Усе навіны

Экс-трэнер зборнай Нікалайчук: «Бах і Гутцайт чэмпіёны АГ, а ў Беларусі НАК узначальвае сын, а Мінспорту экс-ахоўнік Лукашэнкі»

1 жніўня, 12:13

Былы старшы трэнер зборнай Беларусі па фехтаванні і падпісант за сумленныя выбары Аляксандр Нікалайчук пракаментаваў «Зеркалу» стан спраў у беларускім спорце.

– На Алімпіядзе ў Токіа беларускіх фехтавальшчыкаў не было, зараз пралятаем міма Парыжа. Ці можна сказаць, што ўсе традыцыі, напрацоўкі разваленыя, і нам застаецца толькі настальгаваць па часах Дзмітрыя Лапкеса, Аляксандра Буйкевіча і цешыцца запатрабаванасцю іх і іншых нядаўніх спартоўцаў у ЗША?

– Я б казаў не толькі пра фехтаванне – увесь беларускі спорт коціцца не туды. І так пасля здабыцця незалежнасці шмат гадоў працягнулі на савецкай базе. Альтэрнатывы не было створана. Памятаю, пісалі справаздачу ў 2018 годзе. У фехтаванні тады налічылі 75 трэнераў, якія працавалі ва ўсёй Беларусі. А ў ЗША і ў іншых краінах у суме нашых адмыслоўцаў было каля 80. Прычым з'яжджаюць звычайна найлепшыя.

Чаму беларускае фехтаванне славілася ў СССР? Цэнтр падрыхтоўкі быў у Стайках. Усе прадстаўнікі Саюза прыязджалі рыхтавацца на гэтую базу. Фехтаванне немагчыма без пастаянных якасных спарынгаў. Выраслі алімпійскія чэмпіёны: Мікалай Алёхін, Аляксандр Раманькоў. Была і трэнерская пераемнасць.

Канешне, не кожны гатовы зʼехаць. Але трэба ствараць умовы трэнерам. Пры жаданні грошы знойдуцца. І ў любым выпадку на сваіх пастах павінны працаваць прафесіяналы. Калі абстрагавацца ад усёй палітычнай сітуацыі і вайны, то проста вось факт: Бах – алімпійскі чэмпіён па фехтаванні; міністр моладзі і спорту Украіны, прэзідэнт НАК Вадзім Гутцайт – алімпійскі чэмпіён па фехтаванні. А ў нас НАК узначальвае Віктар Лукашэнка, а Мінспорту кіруе былы ахоўнік Лукашэнкі [Сяргей Кавальчук]. Думаю, дадатковыя каментарыі тут не патрэбныя, – сказаў Нікалайчук.