Tribuna/Тэніс/Блогі/Матчбол/Сабаленка дадуць грошай у яшчэ адной краіне з катаваннямі i забойствамi непажаданых – там вялікія планы на тэніс у цэлым

Сабаленка дадуць грошай у яшчэ адной краіне з катаваннямі i забойствамi непажаданых – там вялікія планы на тэніс у цэлым

Спартсвошынг.

Блог — Матчбол
Аўтар — bytribuna com
19 снежня, 07:01
Сабаленка дадуць грошай у яшчэ адной краіне з катаваннямі i забойствамi непажаданых – там вялікія планы на тэніс у цэлым

Арына Сабаленка не так даўно скончыла сезон-2023, у якім дабілася значных для сябе вынікаў – і ўвайшла ў сусветны топ спартсменак, якія зарабілі больш за астатніх.

Але занадта доўга падпісантка за рэжым не адпачывае – новы сезон у яе пачнецца ўжо 26 снежня. І звязана гэта з праектамі Саудаўскай Аравіі – яны вельмі грашовыя для тэніса, але відавочна пахнуць адмываннем рэпутацыі аўтакратыі праз спорт (у англійскай ёсць ёмісты тэрмін «спартсвошынг»). Раскажам падрабязней, у чым замяшаная Сабаленка.

26 снежня Сабаленка правядзе выставачны матч у Эр-Рыядзе – сталіцы Саудаўскай Аравіі. Другая ракетка свету сустрэнецца з шостай – туніскай Онс Жабер. Мерапрыемства пазіцыянуюць як сустрэчу «найлепшых гульцоў свету», хоць адпавядае гэтаму лозунгу яна толькі ў мужчынскай частцы – там прыедуць лідар рэйтынгу ATP серб Новак Джокавіч і яго галоўны праследавальнік іспанец Карлас Алькарас. Чаму так не атрымалася ў жаночым, афіцыйна не казалі, але можна згадаць, што першы нумар рэйтынгу Іга Свёнтак з Польшчы казала пра важнасць грамадзянскіх правоў, з якімі ў СА праблемы (пра што больш падрабязна ніжэй). Ну а прысутнасць Жабер зразумелая – яна належыць да арабскай супольнасці, якая моцна ганарыцца сваімі прадстаўнікамі.

Яшчэ адзін фактар за выбар Сабаленка ў якасці суперніцы Жабер – тое, што дзяўчат можна назваць прыяцелькамі. Яны не раз праводзілі час разам і прысвячалі адна адной сторыс у Instagram, у якіх Арына нават з вясёлымі эмодзі прызнавалася ў любовi да Онс. А ёсць і яшчэ адзін момант, які аб“ядноўвае гэтых тэнісістак – уменне рабіць спрэчныя палітычныя выказванні: не так даўно Асацыяцыя тэніса Ізраіля падала на Жабер афіцыйную скаргу пасля яе паста, у якім туніска заклікала да «свабоды для Палесцiны».

Памеру прызавых за матч у Эр-Рыядзе не аб“яўлялі, аднак можна не сумнявацца: Сабаленка ўстала ў першы шэраг тых, хто заробiць дзякуючы жаданню Саудаўскай Аравіі патраціцца на сусветны тэніс. Тым больш Арына якраз была ў шэрагах тых, хто скардзіўся на недастаткова высокія, няхай і мільённыя, заробкі. Няма сумневаў, што саудаўцы пацягнуць патрабаванні – напрыклад, гарантаваны гадавы заробак для прадстаўніц топ-250 рэйтынгу WTA у тым памеры, якога хочуць тэнісісткі, сумарна роўны ўсяго трэцяй частцы гадавога акладу Крышцiяну Раналду ў «Аль-Насры».

Цяпер эксперты малююць два варыянты будучыні: альбо ATP і WTA аб“яднаюцца, альбо чатыры турніры «Вялікага шлема» паспрабуюць выкупіць дзесяць «Мастэрсаў» і арганізаваць свой топ-тур. У абодвух выпадках у прагнозах фігуруе фінансавая дапамога з СА. Пакуль аравійскія інвестары хочуць стварыць новы «Мастэрс», які будзе праводзіцца ў самым пачатку года, і перавезці на сваю тэрыторыю выніковы турнір WTA. І тут на карысць саудаўцам ідзе крытыка наконт арганізацыі нядаўняга такога турніру ў мексіканскім Канкуне.

Саудаўская Аравія ўжо мае свае поспехі ў атрыманні турніраў. У лістападзе краіна прымала Выніковы турнір ATP U-21. Арганізатары не паскупіліся на прызавыя. Пераможца турніру серб Хамад Мед“едавіч за пяць перамог у пяці матчах павёз дадому вялікія 514 тысяч долараў – больш грошай у мужчынскім туры можна зарабіць толькі за выйгрыш турніру «Вялікага шлема» і «Мастэрса».

Аднак сярод аматараў тэніса папулярнае меркаванне, што Саудаўская Аравія проста спрабуе ў чарговы раз заняцца спартсвошынгам – тэніс далёка не першы від спорту, які «раптам» захацелі спансіраваць у аўтакратыі, дзе сістэматычна парушаюцца правы чалавека. Як і ў Беларусі, у Саудаўскай Аравіі прымяняецца смяротнае пакаранне, прычым вышэйшую меру пакарання можна атрымаць за пазашлюбныя палавыя адносіны, гомасексуалізм, блюзнерства і «чарадзейства». СМІ не раз паведамлялі пра вялікія тэрміны саудаўскім праваабаронцам і грамадзянскім актывістам. Палітычных зняволеных, дакладная колькасць якіх невядомая, у Саудаўскай Аравіі падвяргаюць гвалту і катаванням. Законам забароненыя як вусныя, так і пісьмовыя абмеркаванні дзейнага палітычнага ладу.

Праблемы з правамі чалавека адбіваюцца ў розных рэйтынгах. Праваабарончая арганізацыя Freedom House у 2023-м назвала Саудаўскую Аравію несвабоднай краінай – такога ж звання ўдастоiлася і Беларусь. У рэйтынгу свабоды слова за 2023 год ад праваабаронцаў з «Рэпарцёраў без межаў» Саудаўская Аравія нават ніжэй за Беларусь – 170-е месца супраць 157-га (са 180 агульных).

Грузавік перад стадыёнам набытага Саудаўскай Аравіяй «Ньюкасла» нагадвае пра гiбель непажаданага ўладам краіны журналіста Джамала Хашогі, якога катавалі перад забойствам у саудаўскім консульстве ў Турцыі

Усё гэта не перашкаджае Саудаўскай Аравіі мець нармальныя адносіны з дэмакратычнымі краінамі – і спорт тут толькі адна з частак плана, які дапамагае кантактам. План гэты называецца Saudi Vision 2030, галоўная яго мэта – фактычна замацаваць уплыў Саудаўскай Аравіі ў свеце, паменшыўшы ўласную залежнасць ад нафтавых даходаў і павысіўшы рэпутацыю краіны самымі рознымі спосабамі. У тым ліку саудаўцы спрабуюць паказаць, што паляпшаюць сітуацыю з правамі жанчын – ім нават, не паверыце, дазволілі вадзіць аўтамабіль.

Дарэчы, у тэнісе тварам СА стала жанчына – з 2021-га мясцовую федэрацыю ўзначальвае Арыж Мутабагані (першая кіраўніца ў гісторыі ўсіх спартыўных арганізацый краіны). Праўда, у каментарыях да навін пра тэнісныя матчы ў Эр-Рыядзе іранічна ўспомнілі, што Мутабагані афіцыйна нават не можа прыйсці на трыбуну без суправаджэння мужчыны – і нават так хадзіць на стадыёны жанчынам у Саудаўскай Аравіі дазволілі ўсяго некалькі гадоў таму.

Іншыя пасты блога

Усе пасты