Tribuna/Баскетбол/Блогі/Баскетбольная площадка/Ватная дзяўчына і насценны каляндар - БФБ вырашыла пракачаць свае сацсеткі з дапамогай «эксклюзіўных» падарункаў

Ватная дзяўчына і насценны каляндар - БФБ вырашыла пракачаць свае сацсеткі з дапамогай «эксклюзіўных» падарункаў

Ці атрымаецца?

Аўтар — KentYara98
13 снежня, 00:07
Ватная дзяўчына і насценны каляндар - БФБ вырашыла пракачаць свае сацсеткі з дапамогай «эксклюзіўных» падарункаў

Беларуская федэрацыя баскетбола ў апошнія дні паводзіць сябе даволі актыўна. Тут і публічны наезд на БК «Мінск» ад яе кіраўніка Максіма Рыжанкова, і феерычны паход іх генсакратаркі Насты Марынінай на дзяржТВ, з якога мы даведаліся, што чыноўніца блытаецца ў лічбах і шмат фантазіруе аб патэнцыйнай агрэсіі ў бок беларускіх спартоўцаў.

12 снежня БФБ дала чарговую нагоду звярнуць на сябе ўвагі. У арганізацыі, верагодна, вырашылі сабраць навагодняга кантэнту, створанага рукамі карыстальнікаў і пракачаць свае сацсеткі, аб'явіўшы конкурс.

Механіка конкурсу простая: карыстальнік з адкрытай старонкай павінен падпісацца на акаўнт БФБ у інстаграм, затым запісаць відэа з «навагоднім баскетбольным пажаданнем» і апублікаваць яго з адзнакай федэрацыі і хэштэгам ВыходиНаПлощадку да 25 снежня.

Лепшыя ролікі абяцаюць апублікаваць у сацсетках БФБ, а пераможцаў чакае «эксклюзіўны» падарунак – навагодняя цацка «Выходзь на пляцоўку» ручной працы і каляндар.

У прадстаўленым да паста фота можна разгледзець унікальны сувенір. Ватная (літаральна) дзяўчына ў форме нацыянальнай зборнай з нумарам 24 на джэрсі і мячом для баскетбола 3x3 Wilson.

Яшчэ адным падарункам будзе насценны каляндар. Цяжка ўявіць узрост патэнцыйнага ўдзельніка, якому спатрэбіўся б такі прыз. Да дызайну календара таксама ёсць некаторыя пытанні – да чаго да баскетбольнай пляцоўкі дамалявалі пляцоўку для гульні ў класікі не вельмі зразумела.

Што ж, нават калі шмат жадаючых удзельнічаць добраахвотна не знойдзецца, БФБ заўжды можа выкарыстаць свой адмінрэсурс.

Іншыя пасты блога

Усе пасты