Усе навіны

Сяргей Яромка: «У першыя 20-25 хвілін БАТЭ «Мінск» проста задушыў аўтарытэтам. Пасля такіх першых таймаў у «Гарадзеі» было жорстка. А тут спакойна. Я гатовы ўспрыняць любы вынік»

9 красавіка 2023, 10:31

Галоўны трэнер «Мінска» Сяргей Яромка пракаментаваў нічыю з БАТЭ (2:2) у трэцім туры чэмпіянату Беларусі.

– У першыя 20-25 хвілін БАТЭ нас проста задушыў сваім аўтарытэтам. Не буду хаваць, што мы прайгралі чыста псіхалагічна тым часам. Былі вельмі небяспечныя моманты, дзе наш брамнік выбавіў са «стандартаў» на першых хвілінах. А такі гол, ён можа здарыцца з любым брамнікам. Таму прэтэнзій да Валодзі Пяцігорца ў мяне ніякіх няма. Але ў канцоўцы мы паказалі, што ўсё ж такі можам гуляць. Стварылі тры вельмі добрыя моманты, у тым ліку і стоадсоткавы ў Мартынава. І я сказаў у распранальні: «Давайце ўжо будзем гуляць». Тое, што хацелі і планавалі, у другім тайме мы і ўвасобілі. Па дзёрзкасці, па нахабстве ў добрым разуменні слова, па характары, па самааддачы другі тайм правялі, мусіць, лепш, чым БАТЭ.

– Чаму на пазіцыі варатара выбар упаў на Пяцігорца, а не Нячаева?

– Тут ніякай таямніцы няма. Саша на лаўцы проста падстрахаваў. Бо два дні было ў чалавека 38,5. Тэмпература толькі ў дзень матча ўпала. І было прынята сумеснае рашэнне з ім і з Валодзям, а ў іх выдатныя ўзаемаадносіны, і з трэнерам варатароў. У рэшце рэшт, мы Валодзю запрашалі не кукурузу ахоўваць на поле, а менавіта падставіць плячо тады, калі гэта трэба. І ён малайчына.

– Чым была выклікана замена Чарнавока?

– Мы ўзмацнялі гульню. А маладым уласціва нестабільнасць. На нейкім этапе гульні я бачыў, што Кірыл выпадаў, хаця і ўся каманда выглядала не вельмі. Таму трэба было шукаць шляхі, каб менавіта ўзмацніць гульню. Тое ж выйсце і Малашэвіча, і Забеліна. Я зараз сказаў Кірылу ў распранальні, што нарэшце ўбачыў таго Забеліна, якога хачу бачыць. Можа, правільна, утрыруючы, атрымаў па галаве, каб благія думкі адтуль вылецелі. І каб быў не як Страшыла, які быў набіты пілавіннем, а каб пазітыўныя думкі былі. Таму ўсе замены былі выкліканыя тым, каб альбо кагосьці паберагчы, альбо ўзмацніць гульню. Не схаваю, што планаваў і Душэўскага памяняць, каб даць яму адпачыць. Але пасля такога не мяняюць.

– Ці можна разглядаць гульню і вынік як падарунак да дня нараджэння напярэдадні?

– Цяпер сказаў у распранальні, што нарэшце ўпершыню за многія гады матч не выпаў на мой дзень нараджэння. Таму што дома гальштукаў ужо столькі вісіць, што мераць не хацелася б. Можна сказаць, што падарунак. Але скажу так: у БАТЭ прозвішча Яромка таксама будзе доўга асацыявацца. Гэта і па ранейшых выступах, калі БАТЭ яшчэ Віця Ганчарэнка кіраваў, і мы іх абыгрывалі. І на Кубак і там абыгрывалі. І заўзятар БАТЭ мне нагадаў часы «Гарадзеі». Але гэта зноў жа, прыязна, нармальна.

– Вы ўзялі двух гульцоў з Афрыкі. Як плануеце іх выкарыстоўваць?

– Будуць улівацца паступова ў калектыў, прывыкаць да патрабаванняў. Мы не той клуб, які можа дазволіць сабе ўзяць перакладчыка. Таму вось гэтая камунікацыя крыху перашкаджае ім хутчэй менавіта ў камандных патрабаваннях у абароне і нападзе. Але хлопцы маладыя, крэатыўныя. Саагі больш адаптаваны: у тым годзе гуляў дубль. Таму ўсяму свой час.

– Упершыню ў чэмпіянаце каманда саступала, прычым два разы. Як ацаніце тое, як абодва рэагавалі на прапушчаныя мячы?

– Рэагавала адэкватна. Калі ў перапынку ішоў у распранальню, сам чуў, як хлопцы казалі: «Нарэшце вярнуліся ў гульню. Будзе момант, і ўсё роўна заб'ем». А я і сам сябе не пазнаў у перапынку. Таму што звычайна пасля такіх першых таймаў у час працы ў «Гарадзеі» было жорстка. А тут спакойна. Ідзе станаўленне калектыва. Таму я готаў успрыняць любы вынік. Самае галоўнае, каб мы не спыняліся на дасягнутым, а паступова ішлі ў напрамку, які выбралі.

– Мартынаў забіў здалёк у першым туры. Цяпер гэта зрабіў Душэўскі. Адпрацоўваеце далёкія ўдары?

– Вядома, на кожнай трэніроўцы. Гэта хлеб нападаючага. Ён павінен быў з гэтай пазіцыі біць. Гульцоў апорнай зоны заўсёды просім даціскаць, калі ёсць магчымасць, далёкімі ўдарамі. Таму што хлопцы валодаюць далёкім ударам. Так атрымалася, што ў Даніка ўсё лягло як мае быць. Таму, напэўна, як любяць казаць трэнеры, мы гэта на трэніроўках найграем.

– А паказвалі сваім падапечным, як вы самі забівалі галы?

– Калі я прыйшоў у каманду, яны наогул не ведалі, колькі я забіў. Некаторым даводзілася для гэтага «Вікіпедыю» адкрываць і глядзець. Гэтае пакаленне нармальнае. Тое, што ім трэба, яны ведаюць. Цяпер спыталі мяне, дзе сустракаемся пасля гульняў. Сказаў: «У мяне ў кабінеце на базе. Прыходзьце», – сказаў Яромка.