Усе навіны

В. а. кіраўніка белфехтавання Сакалоўскі пра еўрапейскі бан: «Гэта засмучае, спадзяюся, разважлівасць пераможа»

1 ліпеня, 14:30

Выканаўца абавязкаў кіраўніка федэрацыі фехтавання Беларусі Віталь Сакалоўскі падзяліўся меркаваннем пра рашэнне еўрапейскай канфедэрацыі фехтавання адхіліць беларусаў і расіян ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай.

– Не магу не спытаць пра апошнія ініцыятывы ЕКФ. Кантынентальная канфедэрацыя адхіліла ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай беларускіх і расійскіх спартоўцаў...

– Цяжка пакуль каментаваць гэтую сітуацыю, бо афіцыйных дакументаў на гэты конт мы не атрымлівалі. Больш за тое, нейкіх перадумоў да такіх рашэнняў не было. Самі даведаліся пра іх з прэсы. Гэта, вядома ж, засмучае, бо мы добрасумленна выконваем усе патрабаванні. Але, з іншага боку, не час пасыпаць галаву попелам. Спадзяюся, разважлівасць пераможа. Пакуль жа які робіцца ўсё, каб беларуская школа фехтавання развівалася з улікам сучасных рэалій. Балазе прагрэс ёсць, – сказаў Сакалоўскі.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.