Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Зайцаў збіраўся займацца акадэміяй, але і гэтую «цытадэль» здаў: школа ў Брэсце закрытая, але Оршу загадалі пакінуць

Зайцаў збіраўся займацца акадэміяй, але і гэтую «цытадэль» здаў: школа ў Брэсце закрытая, але Оршу загадалі пакінуць

Апошнія месяцы праекту.

Аўтар — bytribuna com
22 красавіка, 07:47
Зайцаў збіраўся займацца акадэміяй, але і гэтую «цытадэль» здаў: школа ў Брэсце закрытая, але Оршу загадалі пакінуць

У 2016 годзе ў Брэсце была адкрытая футбольная акадэмія. Яе стваральнікам стаў набліжаны да рэжыму Лукашэнкі бізнесовец Аляксандр Зайцаў. Гэта ён забяспечыў гораду футбольны бум і прывёў мясцовае «Дынама» да чэмпіёнства, а потым перакінуўся ў брэсцкі «Рух», каб затым закінуць абодва прафесійныя праекты. Але да акадэміі Зайцаў ставіўся з асаблівым хваляваннем. Абяцаў не кідаць, нават калі патрапіў пад санкцыі за дапамогу дыктатуры.

Аднак тэрмін дзеяння слова аказаўся нядоўгім. Перад сезонам-2024 дзялок распусціў каманду «Цэнтр футбола», якая была створаная на базе акадэміі і рыхтавалася да ўдзелу ў першай лізе. Закрыццё самой акадэміі таксама не за гарамі. Галаўной школы ў Брэсце ўжо няма, філіял у Тамашоўцы дапрацоўвае апошнія месяцы, і толькі аршанскае аддзяленне перамагло ў барацьбе за жыццё, вось толькі выглядае гэтае жыццё вельмі сумна.

Пачатак канца – зімовы канфлікт з АБФФ

Яшчэ ў канцы мінулага года будучыня «Цэнтра футбола» выглядала бясхмарнай. Каманда з выхаванцаў акадэміі ў першы ж свой год у Д3 узяла бронзу і рыхтавалася да дэбюту ў першай лізе. Была запланаваная перадсезонка пад кіраўніцтвам Вячаслаў Грыгарава. Дзіцяча-юнацкія каманды праекта бралі ўдзел у зімовых турнірах. Увогуле, нягледзячы на закрыццё філіялаў у Астраўцы, Ашмянах і Александрыі, сітуацыя здавалася стабільнай.

Аднак у студзені-2024 усё перавярнулася. Федэрацыя футбола вырашыла заявіць у Д2 каманду АБФФ U-17 як базавы калектыў для юнацкай зборнай, і склад мела намер фармаваць з найлепшых прадстаўнікоў іншых клубаў, у тым ліку «Цэнтра футбола». Забіраць іх АБФФ збіралася без кампенсацыі і па сваёй волі. З гэтай нагоды ў Зайцава і старшыні федэрацыі Мікалая Шарснёва адбылася размова, якая скончылася канфліктам і пагрозамі бізнесоўца не выстаўляць «Цэнтр футбола» у Д2 і наогул закрыць праект. Пагрозы ў выніку перараслі ў дзеянні: клуб адклікаў заяўку на ўдзел у першай лізе, хаця калектыў паспеў правесці частку перадсезонкі, напрыклад, паўдзельнічаў у турніры «Белазавец», дзе прайграў усе матчы і заняў апошняе месца.

Апошнім у гісторыі ФК «Цэнтр футбола» стаў матч з БАТЭ 2 лютага (0:2) якраз на жодзінскім турніры. Справаздача аб сустрэчы зʼяўляецца на сёння апошняй навіной на сайце «ЦФ». Пасля гульні калектыў фактычна распусцілі. Трэнеры былі звольненыя, гульцы пачалі шукаць новыя месцы. Прычым у каманду АБФФ U-17 перабраліся толькі двое: 17-гадовы абаронца Глеб Мішын і 18-гадовы форвард Мікіта Чуйко. Астатнія футбалісты «ЦФ» разбрыліся хто куды. Сёння іх можна адшукаць у «Хвалі», «Тарпеда-БелАЗ», брэсцкім і мінскім «Дынама», «Слуцку», «Ніве», «Слоніме-2017». Нехта ўвогуле завязаў з футболам.

Галоўны трэнер Грыгараў пасля роспуску ніяк не знойдзе новую працу. А займаецца ён тым, што разам з калегам Аляксеем Міхайлавым вядзе тэлеграм-канал, у якім дзеліцца поглядам на беларускі футбол і аналізуе гульні.

Аддзяленне ў Брэсце ўжо закрылі, Орша абараніла права на жыццё

Пагрозы Зайцава цалкам закрыць праект, то бок акрамя клуба распусціць і акадэмію, зімой не былі ажыццёўлены. Аднак ад намеру бізнесовец не адмовіўся.

