Tribuna/Футбол/Блогі/У сваіх сацсетках «Энергетык-БДУ» ўсё яшчэ срэбны прызёр ЧБ-2022. Але медалі там пакідаюць не ўсім

У сваіх сацсетках «Энергетык-БДУ» ўсё яшчэ срэбны прызёр ЧБ-2022. Але медалі там пакідаюць не ўсім

Свет, дзе пакаранні не дзейнічаюць.

Аўтар — Sam_Na_Sam
19 студзеня, 02:18
У сваіх сацсетках «Энергетык-БДУ» ўсё яшчэ срэбны прызёр ЧБ-2022. Але медалі там пакідаюць не ўсім

«Энергетык-БДУ» ў снежні страціў месца ў вышэйшай лізе, саступіўшы ў стыках «Віцебску» (0:0, 0:1). У другі па сіле дывізіён мінчукі вярнуліся пасля чатырох гадоў у эліце. Каманда пад кіраўніцтвам Аляксея Мяркулава як звычайна раней за ўсіх выйшла з адпачынку, прабыўшы без працы ўсяго тыдзень, а першы спарынг міжсезоння правяла амаль месяц таму. Затым у сацсетках клуба пачалі з'яўляцца пасты пра сыход некаторых гульцоў, у якіх скончыліся кантракты. Справа звычайная, ды і прозвішчы не самыя вядомыя, але вось што звяртае на сябе ўвагу. У дасягненнях цяпер ужо былых «энергетыкаў» пазначаны срэбныя медалі пазамінулага сезона. Хаця, як вядома, клуб быў пазбаўлены атрыманых узнагарод яшчэ ў траўні 2023-га.

Нагадаем, вясной мінулага года АБФФ звінаваціла «Энергетык-БДУ» ва ўдзеле ў дамоўных матчах. Па словах лукашэнкаўскіх следчых, перад апошнім турам менеджары сталічная каманды па ўласнай ініцыятыве выйшлі на прадстаўнікоў «Шахцёра» і прапанавалі «саступіць» тытул за грошы. Салігорцы пагадзіліся. У выніку «студэнты» прайгралі, а чэмпіёнам стаў «Шахцёр» (таксама ненадоўга). Праз гэты скандал мінчукі не толькі страцілі срэбра, але таксама не дэбютавалі ў Лізе Еўропы. У другі па значнасці еўракубак адправілі «Дынама-Мінск». Акрамя гэтага, «Энергетык-БДУ» быў аштрафаваны на 2000 базавых велічыняў (на той момант 74 000 беларускіх рублеў), пазбаўлены 20 пунктаў у ЧБ-2023, і 10 пунктаў у ЧБ-2024. Падобна да таго, што з гэтым жорсткім прысудам клуб не згодны дагэтуль. Інакш як растлумачыць наяўнасць медалёў на клубнай старонцы ў Instagram, напрыклад, у Яраслава Макушынскага і Станіслава Кляшчука? Нагадвае пратэст.

Можна заўважыць згаданае дасягненне і ў пасце-развітанні з узбекам Абдукадырам Хусанавым, якога прадалі ў французскі «Ланс» яшчэ ў ліпені. А вось у нядаўняй навіне пра сыход Паўла Раднёнка срэбра-2022 няма. Хаця ў тым сезоне ён ,на хвіліначку, быў па паперах галоўным трэнерам. Ці, можа, мы чагосьці не ведаем?

Але калі быць паслядоўнымі да канца і не прызнаваць i іншыя пакаранні па той справе, smm-шчыку «Энергетыка-БДУ» трэба весці альтэрнатыўную табліцу, дзе няма ніякіх знятых 20 пунктаў. У такім выпадку каманда сёння рыхтавалася б да чарговага сезона ў Д1. Але не ўсё так проста.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты