Усе навіны

Чэмпіён АГ Раманькоў: «Зборная Беларусі раней не трэніравалася разам з Расіяй, як зараз. Ім, канешне, будзе гэта не цікава. Але мы ж расці будзем»

13 лютага 2023, 19:09

Чэмпіён Алімпійскіх гульняў па фехтаванні Аляксандр Раманькоў і в.а. старшыні Беларускай федэрацыі фехтавання Віталь Сакалоўскі расказалі аб поспехах і развіцці віду спорту ў цяперашні час.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Як вынікаў дабіцца зараз? Ёсць людзі, якія разумеюць і кажуць: «Мы – сэрца Данко, мы вас вывядзем з гэтага»?

Віталь Сакалоўскі: А мы зараз гэтым і займаемся.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Эфект, вынік чакаеце праз колькі?

Аляксандр Раманькоў: Давайце скажам так. Фехтаванне не развіваецца, вось, мы сказалі: раз, – і праз год усё. Палілі, вырасла, пайшло. Не, фехтаванне вельмі доўга расце. Трэба вельмі шмат прайсці стадый, якія праходзяць толькі з гадамі, з досведам. З усімі тымі крокамі і вышынямі, якія ты бярэш. Адразу прыйсці туды не можаш. І, улічваючы, што мы раней так не трэніраваліся разам з Расіяй, як цяпер (многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі – Tribuna.com).

Яны мацнейшыя за нас, размоваў няма. Гэта машына, вялікая машына. Але нам паездзіць, павучыцца, патрэніравацца. Ім, канешне, будзе гэта не цікава. Але мы ж расці будзем. Размоваў няма. Толькі ў гэтым плане трэба будзе, каб прайшлі спаборніцтвы, Кубак. Я паглядзеў там на хлопцаў. Адабраць пяць-сем чалавек вельмі нават можна.

Віталь Сакалоўскі: Яшчэ год таму мы былі ўвогуле… Па ўсіх узростах мы выязджалі на першынствы, чэмпіянаты і кубкі Расіі – не было медалёў увогуле.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Мы былі ў дваццатцы?

Віталь Сакалоўскі: Так. Не тое што ў дваццатцы. Я зараз нават не буду называць гэтыя месцы. Гэта не сутнасць важна. У нас не было медалёў увогуле. Былі асобныя добрыя выступы, трапленні кагосьці ў васьмёркі, але гэта браць не будзем зараз за аснову. Я да чаго вяду? У нас першая вестачка – першынство Расіі да 15 гадоў у Казані. Паехалі – чатыры медалі. Рапірыст з Гродна, шабліст з горада Мінска і шабельная мужчынская каманда.

Кубак Расіі па дарослых. Кацярына Пашэрнёва сярод 111 удзельніц абыгрывае ў чвэрцьфінале, у паўфінале чэмпіёнак, прызёрак свету. Займае другое месца, сярэбраны медаль.

У нас сапраўды нават вось зараз ужо можна рабіць пэўны зрэз і бачыць, што вынік пайшоў, што пайшла дынаміка станоўчая. Мы гатовыя, як кажуць, зрабіць усё, што ад нас залежыць. І ўсе веды, усе ўменні.