Усе навіны

Трэнер «Хвалі» Ясковіч: «Некаторыя футбалісты прыйшлі з лішняй вагай. Яны былі адхіленыя ад трэніровачнага працэсу, каб прывесці сябе ў патрэбны стан»

24 студзеня 2023, 17:45

Галоўны трэнер «Хвалі» (Д2) Сяргей Ясковіч падзяліўся меркаваннем аб міжсезонні.

– Завяршыўся першы двухтыднёвы адрэзак, які каманда правяла ў аднаразовым рэжыме трэніровак. Што на гэтым этапе прынесла станоўчыя эмоцыі, а што, магчыма, расчаравала?

– За гэты перыяд у нас было тэсціраванне. Мы праверылі стан футбалістаў, у якім яны вярнуліся з адпачынку. Калі параўноўваць з паказчыкамі мінулага года, то зараз хлопцы прыйшлі больш падрыхтаванымі, і тэсціраванне гэта паказала. Гэта сведчыць аб тым, што нашы хлопцы ў адпачынку, як кажуць, на печы не сядзелі, а рухаліся. Гэта радуе.

Але было і некаторае расчараванне. Ёсць група футбалістаў, якія прыйшлі з лішняй вагой. На нейкі час яны былі адхіленыя ад трэніровачнага працэсу, каб прывесці сябе ў патрэбны стан. На дадзены момант усе, хто ёсць у маім распараджэнні, у нармальным стане.

Працы яшчэ трэба шмат. Каманда мяняецца. З'яўляюцца новыя футбалісты. Падрыхтоўчы перыяд для таго і існуе, каб тыя людзі, якія прыходзяць у каманду, наладзілі ўзаемадзеянне.

Мы будуем гульню і ў абароне, і ў нападзе. Улічваючы тое, што шмат прапускаем, вялікую ўвагу зараз удзяляем менавіта абароне. Гэта значыць агульнакамандным дзеянням і індывідуальным. Гэта адзін з важных аспектаў зараз.

На гэтым тыдні мы ўжо працуем у двухразовым рэжыме, таму ўжо на фоне стомленасці будзе наступная таварыская гульня з камандай з Брэста. І тады на гэтым фоне мы таксама паглядзім пра стан нашых гульцоў.

– Па матчы з «Мінскам» хацелася б даведацца ваша меркаванне аб патэнцыйных навічках каманды?

– Ёсць некалькі маладых футбалістаў, нашых выхаванцаў, якія нейкі час былі ў розных акадэміях, у дублі таго ж брэсцкага «Дынама». Плюс яшчэ прыехалі два гульцы з іншых каманд. Адзін з іх належыць гродзенскаму «Нёману», а другі – з петрыкаўскага «Шахцёра».

На гэты момант станоўчае ўражанне пакідае абаронца Дзіма Шуляк. Я з ім ужо размаўляў. Ён готаў застацца ў нашай камандзе.

– Апрабацыя схемы ў тры абаронцы ў спарынгу з «Мінскам» атрымае працяг?

– Так, вядома. Усё залежыць ад саперніка. Любая схема павінна практыкавацца ў камандзе. Зразумела, што гэта энергазатратная схема, але, тым не менш, мы будзем разглядаць яе як адну з асноўных.

– Да матчу з брэсцкім ЦРФ, які адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу, ці з'явіцца яшчэ хто-небудзь на праглядзе?

– Так, плануецца яшчэ шэраг футбалістаў, але мне не хацелася б браць іх у вялікай колькасці. Мне цікава назіраць за футбалістамі, калі іх адзін-два. Тады можна лепш ацаніць іх якасці і магчымасці. Вядома, будуць прыязджаць новыя хлопцы, бо склад яшчэ не сфарміраваны, – сказаў Ясковіч.