Усе навіны

Дэпутатка ВР Украіны Саладуха: «Цяпер заявы пра самабайкот Алімпіяды больш нашкодзяць, чым дапамогуць. Гэта не прыкмета нашай сілы»

3 лютага 2023, 20:48

Народная дэпутатка Украіны і былая лёгкаатлетка Вольга Саладуха пракаментавала магчымасць байкоту Алімпіяды-2024 у Парыжы ў выпадку допуску расіян і беларусаў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Мінмаладзьспорту канцэнтруецца на байкоце спаборніцтваў і Алімпіяды-2024, калі туды будуць дапускаць расіян. Менавіта зараз такія заявы пра самабайкот больш нашкодзяць, чым дапамогуць. Гэта не прыкмета нашай сілы і да таго ж дэматывуе ўкраінскіх спартсменаў, якія будуць удзельнічаць у кваліфікацыйных спаборніцтвах.

Трэба засяродзіцца на тым, як не дапусціць на Алімпіяду расіян і беларусаў. А байкот – гэта запасны варыянт. Яго давядзецца прымяніць, калі не скарыстаемся больш дзейснымі сродкамі ўздзеяння. Трэба сістэмна працаваць у трох напрамках.

Першае – фармаванне той жа антырасійскай кааліцыі ў свеце спорту. Ці не кожны дзень да мяне і людзей, якія звязаны з украінскім спортам, звяртаюцца прадстаўнікі НАК і федэрацый розных краін. Прапануюць узаемадзейнічаць, каб ціснуць на МАК. Трэба эфектыўна выкарыстоўваць такую падтрымку. Важна мець каардынуючы цэнтр у асобе Міністэрства і НАК, які ўзяў бы справу ў свае рукі.

Другі напрамак – пашырэнне спісу падсанкцыйных спартсменаў. Неабходны дыялог з нашымі еўрапейскімі партнёрамі пра тое, каб яны праводзілі люстраныя мерапрыемствы. Тады прыхільнікі вайны, калі і захочуць узяць удзел у Алімпіядзе, фізічна не змогуць прыехаць у Францыю, бо будуць дзейнічаць візавыя абмежаванні.

Трэці напрамак – даносіць да МАК і прарасійскіх федэрацый канкрэтныя факты супрацоўніцтва расспартсменаў з рэжымам. Калі шахматыст Каракін адкрыта гаворыць пра падтрымку так званай спецаперацыі, то яму трэба забяспечыць вечны бан. Калі фігурыстка Валіева прымае ўдзел у мерапрыемствах пад літарай зэт, ёй не месца ў сусветнай спартыўнай супольнасці. Калі гоншчык Северухін «зігуе» на цырымоніі ўзнагароджання, трэба зрабіць так, каб гэта быў яго апошні выступ.

Павінны дабівацца жорсткіх мераў уздзеяння, маючы ў руках выразныя і зразумелыя аргументы. Спорт несумяшчальны з вайной. Выбіраеш прапаганду вайны, пакідай спорт ці спаборнічай на гульнях у Ханты-Мансійску. Важна, што цяпер у сітуацыю ўмяшаўся Прэзідэнт і найвышэйшае кіраўніцтва краіны.

Гэта значыць, у іх ёсць разуменне важнасці спартыўнага фронту. Спадзяваюся, гэтую атаку расійскіх лабістаў мы адаб'ём. Але трэба ўмацоўваць пазіцыі і контратакаваць. За намі, праўда, літара і дух алімпійскіх прынцыпаў і беспрэцэдэнтная падтрымка спартыўных арганізацый і спартсменаў.

Ніхто акрамя Украіны не можа быць мадэратарам працэсу. Гэта наша місія, наша вайна за свабоду, нашая барацьба за ачышчэнне сусветнага спорту ад мілітарызму і карупцыі. Веру, што мы пераможам ворага і на гэтым фронце, а Алімпіяда-2024 падорыць Украіне новых чэмпіёнаў і прызёраў», – сказала Саладуха.