Tribuna/Бокс/Блогі/Выглядае як мінскі Z-манастыр, а па факце – «праваслаўны холдынг». Там русіфікуюць дзяцей, а дапамагае ў гэтым экс-баксёр зборнай

Выглядае як мінскі Z-манастыр, а па факце – «праваслаўны холдынг». Там русіфікуюць дзяцей, а дапамагае ў гэтым экс-баксёр зборнай

Сябар Сялімава на падхваце.

Аўтар — bytribuna com
25 сакавіка, 15:00
Выглядае як мінскі Z-манастыр, а па факце – «праваслаўны холдынг». Там русіфікуюць дзяцей, а дапамагае ў гэтым экс-баксёр зборнай

19 сакавіка каманда беларускіх журналістаў-расследвальнікаў «Бюро Медыя» выпусціла вялікі матэрыял пра дзейнасць мінскага Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Мы ўжо расказвалі, як актыўна там падтрымліваюць Расію ў вайне, якую краіна ад 24 лютага 2022 года працягвае ва Украіне пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

Ужо даўно сказана, што ў кіраўніка манастыра Андрэя Лемяшонка ў арсенале не толькі рыторыка рэжымнай прапаганды, але і поўная «скіраванасць на тое, як зарабіць грошай». «Бюро Медыя» падрабязней вывучыла сітуацыю – і выявіла тое, што назвала «праваслаўным холдынгам»: 7 юрыдычных асоб, 300 гектараў зямлі ў звязанай арганізацыі, 70 царкоўных крам – і гэта далёка не ўсё. У «холдынгу» – каля 1600 супрацоўнікаў, якім плацяць заробкі па «шэрай» схеме: падатковым органам «паказваюць» толькі 15%, а астатнія 85% афармляюць як «ахвяраванне», якое падаткамі не абкладаецца. Паслугі «холдынга» практычна немагчыма аплаціць безнаяўна, а па дакументах гэта будзе называцца і ўвогуле не аплатай паслуг – а, зноў жа, нібы «ахвяраваннем на манастыр», каб ухіліцца ад падаткаў. Вядома, калі б лукашэнкаўскія «сілавікі» захацелі, то даўно «прыкрылі» б гэтую «лавачку» – але пры рэжыме так робяць толькі з непажаданымі. Лемяшонак жа – верны прыхільнік дыктатара (які асабіста прыязджаў у манастыр) і нават, па чутках, хрысціў Мікалая Лукашэнку.

Нас жа асабліва зацікавіў, так мовіць, «адукацыйны» кірунак манастыра, пра які распавяло «Бюро Медыя». Там не толькі «праваслаўны дзіцяча-юнацкі рух» пад папулярнай у СССР назвай «Арлята», але і ўласная прыватная «праваслаўная сярэдняя школа» «Іхвіс» – адна з нямногіх, якую рэжым не закрыў падчас «зачысткі» прыватнікаў. Аднак, акрамя адукацыйнай праграмы, вучні «Іхвіса» і ўдзельнікі «Арлят» уцягнутыя ў прарасійскую прапаганду, удзельнічаюць у фестывалях і канцэртах з падтрымкай расійскай агрэсіі ва Украіне. Напрыклад, фота ніжэй – канцэрт пад расійскім прапагандысцкім лозунгам «Сваіх не кідаем» у манастырскім цэнтры «Каўчэг» з удзелам дзяцей, прычым адной з дзяўчынак далі не проста расійскі сцяг, а з нанесеным на яго акупанцкім Z-сімвалам.

Што яшчэ болььш страшна, дзяцей паслядоўна вучаць, што іх Радзіма – нібыта Расія: у гэтым студзені ў акаўнце «Арлят» распавялі, як сумясцілі «Радзімазнаўства» і афармленне паштовак для салдат расійскай акупацыйнай арміі (на паштоўках былі праштампаваныя сумешчаныя чырвона-зялёны сцяг і расійскі трыкалор), а ў лютым у межах гульні «Юны патрыёт» расказвалі пра «абаронцаў Святой Русі». З іншага боку, як яшчэ можа быць у «холдынгу» Лемяшонка, які заяўляе пра нібыта «адзіны народ Белай Русі, Вялікай Русі і Малой Русі – Украіны». Расійскую дзейнасць па ідэалагічнай «пераробцы» ўкраінскіх дзяцей у расіян міжнародная супольнасць прызнала генацыдам – мінскі манастыр вядзе сваю працу, якая разбурае беларускую самаідэнтыфікацыю юных выхаванцаў.

Ну а сярод іншага ў «Арлятах» надаюць увагу спорту – праводзяць «турніры» і «фестывалі» па розных відах. У верасні 2023-га ў акаўнце руху зʼявіўся пост пра важнасць спорту для дзяцей – і растлумачылі, хто ўваходзіць у «каманду», якая займаецца з сябрамі «Арлят» (гэта пацвярджаецца і мноствам фота).

