Tribuna/Футбол/Блогі/Каманда недаступных гульцоў «Ньюкасла» магла б змагацца за зону еўракубкаў. Анамальная колькасць траўмаў

Каманда недаступных гульцоў «Ньюкасла» магла б змагацца за зону еўракубкаў. Анамальная колькасць траўмаў

Страцілі яшчэ і Поўпа на 4-5 месяцаў.

10 снежня, 11:13
Каманда недаступных гульцоў «Ньюкасла» магла б змагацца за зону еўракубкаў. Анамальная колькасць траўмаў

14-ы тур падарыў Эдзі Хаў і заўзятарам «Ньюкасла» дваякія ўражанні. З аднаго боку – звышупэўнена па гульні (але не па ліку) абгулялі «МЮ» (1:0). З іншага – асноўны брамнік «сарок» і галоўны герой выязной нічыі з «ПСЖ» Нік Поўп атрымаў траўму пляча. У панядзелак было праведзена абследаванне, у выніку якога стала зразумела, што гульцу спатрэбіцца аперацыя, а на поле ён вернецца не раней як праз 4-5 месяцаў.

Такім чынам, Нік папоўніў і без таго доўгі спіс траўміраваных гульцоў «Ньюкасла».

Нік Поўп – траўма пляча;

Мэт Таргет – траўма сцягна;

Дэн Бэрн – траўма спіны;

Свэн Ботман – траўма калена;

Хаві Манкільё – траўма паху;

Эліёт Андэрсан – траўма спіны;

Шон Лонгстаф – траўма ступні;

Джо Уілак – траўма каленнага кубачка;

Гарві Барнс – траўма ступні;

Джэйкаб Мэрфі – траўма пляча;

Каллум Уілсан – траўма сцягна.

Па меншай меры, па адным траўміраваным на кожнай (!) пазіцыі ў схеме 4-3-3, якую звычайна выкарыстоўвае трэнерскі штаб.

Калі вы не моцна сочыце за англійскім футболам і вам цяжка зразумець, наколькі гэта цяжкія страты для «Ньюкасла», то вось факт: сумарна ў мінулым сезоне, у якім каманда выйшла ў ЛЧ і фінал Кубка лігі, 10 гульцоў з гэтага спісу (без 44 – мільённага пачаткоўца Барнса) правялі за «сарок» 345 матчаў.

А калі ўспомніць, што Хау не можа выкарыстоўваць яшчэ і дыскваліфікаванага Сандра Таналі, які з'яўляецца самым дарагім набыццём клуба, атрымаецца вельмі баяздольная каманда.

Магчыма, яна нават зможа на роўных цягацца з камандай, даступных для выкарыстання гульцоў «Ньюкасла».

У ёй зараз некалькі гульцоў, якім ніхто не прагназаваў месцы ў старце ў пачатку сезона. Напрыклад, 17-гадоваму Люісу Майлі, які стаў самым маладым дэбютантам «Ньюкасла» у еўракубках і ўжо паспеў аддаць раскошны асіст на Ісаака ў паядынку супраць «Чэлсі». Ніхто моцна не разлічваў і на Джамаала Ласелса, які хоць і з'яўляецца капітанам, але другі сезон запар пачынаў у ролі запаснога. Лідэр распранальні выдатна зладзіўся з выклікам, так што зараз яшчэ складзе канкурэнцыю Ботману і Шэру за месца ў аснове. Валянціна Ліўрамента падпісваўся як правы абаронца, але Хау вымушаны быў перавесці яго на левы фланг – і малады абаронца там сябе выдатна паказвае. У Марціна Дубраўкі няма стабільнай гульнявой практыкі з вясны 2022-га, але зараз на яго ўскладаюць вялікія надзеі.

Трэба адзначыць, што гэты набор палявых гульцоў сёння згуляе 4-ы матч за 12 дзён. Прычым гэта гульні супраць вельмі прыстойных сапернікаў – Чэлсі (4:1), ПСЖ (1:1), МЮ (1:0), хутка Эвертан. Адкуль яны бяруць сілу – вялікае пытанне. Але яны ім яшчэ спатрэбяцца, таму што ў нядзелю выезд у госці ў «Тотэнхэм».

Энтані Гордан пасля паядынку з «чырвонымі д'ябламі» скардзіўся: «Пакутуюць не толькі хлопцы, якія не могуць гуляць. У тых, хто гуляе, ёсць удары і сінякі, я кульгаю». Яго ўдзел у матчы супраць «Эвертана» нават быў пад пытаннем, але, хутчэй за ўсё, ён усё ж такі атрымаецца.

Эдзі Хау усяляк спрабуе падбадзёрыць гэты склад: «У нас ёсць група неверагодных персанажаў, якія гатовыя аддаць усё фізічна і маральна, каб дабіцца поспеху. У нас таксама ёсць некалькі сапраўды добрых лідэраў, якія падштурхоўваюць і дапамагаюць кожнаму выступаць на вельмі добрым узроўні».

Варта адзначыць, што, нягледзячы на ўжо амаль 30 траўмаў з пачатку сезона, «Ньюкасл» усё яшчэ знаходзіцца ў верхняй групе каманд АПЛ, мае шанцы на выхад у плэй-оф ЛЧ (калі абгуляюць «Мілан», а «ПСЖ» страціць ачкі з Барусіяй»), дайшоў да чвэрцьфіналу Кубка лігі (будуць змагацца з «Чэлсі»).

Цалкам магчыма, што ў студзеньскае трансфернае акно клуба нават не давядзецца нікім узмацняцца, галоўнае – каб як мага хутчэй вярнуліся траўміраваныя, тады не давядзецца трымаць на лаўцы запасных двух брамнікаў і моладзь без вопыту. У другой палове снежня чакаецца вяртанне Ботмана, Лонгстафа, Уілака і Барнса – гэта ўжо значна аблегчыць сітуацыю для Хау.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты