Усе навіны

Кіраўнік БФЛА Ціхан: «Можам выступіць на адкрытым чэмпіянаце Індыі, Іран таксама такі робіць»

11 красавіка 2023, 20:48

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан расказаў пра альтэрнатыўныя турніры для беларускіх спартсменаў ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі.

– У тым годзе мы распрацоўвалі дзіцячы кірунак. У гэтым годзе нашы атлеты ў пачатку сакавіка выязджалі ў Іран.

– Праанансуеце? Куды мы адправімся?

– У бліжэйшы час мы пакуль прапрацоўваем. Тая ж Індыя, яна рабіла свой чэмпіянат адкрытым. Гэта дазваляе выступаць нам на гэтых спаборніцтвах. Той жа Іран чэмпіянат Ірана таксама робіць адкрытым. Цяпер мы чакаем рашэння канчатковага па Расіі. Хаця яно агучана, але пісьмовага пацверджання пакуль не атрымалі. Адпаведна, калі будзе прынятае рашэнне па Расіі, цалкам магчыма, мы зможам арганізаваць сумесныя старты для нацыянальных каманд. Таму што да гэтага часу мы маглі толькі арганізоўваць старты для дзяцей да 15 гадоў, – сказаў Ціхан.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.