Усе навіны

Антон Смольскі: «АГ – мая асноўная мэта, але, на жаль, ніякіх зрухаў у станоўчы бок аб допуску беларусаў няма»

19 верасня, 17:22

Біятланіст зборнай Беларусі і падпісант за рэжым Антон Смольскі выказаўся пра міжнародны бан беларускіх спартоўцаў.

«Хочацца ўдзельнічаць у сусветных турнірах, змагацца з наймацнейшымі ў свеце, складаць ім канкурэнцыю і перамагаць на міжнародных спаборніцтвах, але, на жаль, ніякіх зрухаў у станоўчы бок аб допуску расійскіх і беларускіх біятланістаў няма.

Алімпійскія гульні – асноўная мая мэта. Думкі пра іх дапамагаюць штодня выходзіць на трэніроўкі, знаходзіць унутраную матывацыю. Без мэты складаней дабівацца поспехаў. Вядома, ёсць асцярогі, што нас могуць не дапусціць і мы не зможам прыняць удзел у Алімпіядзе, але я гэтым думкам не даю ўзяць верх і проста трымаю арыенцір – Алімпіяда 2026 года. Гэта дапамагае мне не здавацца сёння», – сказаў Смольскі.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.