймар і Дані Алвес) жартавалі пра падабенства з чарапашкай-ніндзя, называючы «Данатэла». Яна пайшла да кіраўніцтва, патрабуючы вывучыць атмасферу ў распранальні.

💬 «Я распавядаю сваёй маме абсалютна ўсё, пра маіх дзяўчын таксама. Яна ведае ўсё. Гэта мая «давераная асоба», – у тым жа годзе прызнаваўся Мбапэ.

Файза фактычна стала агентам – нават адкрыла сваю кампанію

Усё гэта з часам перарасло ў крыху большае. Спачатку Файза стала весці перамовы ад імя Кіліяна, нягледзячы на тое, што ў яго падпісаны кантракт з агенцтвам WME Sports, а нядаўна жанчына, як паведамляў L’Équipe, сумесна з сынам адкрыла сваю кампанію.

Сярод кліентаў Кіліян і яго малодшы брат Ітан, аднак спіс плануюць пашыраць. Як мінімум былі чуткі пра прыцягненне ў праект 19-гадовага вінгера «Ліёна» Раяна Шэркі, за якім сочаць «ПСЖ», «Рэал» і «Чэлсі».

Але не, Файза гэтым займаецца не адна – былі наняты ліцэнзаваныя агенты і юрысты.

Хоць няма сумневаў, што мама Мбапэ будзе актыўна ўмешвацца ў працэсы, бо мае значны (і паспяховы) досвед за спінай.

Мама – ключавы чалавек у перамовах з «ПСЖ» і «Рэалам». Але таксама – ключавая праблема

Тое, што Кіліян у мінулым годзе пралангаваў кантракт з «ПСЖ» – шмат у чым заслуга мамы, якая адказвала за камерцыйныя моманты. Пакуль бацька меў зносіны з парыжанамі, Файза спачатку адваявала ў «Рэала» іміджавыя правы, а затым настойвала на павелічэнні заробку гульцу. Мадрыдцы не пагадзіліся і засталіся ні з чым.

The Athletic прыводзіў словы ананімнага прадстаўніка клуба: «Яна няўмольная. Калі кажа «не», то не адыходзіць ні на міліметр. Яна хацела большага».

Сітуацыя паўтарылася сёлета, але не на карысць «ПСЖ». Адзначалася, што абодва клубы цалкам маглі б дамовіцца пра трансфер ўжо летам – для парыжан гэта выгаднае развіццё падзей, а ініцыятыву пра продаж выявіла кіраўніцтва праз «стомленасць» ад пастаянных праблем з Кіліянам.

Аднак калі «Рэал» гатовы заплаціць 140 мільёнаў еўра гарантавана і 60 бонусамі на працягу чатырох гадоў, то дадатковы падпісны бонус у яшчэ 60 мільёнаў, які патрабуе Файза, – не.

Усё таму, што ў кантракце Кіліяна ёсць опцыя з бонусам за лаяльнасць, калі ён будзе заставацца ў клубе. Гэта сума можа скласці 120 мільёнаў еўра да канца дзейнага пагаднення. Хто тут у выйгрышы – ясна зразумела.

Той жа The Athletic дадаў, што лёс Мбапэ, які жадае ў «Рэал», не ў яго руках, а залежыць ад рашэнняў мамы.

Па стане на цяпер перамовы прадстаўнікоў менеджменту «ПСЖ» і Файзы працягваюцца, але як сведчыць апошняя заява прэзідэнта Насера Аль-Хелайфі, абмеркаванні ні да чаго пакуль не прывялі.

💬 «Кіліян не сыдзе ад нас бясплатна. Калі ён хоча застацца ў клубе – павінен падпісаць новы кантракт гэтым летам.

Наша пазіцыя зусім зразумелая. Найлепшы гулец свету не сыдзе бясплатна. Гэта немагчыма.

Ён сам сказаў, што не пойдзе бясплатна, калі ён перадумаў – гэта не мая віна».

