Tribuna/Футбол/Блогі/Virus Spartovy/Беларусы выпусцяць канкурэнта FIFA – тысячы чакаюць, Раналду і Зінчанка рэкламуюць, беларускі акцёр стварае анімацыю

Беларусы выпусцяць канкурэнта FIFA – тысячы чакаюць, Раналду і Зінчанка рэкламуюць, беларускі акцёр стварае анімацыю

Рэліз ужо ў гэтым годзе!

Блог — Virus Spartovy
Аўтар — Замір Закіеў
24 ліпеня, 17:09
Беларусы выпусцяць канкурэнта FIFA – тысячы чакаюць, Раналду і Зінчанка рэкламуюць, беларускі акцёр стварае анімацыю

Беларуская студыя Strikerz Inc больш за шэсць гадоў займаецца распрацоўкай гульні пад назвай UFL, якая можа стаць сапраўдным канкурэнтам FIFA (ці EA Sports FC), eFootball (ён жа PES) ды іншых футбольных сімулятараў.

Адзін з сузаснавальнікаў гульні Сяргей Бруй так гаварыў пра старт працы над UFL: «2016 год, мы з партнёрамі ў таксі ў Тэль-Авіве, пітч вар'яцкай ідэі, сумневы і страхі, падпаленыя вочы. Мы вырашылі зрабіць новы футбольны сімулятар. Так каб бясплатна, з зоркамі футбола, без новых нацягнутых абнаўленняў пад выглядам новай гульні па поўнай цане. І панеслася. Гады распрацоўкі, міжнародная каманда Strikerz у 200 чалавек, новыя моцныя партнёры».

Дарэчы, наконт партнёраў. UFL на дадзены момант супрацоўнічае з «Вэст Хэмам», «Барусіяй» Мёнхенгладбах, «Шахцёрам» Данецк, «Манака» і інш. Сярод футбольных зорак, якія прадстаўляюць футсім, ёсць Аляксандр Зінчанка, Рамэлу Лукаку, Раберта Фірміна, Кевін дэ Бруйнэ і – галоўная зорка – Крышціяну Раналду (футбаліст рэкламаваў гульню ў сваім Facebook).

Таксама сярод партнёраў ёсць паўпрафесійны клуб «Хэштэг Юнайтед», які знакаміты сваім YouTube-каналам. Беларускія распрацоўшчыкі нават спраектавалі для каманды стадыён у гульні. Паглядзіце на гэтую мадэрновую арэну.

На YouTube-канале ўжо самой гульні можна пабачыць шмат відэа, дзе падрабязна расказваецца аб працэсе стварэння UFL. Напрыклад, у роліку ніжэй апісваецца праца бэкэнда, тлумачыцца сутнасць паняцця «метагульня», механізму падбора сапернікаў (matchmaking), збора дадзеных.

Ёсць розныя відэа: пра стварэнне стадыёнаў, анімацыі і іншых элементаў гульні. І зручна, што студыя дадае да сваіх відэа субцітры (у тым ліку і на беларускай мове).

Адносна анімацыі трэба дадаць, што ў студзені 2022-га выйшаў геймплэйный трэйлер. І гледачы аказаліся незадаволенымі, бо паказаная ў роліку графіка віртуальных футбалістаў была даволі састарэлай. Але ў канцы мінулага года галоўны тэхнічны дырэктар праекта Макс Чарнега трохі супакоіў скептыкаў, распавёўшы і паказаўшы, як Strikerz Inc ўдасканаліла свой прадукт. Асаблівую ўвагу распрацоўшчыкі надалі як раз рухам футбалістаў, яны сталі куды больш прапрацаванымі. Проста параўнайце дзве версіі.

Стварэннем анімацыі Strikerz займаюцца сумесна з беларускай студыяй аптычнага захопу руху Mocap One. Адным з людзей, рухі якога ў будучым будуць выкарыстоўвацца ў гульні зоркамі футбола, з'яўляецца Сяргей Жбанкоў. Ён працуе акцёрам тэатра імя Горкага ў Мінску, а таксама вы яго можаце ведаць як акцёра агучкі (калі вы глядзелі фільмы ці мультфільмы па-беларуску, то, хутчэй за ўсё, чулі голас Жбанкова). Фота з працэсу па стварэнні анімацыі Сяргей дзеліцца ў сваім Instagram.

Судзячы па колькасці праглядаў на афіцыйным канале гульні і на відэа ад блогераў, якія расказваюць пра UFL, выхад гульні чакаюць тысячы фанатаў футбола.

Калі ж сам рэліз гульні? На мінулым тыдні выканаўчы дырэктар Strikerz Inc Яўген Нашылаў заявіў, што ўжо ў верасні пачнецца закрытае бэта-тэсціраванне гульні. А гэта значыць, што афіцыйны рэліз бесплатага беларускага футбольнага сімулятара адбудзецца на прыканцы 2023 года.

Іншыя пасты блога

Усе пасты