Усе навіны

В. а. кіраўніка фехтавання РБ Сакалоўскі пра пропуск ЧС: «11 вядучых спартсменаў не былі дапушчаны, а ехаць з пятымі нумарамі няма рацыі»

30 чэрвеня, 23:39

В.а. кіраўніка федэрацыі фехтавання Беларусі Віталь Сакалоўскі падзяліўся меркаваннем пра пропуск чэмпіянату свету.

Раней еўрапейская канфедэрацыя фехтавання адхіліла беларусаў і расіян ад спаборніцтваў.

– Такім чынам, на будучым чэмпіянаце свету ў Італіі нашых спартсменаў чакаць не варта?

– Сапраўды, было прынята рашэнне не адпраўляць фехтавальшчыкаў на планетарны форум у Мілан. Бо 11 спартсменаў, якія знаходзяцца на вядучых пазіцыях у нацыянальным рэйтынгу па ўсіх відах зброі, не былі дапушчаны да міжнародных спаборніцтваў.

Ехаць жа на галоўны старт сезона з другімі-трэцімі, пятымі нумарамі няма рацыі. Там павінны спаборнічаць наймацнейшыя.

– Наколькі вялікі шанс пабалець за беларусаў на кантынентальным адборы да Гульняў у Парыжы, бо львіную долю кваліфікацыйных стартаў яны ўжо прапусцілі?

– Безумоўна, надзея ёсць. Мы рыхтуемся да гэтых спаборніцтваў. Але зноў жа не ўсё ад нас залежыць. Дакладнай інфармацыі, ці дапусцяць нашых спартсменаў да кантынентальнага адбору на галоўныя старты чатырохгоддзя, да гэтага часу няма. Многае будзе залежаць ад пазіцыі МОКа, – сказаў Сакалоўскі.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.