Усе навіны

Дэпутаты Еўрапарламенту заклікалі УЕФА адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыях да чэмпіянату Еўропы

15 сакавіка 2023, 13:58
1

104 дэпутаты Еўрапейскага парламенту звярнуліся з лістом да прэзідэнта УЕФА Аляксандра Чыфэрына з просьбай адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыйных матчах да чэмпіянату Еўропы 2024 года. Пра гэта піша «Радыё Свабода» са спасылкай на ліст, які трапіў у рэдакцыю.

Свой заклік яны матывавалі рэпрэсіямі ў Беларусі і саўдзелам беларускіх уладаў у вайне супраць Украіны.

«Мы лічым важным, каб УЭФА перагледзеў сваю цяперашнюю пазіцыю ў дачыненні да беларускай федэрацыі футболу. З міжнароднага пункту гледжання відавочна, што цяперашнія захады неадэкватныя і не адлюстроўваюць таго, што робяць беларускія ўлады ў дачыненні да правоў чалавека і іншых каштоўнасцяў УЕФА.

Нявінна затрыманыя цярпяць катаванні і знявагі, што відавочна парушае іх правы і свабоды. Значная частка беларускага грамадства цяпер жыве ў страху, запалоханае тым, што нават нязначныя прыкметы непадтрымкі рэжыму Лукашэнкі могуць прывесці да страты іх кар’еры або волі. У тым ліку і беларускія спартсмены. Таму для нас відавочна, што тыя футбалісты, якія яшчэ застаюцца ў беларускай футбольнай зборнай, падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

Як усе гэтыя факты можна суаднесці з каштоўнасцямі УЕФА і матчамі УЕФА, якія павінны быць сімвалам міру і супрацоўніцтва, якія ўвасоблены ў футбольнай сямʼі? Сам факт удзелу зборнай Беларусі ў чэмпіянаце УЕФА пазней будзе выкарыстаны Лукашэнкам і яго прапагандысцкай камандай, каб даказаць, што яго добра прымаюць у міжнароднай супольнасці», – гаворыцца ў лісце.