Усе навіны

Еўрапейская канфедэрацыя фехтавання адхіліла беларусаў і расіян ад спаборніцтваў

25 чэрвеня, 10:45

Расійскія і беларускія спартсмены і афіцыйныя асобы былі дыскваліфікаваныя Еўрапейскай канфедэрацыяй фехтавання (EFC), паведамляе Inside The Games.

Рашэнне было прынята на кангрэсе арганізацыі ў польскім горадзе Кракаве, які прымае Еўрапейскія гульні.

Дэлегаты разгледзелі дзве прапановы прэзідэнта Федэрацыі фехтавання Украіны Міхаіла Ілляшава, прынятых 23 галасамі «за». 10 федэрацый-членаў з 43 прагаласавалі «супраць».

«Украінская федэрацыя фехтавання прадстаўляе прапановы да чарговага Кангрэсу Еўрапейскай канфедэрацыі фехтавання (EFC), прызначанага на 24 чэрвеня 2023 года ў Кракаве:

1. Не дапускаць да ўдзелу ў спаборніцтвах EFC спартсменаў, трэнераў, афіцыйных асоб, якія маюць грамадзянства Расіі або Беларусі і ліцэнзіі, зарэгістраваныя Федэрацыяй фехтавання Расіі і/або Федэрацыяй фехтавання Беларусі.

2. Прыпыніць членства ў EFC Федэрацыі фехтавання Расіі і Федэрацыі фехтавання Беларусі ў сувязі з грубым парушэннем маральных прынцыпаў годнасці, дабрадзейнасці і адносін з краінамі, правіл паводзін і агульных прынцыпаў спартыўнай справядлівасці», – прапаноўвалася ў лісце Ілляшава.

Прадстаўнікі Расіі і Беларусі не змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах U-23 і сярод кадэтаў. Аднак яны могуць удзельнічаць у кантынентальных спаборніцтвах для дарослых, паколькі яны праходзяць пад эгідай Міжнароднай федэрацыі фехтавання (FIE).