Абставіны, нагадаем, такія. У мінулую вясну Мбапэ пралангіраваў дамову па схеме 2+1, а ў чэрвені афіцыйна адправіў «ПСЖ» ліст, што не збіраецца актываваць гэты дадатковы год.

Файзу многія крытыкуюць: іспанскія журналісты, агент Хакімі, Златан заклікаў замаўчаць

Метад вядзення спраў маці Кіліяна падабаецца не ўсім. Да прыкладу, блізкі да «Рэала» іспанскі журналіст Томас Гансалес, які рэгулярна дзеліцца дэталямі перамоваў афіцыйнага Мадрыда з французам, тлумачыў:

💬 «Маці Мбапэ зарабіла 500 мільёнаў еўра для свайго сына за шэсць гадоў. Аднак яна паняцця не мае пра футбол, кодэкс, павагу да клубаў і да таго, што трэба трымаць слова. Яна дамагаецца таго, што Мбапэ губляе папулярнасць у сусветным маштабе».

Больш крытычна выказаўся адзін з прадстаўнікоў Footfeel, чыім кліентам з'яўляецца Ашраф Хакімі – найлепшы сябар Кіліяна. Рэакцыя была выклікана чуткамі пра тое, што мараканец хуткім часам пяройдзе ў новае агенцтва Файзы:

💬 «Мы вельмі здзіўлены тым, што толькі таму, што гэта маці важнага гульца, яна можа ўмешвацца ў рынак.

Ашраф з'яўляецца часткай сям'і Footfeel. Ён быў ўпэўнены ў праекце на працягу многіх гадоў і мае асабістыя адносіны з Кіліянам, якія мы паважаем. Недастаткова быць маці гульца. Для мяне гэта сведчыць пра непавагу да прафесіі. Гэта немагчыма, неймаверна.

У Хакімі ёсць цёплыя адносіны не толькі са мной, але і з усімі партнёрамі.

Файза Ламары – гэта бізнэс, у якога няма нічога, акрамя Кіліяна. Яе значнасці на рынку проста не існуе, у яе няма досведу і няма здзелак, якія ажыццяўляліся. Яе бізнес засноўваецца на адносінах паміж маці і сынам. Мы ўжо бачылі на рынку адносіны бацькоў, якія становяцца прадстаўнікамі футбалістаў – і іх значэнне на рынку роўна нулю».

У свой час уплыў Файзы і іншых сваякоў на Мбапэ раззлаваў нават Златана Ібрагімавіча:

💬 «Яго бацькі становяцца юрыстамі, агентамі, трэнерамі. З аднаго статусу яны пераходзяць у іншы. І гэта праблема.

Гэта пра страту самадысцыпліны і таго, кім ты з'яўляешся. Сёння з гэтым новым пакаленнем бацькі, тата, мама… ці хтосьці – яны думаюць, што сталі зоркамі. Пастаянна гавораць у газетах, у друку. Але кім вы сябе лічыце? Замаўчыце».

Мама Кіліяна заўзее за «Ліверпуль» – дзякуючы ёй адбылася сустрэча форварда і клуба

Бонусная дэталь – любыя трансферныя чуткі, якія калі-небудзь з'яўляліся пра Мбаппэ і «Ліверпуль», мелі пад сабой грунт.

Справа ў тым, што Кіліян аднойчы падзяліўся – ён размаўляў з прадстаўнікамі англійскага клуба толькі таму, што гэта любімая каманда мамы.

💬 «Мы крыху пагаварылі, не шмат. Я пагадзіўся на гэта, таму што мама заўзее за «Ліверпуль» і любіць яго. Я не ведаю чаму, лепш вам спытаць у яе. Я сустракаўся з імі, калі быў у Манака.

А падчас ЧС-2022 Файза адным дзеяннем стварыла шум у твітэры – пагадзілася на фота з заўзятарам «Ліверпуля» на трыбунах, паказваючы пальцам на эмблему мерсісайдцаў:

Фота: Jose Breton/Pics Action/NurPhoto via Getty Images, AS, Franck Fife/AFP via Getty Images, The Mega Agency

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты