Усе навіны

Ірына Жук: «Ад некаторых канкурэнтак атрымлівала паведамленні, што для іх я чэмпіёнка свету»

9 снежня, 13:37

Беларуская лёгкаатлетка Ірына Жук распавяла, як падтрымлівае сувязь з канкурэнтамі з міжнароднай арэны.

– Наколькі вы цяпер канкурэнтаздольныя ў параўнанні з сусветнымі лідарамі?

– Сёлета супастаўляла толькі летам, калі выступала сама. Тады мой вынік быў пятым у свеце. А ў астатнім – стараюся агароджваць сябе ад лішняй інфармацыі, асабліва ў дні, калі праходзяць чэмпіянаты Еўропы і свету.

– Чаму?

– Гэта складана. Бо ў нейкай ступені адабралі тое, пра што марыла ўсё жыццё. Прычым у маім выпадку ўсё атрымалася як бы больш хваравіта. Узімку 2022 года я пераадолела вышыню 4,80, стала на той час другой у сусветным рэйтынгу. Доўга ішла да таго, каб быць на ўзроўні лёгкаатлетычнай эліты. І вось толькі адчула смак перамог, пачала выйграваць, стала ў гэтай атмасферы круціцца, а тут... літаральна праз тыдзень пасля таго, як выйграла ў алімпійскай чэмпіёнкі Кэці Мун, нас адхілілі і пазбавілі ўсіх магчымасцяў.

– З сакавіка 2022-га была на сувязі з канкурэнткамі, хто-небудзь пісаў?

– Пара чалавек. Прозвішчы, праўда, называць не стану. Вось, падчас чэмпіянату свету ў памяшканнях ад некаторых атрымала паведамленні такога зместу... маўляў, шкада, што цябе няма, для нас менавіта ты – чэмпіёнка свету, таму што не можам прызнаваць вынікі, калі не ўдзельнічаюць такія спартсмены. Хоць які вынік я б паказала ў Будапешце, разважаць ужо няма сэнсу, – сказала Жук.