5 лютага ў брэсцкай акадэміі адбыўся сход кіраўнікоў, дзе было абʼяўлена пра далейшым лёс праекта. Дзяцей, якія займаліся ў брэсцкім аддзяленні, а таксама ў філіялах у Тамашоўцы і Оршы, было вырашана не чапаць, а даць магчымасць далей трэнавацца і браць удзел у спаборніцтвах. Аднак бліжэй да канца таго месяца брэсцкае аддзяленне ўсё ж вырашылі закрыць – трэнераў звольнілі, а дзеці разышліся па іншых футбольных школах горада.

Філіял у Тамашоўцы абаранілі бацькі. Выхаванцы мясцовага аддзялення таго, што засталося ад акадэміі, вучацца ў 9-11 класах адной з мясцовых школ. І бацькі футбалістаў настаялі, каб дзецям далі давучыцца да канца навучальнага года, а таксама трэнавацца цягам гэтага часу. Падзейнічаў аргумент, што мяняць месца вучобы ў трэцяй чвэрці – клапотная спраўка. Кіраўніцтва акадэміі прыслухалася да бацькоў, а Зайцаў даў гарантыі, што працягне падтрымку філіяла ў Тамашоўцы, аднак толькі да чэрвеня, пакуль дзеці не скончаць вучобу. Пасля гэтага філіял будзе закрыты, гульцы будуць шукаць новыя месцы для працягу футбольнай і школьнай адукацыі.

Трэнавальны цэнтр у Тамашоўцы

Цяпер, паводле нашай інфармацыі, у Тамашоўцы займаецца каля 50 чалавек пад кіраўніцтвам усяго траіх трэнераў і аднаго спецыяліста па фізпадрыхтоўцы. Пры гэтым трэнера брамнікаў няма зусім. Чатыры чалавекі вядуць і каманду 2007 года нараджэння, і каманду 2009-га. Хоць перш з кожным узростам працавалі па тры трэнеры, у тым ліку спецыяліст па падрыхтоўцы галкіпераў.

Адзначым, што каманда U-15 у чэмпіянаце Беларусі свайго ўзросту пасля сямі матчаў у групе «Захад» дзеліць першае месца з аднагодкамі з мінскага «Дынама» (да канца першынства – сем матчаў). U-17 у групе «А» вышэйшай лігі замыкае табліцу, знаходзячыся на восьмым месцы з двума пунктамі пасля сямі матчаў. Да канца першынства – сем сустрэч.

Што да Оршы, то і гэты філіял маглі закрыць яшчэ ў лютым. Аднак тут умяшаліся лукашэнкаўскія ўлады. Як нам удалося даведацца, зверху Зайцаву данеслі, што закрыць праект «Цэнтр футбола» яму ніхто не забараняе, аднак футбольная школа ў Оршы мусіць застацца. У выніку, як распавялі дасведчаныя крыніцы, Зайцаў пагадзіўся на такі варыянт: «Цэнтр футбола» спыняе існаванне, але філіял акадэміі, толькі ўжо пад іншай назвай і з іншай юрыдычнай асобай, у раённым цэнтры працягне працу. Займацца там, як і цяпер, будуць дзеці малодшых узростаў.

Па нашых звестках, у Зайцава ў гэтай сітуацыі проста не было выбару – футбольная школа на ім вісіць як сацыяльная нагрузка за дазвол весці бізнес у рэгіёне. Нагадаем, што Зайцаў сумесна з такімі ж лукашэнкаўскімі гаманцамі Аляксеем Алексіным і Мікалаем Варабʼём валодае кампаніяй «Брэміна груп». Фірма развівае лагістычны хаб у Аршанскім раёне ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэміна-Орша». СЭЗ была створаная па ўказе дыктатара. Як расказваў у сваім расследаванні «Белсат», праз гэты хаб ішла кантрабанда кветак, тканін і прадуктаў харчавання з Еўропы ў Расію.

Зайцаву далі зразумець, што калі ён і далей хоча працягваць гэты бізнес, то мусіць утрымліваць футбольную школу – усё роўна, пад якім імем. Бізнесовец быў змушаны падпарадкавацца. Тым не менш, сёння школа адчувае востры недахоп трэнерскіх кадраў. Некалькі дзясяткаў рабят узросту ад U-11 да U-14 вядуць усяго два трэнеры – яны праводзяць заняткі з усімі выхаванцамі адначасова. Ці будуць шукаць яшчэ трэнераў у школу – гэтае пытанне, па словах нашых суразмоўцаў, пакуль не вырашанае.

А ўсяго чатыры гады таму Зайцаў называў акадэмію сваёй «апошняй цытадэллю», запэўніваючы, што ад праекту дакладна не адмовіцца.

– Хай я нават без «Дынама» застануся, але акадэмію я нікуды не дзену і буду развіваць далей. Мы абсалютна правільна зрабілі, што заклалі акадэмію. Ужо неяк прыкіпеў, таму яно ўжо ў такое сацыяльнае нешта ператвараецца. Мы хочам усё ж дзяцей выхоўваць, – казаў бізнесовец.

Фота: fcenter.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты