Tribuna/Іншыя/Блогі/Хорошие тексты/«Справы беларусаў ва Украіне залежаць ад саміх беларусаў ва Украіне». Гуркоў пра стварэнне ГА «Пагоня» і дзейнасць арганізацыі

«Справы беларусаў ва Украіне залежаць ад саміх беларусаў ва Украіне». Гуркоў пра стварэнне ГА «Пагоня» і дзейнасць арганізацыі

Валанцёрства пад абстрэламі.

11 лютага, 19:42
«Справы беларусаў ва Украіне залежаць ад саміх беларусаў ва Украіне». Гуркоў пра стварэнне ГА «Пагоня» і дзейнасць арганізацыі

Віталь Гуркоў стала жыве ва Украіне з 2020 года і працуе трэнерам. Ён скончыў магістратуру Нацыянальнага універсітэта фізічнага выхавання і спорту Украіны, абраўшы тэмай «Спартыўную дзейнасць і сістэму падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спартоўцаў у адзінаборствах». Пра пачатак вайны, стварэнне грамадскага аб'яднання «Пагоня» і дзейнасць арганізацыі Гуркоў расказаў сайту Bysol.

Апошні год Віталь вяртаецца ў форму пасля леташняй аперацыі на каленях. Літаральна нядаўна Гуркоў атрымаў перамогу ў першым этапе кубка Украіны па тайскім боксе. Часам ён бярэ ўдзел у рознага кшталту дабрачынных зборах і аукцыёнах, падчас якіх збіраюць грошы для ЗСУ. Самай паспяховай можна назваць акцыю EVO DRONES пры падтрымцы 89.foundation, дзе ўдалося прыцягнуць 100 000 грыўняў для набыцця дронаў.

Паралельна з працай і вучобай Віталь дапамагае беларускім добраахвотнікам і з’яўляецца адным з заснавальнікаў грамадскага аб’яднання «Пагоня».

Напярэдадні поўнамасштабнай вайны спартоўца быў за мяжой, на Чэмпіянаце Еўропы, у трэнерскім складзе Зборнай Украіны. А сам пачатак вайны Віталь заспеў у Кіеве.   – Я не мог паставіцца абыякава. Да таго ж, шмат маіх сяброў пайшлі ваяваць, – кажа Гуркоў. – Два месяцы я быў у тэрабароне, а пасля пераключыўся на валанцёрскую дзейнасць. У першыя дні было шмат хаосу. Тым больш, на той момант вораг ужо быў у кіеўскай вобласці. Ахвочых пайсці ў тэраабарону было больш, чым магчымасцяў іх прыняць. Пераседзеўшы першую ноч уварвання, я ўступіў у тэрабарону. Гэта было першае месца, дзе я разумеў, куды еду і якія задачы буду выконваць.

Тады яшчэ не было ні палка Каліноўскага, ні «Пагоні».

– Калі вораг адступаў, і ў Кіеве зрабілася спакойней, пачалося ўпарадкаванне структуры тэрабароны, людзей сталі пераводзіць на кантрактную службу. У траўні я вярнуўся дадому і сыйшоў з тэраабароны. Я спрабаваў далучыцца да сяброў-украінцаў, якія на той момант ваявалі, але гэта было немагчыма праз пытанні з дакументамі. У полк Каліноўскага я ісці не хацеў, бо было шмат пытанняў і ўнутраных разборак. У выніку я цалкам пераключыўся на валанцёрскую дзейнасць і дапамогу. У мяне была магчымасць выязджаць за мяжу, каб прывозіць карысныя рэчы. Таму я ездіў па аўтамабілі і экіпіроўку для сяброў-украінцаў, якія далучыліся да Узброеных Сілаў Украіны, а потым пачаў дапамагаць беларускім добраахвотнікам.

Праз нейкі час Віталь Гуркоў разам з добраахвотнікамі з палка «Пагоня» стварылі Грамадскае Аб’яднанне «Пагоня»:     – У той час, з аднаго боку, ужо існаваў Полк Каліноўскага, які быў дастаткова медыйны і атрымліваў даволі шмат дапамогі. А з іншага боку, было многа беларускіх добраахвотнікаў, пра якіх ніхто не ведаў, але ім была патрэбная дапамога не меней. Так я пазнаёміўся з хлапцамі, якія былі ў Палку «Пагоня». Яны тады рухаліся самі, каля іх не было палітычных дзеячаў, такіх як Сахашчык ці Пракоп'еў, і яны не бралі ўдзелу ў жыцці падраздзялення. Далучаліся і іншыя беларускія добраахвотнікі, раскіданыя па розных падраздзяленнях: 79-ай асобная дэсантна-штурмавая брыгада, з брыгады спецпрызначэння Івана Богуна, Другі Інтэрнацыянальны легіён.

Усім неабходная была рознага кшталту дапамога. Дзесьці не хапала экіпіроўкі, лекаў, камусьці патрабавалася рэабілітацыя пасля раненняў. Таму ў лістападзе 2022 года было зарэгістраванае грамадскае аб’яднанне «Пагоня», якое давала магчымасць афіцыйна займацца валанцёрскай дзейнасцю, існаваць і дзейнічаць у прававым полі Украінскай дзяржавы. Акрамя таго, мы дапамагаем з верыфікацыяй і адкрыццём збораў на платформе BYSOL на рэабілітацыю добраахвотнікаў, экіпіроўку для іх бяспекі, рамонт аўтамабіляў, самі машыны».

Чым займаецца грамадскае аб’яднанне «Пагоня»?

«Пагоня» складаецца з беларусаў, якія стала жывуць ва Украіне. Многія з іх ваявалі і маюць пасведчанні ўдзельнікаў баявых дзеянняў:    – Дзякуючы баявому досведу, гэтыя людзі маюць кантакты амаль з усімі падраздзяленням: у кожнага ёсць сябры, якія ваююць на розных напрамках. Мяне ўражвае салідарнасць паміж добраахвотнікамі розных падраздзяленняў. Яны падтрымліваюць адно аднаго, наведваюць у шпіталях, шукаюць і перадаюць патрэбныя лекі.   Мы дапагаем беларускім добраахвотнікам незалежна ад падраздзялення, да якога яны належаць. Калі чалавеку патрабуецца дапамога, мы спрабуем дапамагчы. Мы дапамагалі другому інтэрнацыянальнаму легіёну, беларусам з 79-ай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, з брыгады спецпрызначэння Івана Богуна, з батальёна «Волат».

Каманда «Пагоні» налічвае каля 30 валанцёраў, сярод іх ёсць і юрыст, які дапамагае беларусам, якія сталі на абарону Украіны, вырашаць пытанні ў юрыдычным полі. З дапамогай «Пагоні» многія добраахвотнікі змаглі атрымаць пасведчанні ўдзельнікаў баявых дзеянняў, што часта бывае даволі складана. Сярод запытаў – дапамога з атрыманнем віду на жыхарства для беларусаў-добраахвотнікаў пасля завяршэння вайсковага кантракта; з дакументамі і дазволамі для іх родных і блізкіх, якія прыязджаюць іх наведаць; з дакументамі параненым байцам, каб яны своечасова атрымлівалі адпаведныя выплаты.

Часам валанцёры з «Пагоні» самі выязджаюць бліжэй да лініі фронту, каб нешта прывезці. Нядаўна паспяхова завершыўся збор на зімовае адзенне, і валанцёры даставілі яго 79-ай брыгадзе ДШБ.

– Калі мы ездзім да лініі фронту, усё звычайна праходзіць нармальна, адзінае, што можа быць гучна. Але было і такое, што хаты, дзе мы зазвычай спыняліся, ужо няма: прыляцела літаральна пад дзверы.

Віталь і сам не раз прывозіў валанцёрскую дапамогу для ЗСУ, у тым ліку, і ў Бахмут:

– Калі бываем на пазіцыях, дзе больш небяспечна, здараецца, прылятае побач з намі. Некаторых валанцёраў зачапіла аскепкамі, але не тое, каб штосьці сур’ёзнае. Такія паездкі – патрэбныя. Гэта магчымасць пабачыцца з сябрамі, паглядзець, у якіх умовах яны жывуць, прывезці нешта карыснае. А яшчэ важны момант: гэта паказвае ім, што іх не забываюць.

«Справы беларусаў ва Украіне залежаць ад саміх беларусаў ва Украіне»

Параненыя беларускія добраахвотнікі нярэдка сутыкаюцца з праблемамі рэабілітацыі. 

Калі добраахвотнік сам скасоўвае кантракт, у яго ёсць праблемы з лекаваннем у медыцынскіх установах Украіны. Пакуль чалавек знаходзіцца на кантракце, гэтыя пытанні закрывае дзяржава. Ёсць праблемы і з выплатамі кампенсацый родным беларусаў, якія загінулі падчас баявых дзеянняў. Аднак, паводле Віталя Гуркова, нягледзячы на складаныя працэсы збору і падачы дакументаў, а таксама доўгае чаканне, гэтыя праблемы зазвычай вырашаюцца. 

 – Кожны выпадак індывідуальны. Часам мы бачым у медыя, што некаму адмовілі з відам на жыхарства… Але ж мы не заўсёды ведаем, як было насамрэч і што стала прычынай адмовы. На маю думку, чалавек, які выбірае заставацца ў краіне, у якой ідзе вайна, робіць гэта не проста так. Гэта цяжкі выбар: вайна працягваецца, у краіне ёсць пэўныя сацыяльныя праблемы, не так проста знайсці працу, якая табе б падабалася.   Паколькі ГА «Пагоня» зарэгістраваная і знаходзіцца ў дзяржаўным рэестры Украіны, яно можа падаваць афіцыйныя запыты з просьбай разгледзець праблему пэўнага добраахвотніка. Такія лісты маюць юрыдычную сілу і мусяць быць афіцыйна разгледжанымі ўкраінскімі структурамі.     – Я заўсёды казаў, што справы беларусаў ва Украіне залежаць ад саміх беларусаў ва Украіне. Калі мы пра сябе не паклапоцімся, будуць праблемы, і іх трэба вырашаць на прававым узроўні», – кажа Віталь Гуркоў.

Такім чынам, грамадскае аб’яднанне дазваляе вырашыць шмат дробных пытанняў, якія па выніку будуць мець вялікае значэнне:    – Напрыклад, мы падавалі прашэнне дазволіць пераадукацыю добраахвотнікаў, якія раней знаходзілся на кантрактах у ЗСУ, а зараз захацелі пайсці на курсы перанавучання. Ім быў патрэбны пакет дакументаў, у тым ліку і від на жыхарства, а яго ў іх не было. У такіх выпадках мы пісалі запыт з просьбай вырашыць пытанні з падачай дакументаў на пераадукацыю на падставе таго, што чалавек раней знаходзіўся ў складзе ЗСУ. У пераважнай большасці выпадкаў дзяржаўныя ўстановы ідуць насустрач. Такое ўзаемадзеянне было ў нас і з Міністэрствам адукацыі, і з асацыяцыяй сапёраў Украіны. Звычайна там разумеюць, хто тыя людзі, якім мы просім дапамагчы, таму пытанні вырашаюцца.   Дзякуючы магчымасці ўзгаднення дакументаў аб адукацыі без сталага ВНЖ беларусы, у тым ліку былыя добраахвотнікі, могуць прайсці спецыяльныя курсы па спецыяльнасці «сапёр гуманітарнага размініравання» і атрымаць украінскі дыплом дзяржаўнага ўзору.

Гуманітарнае размініраванне з'яўляецца на дадзены момант важнай і актуальнай задачай. Яно ладзіцца на тэрыторыі Украіны, вызваленай ад акупантаў. Плошча такіх тэрыторый складае, па апошніх ацэнках, 174-175 тысяч квадратных кіламетраў. Гэта супастаўна з плошчай усёй Беларусі (Плошча Беларусі складае 207,6 тыс. кв. км – Tribuna.com).

Ва Украіне працуе некалькі дзясяткаў кампаній-аператараў гуманітарнага размініравання. Таму спецыялісты-сапёры вельмі запатрабаваныя. Такая праца дасць магчымасць былым добраахвотнікам адаптавацца да мірнага жыцця, займацца патрэбнай справай і мець заробак.

На дадзены момант ГА «Пагоня» падпісвае мемарандум аб узаемадзеянні з Асацыяцыяй сапёраў Украіны. Яна з'яўляецца сертыфікаваным аператарам гуманітарнага размініравання. Згодна з дамоўленасцю, беларусы, якія прайшлі навучанне і атрымалі дыплом сапёра, змогуць працаваць на аб'ектах размініравання ў складзе гэтай Асацыяцыі. Апроч навучання для гэтай працы сапёр таксама павінен мець камплект сродкаў абароны і спецыяльнае абсталяванне для пошуку выбуховых матэрыялаў. Для ажыццяўлення гэтай задумы мы збіраем сродкі праз сайт BYSOL: на навучанне і абсталяванне для першай групы.

 – Мы ўзялі на сябе сацыяльную функцыю. Важна, каб беларусы былі не толькі сярод вайскоўцаў, але і спрыялі больш хуткаму аднаўленню Украіны пасля яе вызвалення.

Іншыя пасты блога

Усе пасты