Tribuna/Футбол/Блогі/⭐️ Кейн далей змагаецца за трафей, Мбапэ перамог «Сасьедад»: «ПСЖ» і «Баварыя» – у чвэрцьфiнале ЛЧ

⭐️ Кейн далей змагаецца за трафей, Мбапэ перамог «Сасьедад»: «ПСЖ» і «Баварыя» – у чвэрцьфiнале ЛЧ

Інтрыгі, на жаль, не было.

6 сакавіка, 03:50
⭐️ Кейн далей змагаецца за трафей, Мбапэ перамог «Сасьедад»: «ПСЖ» і «Баварыя» – у чвэрцьфiнале ЛЧ

У Лізе чэмпіёнаў вызначыліся першыя чвэрцьфіналісты бягучага розыгрышу – «ПСЖ» у другі раз перамог «Рэал Сасьедад» (2:1, 2:0), а «Баварыя» пасля выязной паразы справілася з «Лацыа» дома (3:0, 0:1).

За «Баварыю» забівалі Кейн і Мюлер – Хары захоўвае шанц на трафей у сезоне

«Баварыя» пасля 0:1 на выездзе пры запоўненай хатняй арэне быццам бы і трымала сітуацыю пад кантролем, але пакутавала ў завяршальнай стадыі. У выніку мюнхенцы маглі атрымаць гол у свае ў першым тайме – дэ Лігт пасля падачы зручна «скінуў» на далёкую штангу Імобіле, але Чыра не патрапіў у вароты.

Неўзабаве пасля гэтага спрацавала галоўнае правіла футбола. «Лацыа» прапусціў ад Кейна, які наўрад цi хацеў канчаткова губляць шанцы на трафей. Форвард зарыентаваўся ў штрафной і забіў галавой.

А перад самым перапынкам дэ Лігт перанакіраваў мяч у цэнтр штрафной, дзе Мюлер скарэктаваў яго ў вароты таксама галавой.

Яшчэ з цікавага – размяшчэнне Ноера пры вуглавых сваёй каманды.

Кейн на 65-й зрабіў дубль і давёў лік да разгромнага – згуляў на дабіванні пасля прастрэлу Санэ. Гэта 33-і гол англiчанiна ў 33 матчах за «Баварыю».

Немцы маглі забіваць яшчэ, але спыніліся на 3:0 – і пайшлі далей у плэй-оф.

Мбапэ дублем адказаў Энрыке, які пачаў даваць яму менш хвілін

У паралельным матчы ўся ўвага была прыкаваная да Мбапэ, улічваючы адсутнасць інтрыгі з-за 0:2 у першай сустрэчы. У апошнія тыдні ў футбалiста не надта добрая сітуацыя з гульнявым часам на фоне навін пра пераход у «Рэал» свабодным агентам.

Аднак Кіліян такі выйшаў у старце і адказаў Луісу Энрыке ўжо на 15-й хвіліне – забіў класны сольны мяч.

У другім тайме Мбапэ зрабіў дубль – рэалізаваў фактычна выхад сам насам.

У той жа час француз дасягнуў некалькіх сімвалічных адзнак:

– стаў першым гульцом топ-5 ліг Еўропы з 40+ рэзультатыўнымі дзеяннямі ў сезоне ва ўсіх турнірах;

– апярэдзіў Салаха і Драгба ў спісе найлепшых бамбардзіраў ЛЧ, гэта былі яго 45-ы і 46-ы мячы (пры 26 асістах);

– Кіліян забіў 11 з 15 апошніх мячоў парыжан у плэй-оф ЛЧ.

«Сасьедад» хапіла толькі на мяч прэстыжу на 89-й, а «ПСЖ» прайшоў далей і крыху падправіў сваю статыстыку – у апошніх трох з чатырох выпадкаў, калі парыжане вялі ў 2+ галы пасля першага матча, яны выляталі.

Фота: Andre Weening/Orange Pictures, скрыншоты трансляцый

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты