Усе навіны

Яўген Прановіч: «Быў на чале АБФФ артылерыст – паставяць танкіста. Базанаў за некалькі гадоў хоць зразумеў, як выглядае футбольны мяч, што такое буцы»

5 сакавіка 2023, 11:23

Экс-арбітр чэмпіянату Беларусі Яўген Прановіч распавёў тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» чаго чакае ад справаздачна-выбарнай канферэнцыі АБФФ, а таксама падзяліўся думкамі пра будучыню беларускага футбола.

– Праз некалькі тыдняў у АБФФ пройдзе справаздачна-выбарная канферэнцыя. Як думаеце, будуць нейкія змены?

– Мне наогул усё роўна, што там вырашаць, што будзе адбывацца. Цяпер футболам усе незадаволеныя, таму, напэўна, чыноўнікі нейкую ракіроўку зробяць, памяняюць шыла на мыла – і зноў пачнуць казаць, што ў 2028 годзе ў нас усё будзе добра, мы выйдзем на чэмпіянат свету.

Ці будзе горш? А куды ўжо горш? Лепш – сумневы вялікія. Талковых спецыялістаў у Беларусі хапае, але наўрад ці яны палезуць у гэты футбол і будуць ім займацца. А нават калі палезуць, наўрад ці ім гэта дадуць.

Быў на чале АБФФ артылерыст – паставяць танкіста. Базанаў за некалькі гадоў хоць зразумеў, як выглядае футбольны мяч, што такое буцы... новы кіраўнік – танкіст або гэбіст – дакладна будзе не лепш, – сказаў Прановіч.