Tribuna/Футбол/Блогі/17-гадовая зорка зборнай Бразіліі і яго дзяўчына падпісалі кантракт. Забаранілі здрады, сваркі і некаторыя словы

17-гадовая зорка зборнай Бразіліі і яго дзяўчына падпісалі кантракт. Забаранілі здрады, сваркі і некаторыя словы

Не ўсім падабаюцца гэтыя стасункі.

Аўтар — Pam-pam
23 красавіка, 11:59
17-гадовая зорка зборнай Бразіліі і яго дзяўчына падпісалі кантракт. Забаранілі здрады, сваркі і некаторыя словы

17-гадовы нападнік «Палмейрас» Эндрык, які летам далучыцца да «Рэала», падпісаў яшчэ кантракт і са сваёй дзяўчынай, 21-гадовай мадэллю Габрыэль Мірандай. Пра гэта пара распавяла ў падкасце Pod Delas.

«Дакумент» быў складзены з ініцыятывы дзяўчыны, і ў ім прапісаныя асноўныя прынцыпы адносін закаханых. Так, Эндрык і Габрыэль мусяць падтрымліваць добраахвотныя эмацыйныя адносіны, заснаваныя на павазе, разуменні і прыхільнасці.

Забаронены любыя формы залежнасці. Гвалт, вядома, таксама – у тым ліку эмацыйны.

Удзельнікі дамовы павінны казаць адзін аднаму «Я кахаю цябе», а яшчэ забароненыя пэўныя словы – «ок», «кхм», «эм». Падтрымліваць дыялог – частка абавязкаў.

За парушэнне любой умовы кантракту прадугледжаны штраф у выглядзе падарунка на выбары другой палавінкі. «Калі ты нешта не выконваеш ці парушаеш, то ў канцы месяца мусіш даць каханаму тое, што ён хоча. Напрыклад, я папрасіў навушнікі Apple, і яна мне іх падарыла», – растлумачыў Эндрык.

І «Рэал» і «Палмейрас» занепакоеныя асабістым жыццём хлопца. У клубах лічаць, што стасункі маладога чалавека могуць адцягваць увагу ад футбола. У Мадрыдзе нават разглядаюць варыянт, пры якім адзін з блізкіх сяброў футбаліста пераедзе разам з ім у Іспанію. Каралеўскі клуб спадзяецца, што такі ход дапаможа станоўча ўплываць на Эндрыка і нагадваць пра важнасць футбола.

Сам хлопец, здаецца, дзейнічае на апярэджанне і збіраецца ажаніцца з сяброўкай, з якой пачаў сустракацца толькі ў канцы 2023-га. Пра іх стасункі ўпершыню стала вядома ў снежні: яны з'явіліся на цырымоніі ўручэння ўзнагарод па выніках сезона.

Бацькі Эндрыка добра ставяцца да Габрыэль, хоць у «Палмейрас» просяць іх пагаварыць з Эндрыкам. Клуб лічыць, што футбалісту рана жаніцца.

17-гадовы Эндрык Фэліпэ лічыцца адным з самых таленавітых маладых бразільскіх футбалістаў. Ён дэбютаваў за «Палмейрас» з Сан-Паўлу ў 16 і ўжо правёў за клуб 60 матчаў, забіўшы 18 мячоў. Гэтай вясной ён выйграў з клубам чэмпіянат і Суперкубак, а ў лістападзе 2023-га Эндрык стаў самым маладым гульцом у гісторыі зборнай Бразіліі.

Кантракт з мадрыдскім клубам Эндрык падпісаў яшчэ ў снежні 2022 года, але праз непаўналецце не мае права гуляць у Еўропе. У ліпені гэтага года яму споўніцца 18, і ён зможа далучыцца да «Рэала». Трансфер юнака каштаваў іспанцам 45 мільёнаў еўра.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты