Tribuna/Іншыя/Блогі/Рэжым закрыў заняткi па дзюдо больш чым тысячы дзяцей – але кiраўнiк прыдумаў, як захаваць выхаванцаў у спорце

Рэжым закрыў заняткi па дзюдо больш чым тысячы дзяцей – але кiраўнiк прыдумаў, як захаваць выхаванцаў у спорце

Такая беларуская сучаснасць.

Аўтар — Pam-pam
28 сакавіка, 15:00
Рэжым закрыў заняткi па дзюдо больш чым тысячы дзяцей – але кiраўнiк прыдумаў, як захаваць выхаванцаў у спорце

На днях стала вядома, што па прымусу рэжыму закрываецца спартыўны клуб дзюдо «Прайд», якi меў залы ў Гомелі і Жлобіне. Гэта была буйная арганiзацыя, у дзюдо дакладна самая вялiкая ў Беларусi – налічвала ў раёне 50 груп, вучыла больш за тысячу дзяцей.

Кiраўнiком клуба «Прайд» заставаўся яго заснавальнiк, майстар спорту Канстанцiн Палей, якi знайшоў сваё прызванне ў працы з дзецьмi. Палей апублікаваў у сацсетках клуба відэа, у якім расказаў, што ўстанова закрываецца праз адмову ў акрэдытацыі, не канкрэтызуючы прычын. Але, па звестках выдання «Флагшток», прычынай неакрэдытацыi клуба ад выканкаму Лукашэнкі па Гомелю стаў пункт рэжымных «правiлаў», па якiм патрабуецца «адсутнасць прыцягнення да адказнасці за непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, дзеянняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці» ў кiраўнiкоў спартыўнай арганiзацыi. Пра гэтае i iншыя палiтычныя патрабаваннi «мiнспорту» мы ўжо распавядалi.

Палей адзначыў, што «Прайд» шмат гадоў развіваў дзюдо ў рэгіёне і ўсёй краіне, што падмацоўвалася добрымі вынікамі выхаванцаў, і арганізоўваў турніры вельмі высокага ўзроўню. А маштаб працы клуба быў сапраўды размашысты – у гэтым снежні «Прайд» арганізаваў серыю турніраў, у якіх прынялі ўдзел больш за 1200 чалавек з Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Казахстана, Расіі і Беларусі.

Але ўсё ж дзецi не застануцца без трэнiровак. Палей паведамiў, што ўжо без яго арганiзуюць дэ-факта «дублёра» клуба пад новай назвай «Лiён». Яго кiраўнiком стаў «бязгрэшны» перад рэжымам чалавек – шматразовы медалiст ЧС па самба Яўген Сёмачкін, якi нямала адпрацаваў у сiстэме «МНС». У «Лiён» пяройдуць i выхаванцы, i трэнеры «Прайда». Палей пажадаў юным спартсменам стаць «сапраўднымі, прыстойнымі людзьмі», а сам пойдзе вучыцца, як сказаў, у міжнародную акадэмію дзюдо (адзiная вядомая ўстанова, якая так сябе называе, знаходзiцца ў Кыргызстане).

У каментарыях да відэа людзі падтрымліваюць Палея і пішуць шмат добрых слоў, з якіх можна зрабіць выснову аб тым, як гарэў сваёй працай кіраўнік «Прайда».

Новая школа «Лiён» не адзіная ў Гомелі прапануе дзецям заняткі дзюдо. Дзесяць гадоў таму ў горадзе адкрыў сваю імянную школу мясцовы чэмпiён АГ Ігар Макараў, якi ў 2020-м акрэслена выступiў за рэжым. Праўда, мяркуючы па сацсетках школы, яе маштаб куды больш сціплы, чым быў у «Прайда».

На апошнія АГ ў Токіа трапілі ўсяго тры беларускія дзюдаісты, а найлепшым дасягненнем стала 9-е месца Дзмітрыя Мінькова і Марыны Слуцкай. У 2024-м на АГ дзюдаiсты з Беларусi наўрад цi будуць – адбор там па рэйтынгу, а набраць яго было цяжка з-за працяглага мiжнароднага бана ў адказ на вайну ва Украiне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты