Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Гулец расстаўся з «Дынама» пасля 1,5 месяца ў клубе – даведаліся, што здарылася і хто яшчэ можа пакінуць мінчан

Гулец расстаўся з «Дынама» пасля 1,5 месяца ў клубе – даведаліся, што здарылася і хто яшчэ можа пакінуць мінчан

І як там Паліцевіч.

Аўтар — bytribuna com
6 траўня, 18:30
Гулец расстаўся з «Дынама» пасля 1,5 месяца ў клубе – даведаліся, што здарылася і хто яшчэ можа пакінуць мінчан

У пачатку красавіка «Трыбуна» паведамляла, што адбываецца ў мінскім «Дынама»: нягледзячы на прабуксоўку ў ЧБ, клубны менеджмент давяраў галоўнаму трэнеру Вадзіму Скрыпчанку, затое яго хацелі прыбраць знешнія сілы, якія маюць уплыў на клуб.

Але пэўныя змены ў «Дынама» ўсё роўна будуць, а некаторыя ўжо адбываюцца – распавядаем, якія менавіта.

«Дынама» па-за топ-3, але Скрыпчанку па-ранейшаму давяраюць

Пакуль «Дынама» ў ЧБ не прайгравала, але і паспяховым старт дыстанцыі не назваць. У апошніх трох матчах у каманды адна перамога над не самым моцным «Дняпром» (2:0) і дзве нічыіх: 0:0 з магутным па мерках ЧБ «Тарпеда-БелАЗ», але і 1:1 з «Віцебскам», у якога з цяжкасцю адыграліся ў свежай хатняй сустрэчы. Пакуль мінчане з 13 ачкамі ідуць у «вышцы» на пятым радку з адставаннем ад «Славіі» і «Тарпеда-БелАЗ» у тры балы.

Зрэшты, паводле нашых звестак, з боку кіраўніцтва клуба па-ранейшаму няма вялікіх прэтэнзій да Скрыпчанкі. Босы прымаюць да ўвагі абнаўленне складу і невялікае адставанне ад лідараў табліцы, набраліся цярпення і вераць, што калектыў сыграецца і пачне даваць стабільны вынік. Тым больш праз два месяцы камандзе стартаваць у адборы Лігі чэмпіёнаў – у клубе лічаць перабудову пад новага трэнера ў такі тэрмін рызыкоўнай. Па нашых даных, крыху аслабеў і ціск Анатоля Юрэвіча, які лабіраваў адстаўку Скрыпчанкі, карыстаючыся даверам рэжымнага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука.

Атмасфера ў раздзявальні «Дынама» застаецца адэкватнай, працоўнай. Напрыклад, пасля нічыёй у матчы з «Віцебскам», хаця Скрыпчанка зрабіў трайную замену ў першым тайме, не было ніякіх разносаў, крытыкі асобных гульцоў. А трэнер дае зразумець, што бачыць і сваю віну ў няўдачах. Па словах нашых суразмоўцаў, знаёмых са справамі ў клубе, гэта дазваляе захоўваць патрэбны настрой паміж гульцамі і коўчам.

Запрашэнне аднаго навiчка палічылі памылкай – ёсць пытанні і па іншым

5 траўня «Трыбуна» паведаміла, што «Дынама» расстаецца з 27-гадовым казахстанскім паўабаронцам Уладзіславам Васільевым. Назаўтра клуб пацвердзіў сыход гульца, які падпісаў кантракт толькі 20 сакавіка. Васільеў правёў за «Дынама» два матчы (абодва пачынаў у старце), за 113 хвілін адзначыўшыся толькі жоўтай карткай. А з 21 красавіка перастаў трапляць у заяўку – па нашых даных, заадно перастаў трэніравацца ў агульнай групе, а займаўся па індывідуальнай праграме.

Ніякіх канфліктаў у Васільева са Скрыпчанкам не было. Коўч разлічваў, што экс-гулец «Энергетыка-БДУ», «Руха» і брэсцкага «Дынама» ўзмоцніць пазіцыю атакуючага паўабаронцы – але, па словах нашых крыніц, у штабе проста хутка зразумелі, што гулец слабейшы за сваіх канкурэнтаў па амплуа, гэта было бачна і на трэніроўках, і ў гульнях. Лепш глядзеўся нават намінальны апорнік Аляксандр Сялява. Увогуле, бакі хутка прыйшлі да ўзаемнай згоды, што Васільеву лепш знайсці іншую каманду, каб не сядзець на лаўцы. Кантракт быў скасаваны па дамове бакоў, фінансавых прэтэнзій ніхто не мае.

Зрэшты, па нашых даных, раставанне з Васільевым абумоўленае ў тым ліку жаданнем «Дынама» разгрузіць ростэр, хоць заробак казахстанца не перавышаў 1,5 тысячы долараў. Васільеў пагадзіўся на такую прапанову мiнскага клуба, хоць у казахстанскім «Ардабасы», дзе ўзімку атрымаў прамое ўказанне шукаць новую каманду і стаў свабодным агентам, атрымліваў да 10 тысяч долараў. «Дынама» ж грошы ў зарплатнай ведамасці патрэбныя для патэнцыйнага ўзмацнення пад еўракубкі.

Па інфармацыі «Трыбуны», не выключана, што ў хуткім часе «Дынама» пакіне яшчэ адзін нядаўні навiчок – 21-гадовы форвард Ілля Чарняк. Ён далучыўся да каманды ў студзені, правёў за клуб сем матчаў (два ў старце, сумарна 211 хвілін), але не вызначыўся вынiковымi дзеяннямі. Хоць запрашаўся, па нашых даных, Чарняк для ўзмацнення атакуючай лініі паўабароны, цэнтрфорвардам гульца штаб не бачыць.

Як кажуць нашыя суразмоўцы, галоўная праблема ў тым, што Чарняк – не камандны гулец: ён часта бярэ гульню на сябе і губляе мяч, калі мог бы аддаць пас. Скрыпчанку такі падыход не падабаецца ў прынцыпе. У сваю чаргу, і футбаліст незадаволены сваім становішчам – яму хочацца гуляць больш, чым цяпер дае трэнер. Таму Чарняк ужо задумваецца пра змену каманды. Пры гэтым, паводле нашых звестак, працягвае трэніравацца на 100% і ніякіх сцэн з-за сваёй сітуацыі не ладзiць, а паводзіць сябе прафесійна.

Капітан аднаўляецца нечакана доўга

Ужо доўгі час за гульнёй аднаклубнікаў з боку назірае 34-гадовы цэнтральны абаронца, капітан «Дынама» Сяргей Паліцевіч. У гэтым годзе футбаліст паспеў правесці за калектыў пяць матчаў (усе ў старце), але з пачатку красавіка перастаў трапляць у заяўку. Прычына, як аказалася, у траўме – у матчы з «Мінскам» 31 сакавіка на 57-й хвіліне Паліцевіч быў заменены, а абследаванне паказала пашкоджанне задняй паверхні сцягна.

Аднак сярэдні тэрмін аднаўлення ад такой траўмы – тры тыдні, а Паліцевіч дзейнічае па індывідуальнай праграме ўжо больш за месяц. Хоць, паводле нашых звестак, апошнія абследаванні футбаліста паказалі, што ён ужо цалкам можа працаваць у агульнай групе, але абаронца па-ранейшаму займаецца з рэабілітолагамі. І калі вернецца на поле – невядома: па нашай інфармацыі, дакладна прапусціць матч з «Нёманам» у Кубку, ды і, хутчэй за ўсё, не згуляе 12 траўня ў ЧБ з «Іслаччу».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты