Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Сабаленка – у сусветным топе па заробках: шмат здабыла на корце, а вось у спонсарах моцна саступае іншым мільянеркам

Сабаленка – у сусветным топе па заробках: шмат здабыла на корце, а вось у спонсарах моцна саступае іншым мільянеркам

Рэпутацыя?

Блог — Матчбол
Аўтар — KentYara98
9 снежня, 10:00
Сабаленка – у сусветным топе па заробках: шмат здабыла на корце, а вось у спонсарах моцна саступае іншым мільянеркам

На днях выданне Sportico апублікавала рэйтынг з топ-15 спартсменак, якія зарабілі больш за астатніх у 2023 годзе. У спіс патрапіла і беларуская тэнісістка Арына Сабаленка. Падпісантка за рэжым заняла шостае месца з даходам у 12,2 мiльёна долараў. Аўтары, праўда, дадаюць, што з гэтай сумы яшчэ трэба адняць падаткi.

Сакрэт поспеху Сабаленка просты – у жаночым спорце пакуль няма такіх вялізных кантрактаў з клубамі ў гульнявых відах, як у мужчын, ну а ў тэнісе ў дзяўчат ёсць вялікія прызавыя. Увогуле, тэніс прадстаўляюць дзевяць з пятнаццаці ўдзельніц рэйтынгу – а шэсць з іх з прыкметным адрывам займаюць лідарскія пазіцыі, калі казаць пра заробак непасрэдна спортам (ён на графiцы нiжэй пазначаны светла-зялёным колерам).

Менавіта прызавыя склалі дзве траціны даходу Сабаленкі – 8,2 мільёна долараў. Больш, 9,9 мільёна, зарабіла толькі полька Іга Свёнтак, якая толькі на восем тыдняў аддавала Арыне першы радок сусветнага рэйтынгу. Больш за ўсё грошай Сабаленка прынесла перамога на Australian Open у пачатку года – тады тэнісістка зарабіла крыху больш за два мільёны долараў. 1,5 мiльёна прынёс фiнал US Open, больш за 1,2 мiльёна – перамога на спаборнiцтвах прэстыжнай серыi WTA 1000 у Мадрыдзе. Чатыры турнiры далi заробак па 600-700 тысяч кожны, а хоць нешта (ад дзясятка да пары соцень тысяч) Сабаленка зарабiла яшчэ на дзевяцi турнiрах. Пры гэтым яна застаецца незадаволенай – падпiсала лiст са скаргай на тое, што мужчыны зарабляюць болей (ёсць версiя, што гэта лагiчна, таму што мужчынскi тэнiс выклiкае больш цiкавасцi гледачоў).

Па-за кортам Сабаленка змагла зарабiць 4 мільёны долараў – i для рэйтынгу Sportico гэта вельмi мала: горш сабе паказалi толькi яшчэ дзве тэнiсiсткi, Джэсіка Пегула i сяброўка Арыны Онс Жабер. Тая ж Свёнтак здолела атрымаць 12 мільёнаў, а ў яе спонсарах – велізарная індыйская IT-фірма Infosys, гігант банкаўскіх карт Visa, знакамітыя вытворцы гадзіннiкаў Rolex і аўтамабіляў Porsche, плюс яшчэ некалькі кампаній паменш, так што полька нават наогул без прызавых амаль абагнала б Сабаленка. А пара тэнісістак, уласна, абагналі – Эма Радукану (амаль не гуляла) і Наомі Осака (не выступала наогул) проста геніі рэкламы, хоць у час тэнісных поспехаў яны зараблялі яшчэ больш.

У Сабаленкі ж, паволе звестак Forbes, даход практычна цалкам забяспечаны ўсяго адным рэкламным кантрактам – з Nike. Цалкам магчыма, на астатніх патэнцыйных спонсараў усё ж уплывае пэўная рэпутацыя беларускай тэнісісткі, якая і не выканала сваё абяцанне наконт публічнай падтрымкi ўкраінцаў, дадзенае пасля пачатку Расіяй вайны ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, і ад сувязяў з Лукашэнкам адхрысцілася не вельмі ўпэўнена.

Супрацоўніцтвам з Nike Сабаленка задаволеная – вырабленую пад яе фірмай тэнісную сукенку называла «вельмі зручнай і унікальнай» і дадавала, што «адчувае сябе як Барбі». А што буйны брэнд спартыўнага адзення падтрымлівае беларускага прарэжымнага атлета – гэта ўжо даўно не здзіўляе: напрыклад, Puma не змагла адмовіцца нават ад Максіма Недасекава, якім можна адрэкламаваць куды менш, чым Арынай.

Акрамя Nike, у Сабаленкі ёсць дамовы, здаецца, толькi з яшчэ двумя фiрмамi – вытворцамi ракетак Wilson i спартыўных фiтнес-трэкераў WHOOP. Не так даўно тэнісістка прарэкламавала ў сацсетках «прэбiятычную» газіроўку (там памяншаюць колькасць цукру і дадаюць пабольш клятчаткi), а таксама рэкамендавала сэрвіс арэнды машын у амаль «родным» для сябе Маямі, але гэта выглядала як водгук задаволенага кліента, а не які-небудзь новы кантракт. І так, яшчэ Сабаленка ўвосень прапіярыла для сваёй аўдыторыі пэўнага чалавека – з вельмі неадназначнай біяграфіяй.

Іншыя пасты блога

Усе пасты