Усе навіны

Пісарэнка пра справу «Шахцёра»: «Выразны сігнал. Калі БАТЭ будзе абыгрываць мінскае «Дынама», Капскі выбяжыць і заб'е ў свае»

12 траўня 2023, 09:21
8

Вядучы YouTube-канала «ЧестнОК» Яраслаў Пісарэнка пракаментаваў рашэнне КДК АБФФ па справе «Шахцёра».

«Першая і другая каманда чэмпіянату мінулага сезона – аўт. Трэцяя каманда БАТЭ. Дык што, ён чэмпіён? Канешне не. [Міністр спорту Лукашэнка Сяргей] Кавальчук лепш зямлю есці будзе, але чэмпіёнства Барысаву не аддасць. Чэмпіёна мінулага сезона фармальна не будзе.

У выніку ў еўракубкі патрапяць каманды з 3-га па 6-е месца. Але я б на гэтым моманце ўвогуле не спыняўся, відавочна, хто б у еўракубках Беларусь не прадстаўляў, – гэта вылет у першым раундзе. Там можа згуляць нават «Нафтан» – будзе весялей, але сітуацыю ніяк не зменіць.

А што ж у гэтым сезоне? Адразу тры каманды з мінусам ачкоў, прычым самавітым дастаткова. І пакуль «Шахцёр» будзе змагацца за выжыванне – як жа гэта смешна гучыць – мінскаму «Дынама» наверсе да чэмпіёнства шлях замоўлены. Ніхто, думаю, яму дарогу не пяройдзе. Калі БАТЭ будзе абыгрываць «Дынама» ў якім-небудзь вырашальным матчы, [старшыня праўлення БАТЭ Андрэй] Капскі асабіста выбяжыць на поле і заб'е ў вароты сваёй каманды. Таму што гэтая [справа «Шахцёра»] выразны сігнал, што «Дынама» павінна стаць чэмпіёнам», – сказаў Пісарэнка.

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.