Гэтыя ж прозвішчы «Бюро Медыя» выявіла ў апісанні прарэжымнага «педагагічнага праекта», які ўкараняюць у 20 навучальных установах. Указана, што Ігар Сігневіч, Вазген Сафарʼянц плюс Джавід Гамзатаў праводзяць «працу з навучэнцамі», чым «спрыяюць умацаванню інстытута сямʼі праз ажыццяўленне дзейнасці ў галіне здароўязберажэння» (настолькі бюракратычная фармулёўка, так). Укараненне праекта ў «Арлят», дарэчы, таксама абмяркоўвалі.

Сігневіч, якога называюць пяціразовым чэмпіёнам свету па гіравым спорце, мае старонку ў рускамоўнай версіі Вікіпедыі з указаннем пераможных турніраў – нам удалося знайсці яго не ва ўсіх пратаколах гэтых спаборніцтваў, а там, дзе Сігневіч значыўся пераможцам, у яго было ўсяго па два-тры супернікі. Што яшчэ больш дзіўна, у тыя гады, калі спартсмен нібыта станавіўся чэмпіёнам свету, яго не выявіць у пратаколах чэмпіянатаў Беларусі.

Дасягненні яго калег больш зразумелыя. 39-гадовы Сафарʼянц – армянін па паходжанні, які нарадзіўся ў расійскай Асеціі, дзе стаў займацца боксам, а ў Беларусь пераехаў толькі ў 21 год па патрабаванні бацькі. Пад чырвона-зялёным сцягам адразу ж узяў бронзу ЧЕ-2006, а ў 2008-м дабіўся ўжо срэбра турніру. У 2012-м зʼездзіў на АГ, дзе вылецеў у 1/8 фіналу, а ў 2013-м на ЧЕ ў Мінску стаў віцэ-чэмпіёнам. Больш такіх поспехаў не было, хоць Сафарʼянц працягваў карʼеру да 2020-х. У 2020-м ён, як і Сігневіч, падпісаўся за Лукашэнку.

34-гадовы лезгін Гамзатаў нарадзіўся і вырас у Дагестане. У 17 атрымаў запрашэнне пераехаць у Беларусь – ад цяперашняга кіраўніка БФБ, таксама выхадца з Дагестана Аліма Сялімава, які быў натуралізаваны да таго. Гамзатаў пагадзіўся і стаў для Сялімава і сябрам, і вучнем, і канкурэнтам па вагавой катэгорыі ў грэка-рымскай барацьбе. Поспехі да Гамзатава прыйшлі пасля канца карʼеры Сялімава, які ўсяляк падтрымліваў таварыша, грашыма ў тым ліку. На рахунку Гамзатава бронза ЧС-2013, але галоўнае – бронзавы медаль АГ-2016. Дарэчы, у Рыа барэц у паўфінале ўсухую прайграў Жану Белянюку, цяперашняму ўкраінскаму дэпутату. Гамзатаў жа не патрапіў на АГ-2020 і скончыў карʼеру, зараз трэнуе юніёрскую зборную Беларусі.

Злева направа: Гамзатаў, Сафарʼянц, Сігневіч

«Педагагічнаму праекту» аказвае падтрымку прарэжымнае ГА «Патрыёты Беларусі», а спонсары – фірмы «БАМ», «Вітааква» і «СігБел». Апошнюю заснаваў, уласна, Сігневіч, а ў «БАМ» і «Патрыётаў Беларусі» адныя бігбосы – заўзяты рэжымнік, намеснік старшыні беларускай федэрацыі шахмат Мікалай Зарубіцкі і Уладзімір Кулакоў, муж сястры Ганны Лукашэнка (той самай, якая, будучы замужам за Дзмітрыем Лукашэнкам, прарэжымныя песні). Зарубіцкі з Кулаковым яшчэ і маюць дачыненне да вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, дзе ім, зноў жа, спрабуюць змяніць светаўспрыманне на прарасійскае.

У Instagram-акаўнце Сігневіча сказана, што ён – «прадстаўнік» ГА Зарубіцкага, а сам профіль забіты фота з прарэжымных мерапрыемстваў, часам побач з Віктарам Лукашэнкам ці там Дзмітрыем Баскавым. Практычна з кожнага паста Сігневіча вынікае, што яго суправаджаў Сафарʼянц, часам да іх далучаўся і Гамзатаў.

Сафарʼянц таксама ўзначальвае беларускую філію расійскага фонду «Спорт пачынаецца з дзяцей», дзе заяўляюць, што дапамагаюць малазабяспечаным юным спартсменам, называючы іх «амбасадарамі». Сярод такіх у Беларусі – і падапечны Гамзатава Вячаслаў Жагалаў. Ахвяраванні прымаюцца ў расійскіх рублях – пазначана, што 19-гадоваму спартсмену трэба 30 тысяч (то бок крыху больш за 300 долараў) на экіпаванне. У іншых «амбасадараў» неабходная сума ўвогуле не пазначана.

Расійскі фонд ужо мае свае філіі і на акупаваных тэрыторыях Украіны. Заснаваў фонд былы баксёр Антон Кабанаў, а галоўны папячыцель – акцёр Міхаіл Парэчанкоў, які падтрымлівае Пуціна і вайну і не раз бываў на акупаваных тэрыторыях.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты