Tribuna/Футбол/Блогі/Рамас ізноў у «Севільі». Адмовіў саудаўцам, якія прапаноўвалі ў 20 разоў больш, дзеля родных і памяці Пуэрты

Рамас ізноў у «Севільі». Адмовіў саудаўцам, якія прапаноўвалі ў 20 разоў больш, дзеля родных і памяці Пуэрты

Ла Ліга засумавала па Серхіа.

Аўтар — Бона Сфорца
5 верасня, 15:32
Рамас ізноў у «Севільі». Адмовіў саудаўцам, якія прапаноўвалі ў 20 разоў больш, дзеля родных і памяці Пуэрты

Вяртанне Рамаса ў «Севілью» атрымалася нечаканым, бо яшчэ зусім нядаўна кіраўніцтва клуба адхрышчвалася ад пераходу, а знакамітаму ветэрану прапаноўваліся вельмі добрыя кантракты ў Турцыі і Саудаўскай Аравіі.

Мог атрымліваць у 20 (!) разоў больш, але абраў вяртанне дадому

Калі стала зразумела, што Серхіа не застанецца ў «ПСЖ», адразу загучалі чуткі наконт ягонай будучыні. Самымі актыўнымі былі ў Турцыі, дзе «Бешыкташ» і «Галатасарай» учынілі паляванне за гульцом. З’явілася нават інфармацыя, што Рамас ужо пра ўсё дамовіўся з «Галатасараем», але хоча выслухаць «Аль-Ітыфак», які нібыта рыхтаваў грандыёзную прапанову.

Калі ж пра магчымы трансфер спыталі ў прэзідэнта «Севільі» Хасэ Кастра, ён адказаў даволі рэзка: «Я не ведаю, што тут яшчэ можна сказаць. Скажу тут і цяпер: у нас няма ніякіх перамоваў з Рамасам. Такога варыянту ніколі не было, таму што ён нам не падыходзіць. Серхіа Рамас хоча ў «Севілью»? А я хачу самалёт, давайце яго сюды», – сказаў Кастра.

Да закрыцця трансфернага акна «Галатасарай» і «Аль-Ітыфак» чакалі рашэння іспанца, саудаўцы нават прапанавалі кантракт, які можна будзе скасаваць у аднабаковым парадку. Але раптам зноў узнік варыянт з андалусійцамі, якія могуць даць Рамасу толькі 1 млн долараў за год. Для параўнання: туркі давалі 10,5, а ў Саудаўскай Аравіі ўсе 20 млн. Але іспанец абраў вяртанне дадому: «Гэта мой абавязак перад бацькам, дзедам і Пуэртай».

Трэнер «Севільі» Хасэ Мэндзілібар быў не супраць пераходу Рамаса, але ў кіраўніцтве перажывалі, што ў іх і без таго занадта старая каманда: Хесус Навас, Іван Ракіціч, Фернанда.

Аднак з пачаткам сезона стаўленне да патэнцыйнага трансферу пачало змяняцца. «Бела-чырвоныя» прайгралі ўсе тры стартавыя сустрэчы, у якіх прапусцілі 8 галоў. Цэнтрдэфы Маркаа і Тангі Ньянзу траўмаваны – у цэнтры абароны гуляць амаль няма каму, таму ёсць надзея, што досвед Рамаса дапаможа навесці парадак у абароне каманды.

Рамас дэбютаваў за клуб у 17 гадоў, сябруе з Навасам і да гэтага часу ўспамінае Антоніа Пуэрту

Серхіа ад 16 гадоў прыцягвалі да трэнаванняў з дарослай камандай «Севільі». Падчас аднаго з заняткаў пад кіраўніцтвам Хаакіна Капароса ён заехаў з жорсткім падкатам у капітана Пабла Альфара. Каб зразумець усю неабдуманасць гэтага ўчынку, трэба памятаць, што Пабла Альфара ў Ла Лізе меў мянушку «уролаг», бо мог проста падчас матчу засунуць палец суперніку самі ведаеце куды. З Серхіа такога не адбылося, але старэйшыя партнёры ацанілі смеласць юнака.

Ужо ў 17 Рамас дэбютаваў у Прымеры ў матчы супраць «Дэпартыва». Серхіа выйшаў на замену разам са сваім сябрам Хуанам Бесарэсам, для абодвух гэта была першая гульня на такім узроўні. Зусім хутка Рамас дэбютаваў і на «Рамон Санчэс Пісхуан» супраць «Сасьедада».

Перад адным з наступных матчаў бацька падвозіў Рамаса на стадыён, але ў аўтамабілі лопнула кола, таму юны гулец не паспеў на камандны аўтобус.

«Капарос ніколі не спыняе аўтобус», – сказаў яму працаўнік клуба.

«Калі ёсць хоць адзін шанец, што ты спознішся, то бяры свой матрац і спі на стадыёне, хлопец», – выхоўваў Серхіа галоўны трэнер.

Капарос не проста дараваў юнаму таленту, але і дазволіў прабіваць стандарты.

«Ён бачыў, як я трэнірую далёкія ўдары, таму сказаў, што штрафныя будзе прабіваць Рэната, але для далёкіх можна прыцягваць мяне», – узгадваў Рамас.

Адзін з такіх стрэлаў каштаваў тытула ў Ла Лізе для «Рэала», а Фларэнціна Перэс да гэтага часу згадвае яму той гол. Фантастычны далёкі гол у браму Ікера ўразіў нават Зідана, які назіраў за палётам мяча.

У першым сезоне Рамас згуляў усяго 7 матчаў, але ўжо ў наступным чэмпіянаце стаў безумоўна асноўным гульцом. Тады ён атрымаў ад партнёраў мянушку «Тарзан» – праз доўгія валасы і павязку на галаве.

У «Севільі» Рамас сябраваў з Хесусам Навасам і да гэтага часу падтрымлівае з ім цёплыя адносіны, настолькі, што Рамас нават стаў хросным бацькам сына Хесуса. Яшчэ адзін сябра дзяцінства – Антоніа Пуэрта, які памёр праз праблемы з сэрцам у 2007-м, але дагэтуль застаецца сімвалам «Севільі». Усіх траіх адкрыў дзіцячы трэнер Пабла Бланка, які ўпэўнены, што Пуэрта таксама стаў бы часткай вялікай зборнай Іспаніі.

У «Севільі» нават хацелі замацаваць навечна нумар 16 за Антоніа, але правілы Ла Лігі гэта забараняюць, таму пасля размовы з заўзятарамі 16-ку ўзяў яго сябар Хесус Навас, у зборнай Пуэрта згуляў адзін матч пад 15 нумарам – гэты нумар потым узяў сабе Серхіа Рамас. А яшчэ ў гонар таварыша Серхіа зрабіў татуіроўку ў выглядзе зоркі Давіда.

Трансфер у апошнія гадзіны акна ў 2005-м сур'ёзна сапсаваў адносіны Рамаса і заўзятараў, але зараз у Серхіа мае выдатны шанец дапамагчы роднай камандзе ў цяжкія часы.

Фота: Marca, «Севілья»

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты