Усе навіны

Трэнеры Пракапюк і Храпкоўскі пакінулі брэсцкае «Дынама»

21 красавіка 2023, 20:23

Трэнеры Андрэй Пракапюк і Аляксандр Храпкоўскі пакінулі брэсцкае «Дынама». Кантракты спецыялістаў скасаваны па пагадненню бакоў.

Пракапюк пасля завяршэння кар'еры гульца больш за дзесяць гадоў працаваў у структуры клуба пераважна ў якасці асістэнта галоўнага трэнера. Пракапюк стаў галоўным трэнерам «Дынама» улетку мінулага года. Пад яго кіраўніцтвам каманда змагла выправіць сітуацыю ў турнірнай табліцы і пазбегнуць вылету з вышэйшай лігі.

Храпкоўскі далучыўся да «Дынама» перад стартам сезона-2021. З таго часу ён уваходзіў у трэнерскія штабы Сяргея Кавальчука, Андрэя Пракапюка і Ігара Крывушэнку. Характэрна, што ў ліпені і жніўні 2022 года на фоне хваробы Пракапюка Храпкоўскі часова выконваў абавязкі галоўнага трэнера.

Растанне з Пракапюком і Храпкоўскім адбылося неўзабаве пасля таго, як трэнерскі штаб «Дынама» папоўнілі Аляксандр Юрэвіч, Сяргей Нікіфарэнка і Вадзім Ласоўскі. Разам з імі засталіся працаваць Аляксандр Валадзько і Уладзімір Селькін.