Усе навіны

Салановіч пра стымуляванне: «Энергетыку-БДУ» таксама раздалі грошы, але кагосьці не чапаюць, а «Белшыне» – штрафы і баны»

17 траўня, 15:16

23-гадовы абаронца «Белшыны» Уладзіслаў Салановіч пракаментаваў атрыманы ад КДК АБФФ па справе «Шахцёра» штраф у 7,4 тысячы рублёў (2,6 тысячы долараў), у выпадку нявыплаты якога будзе забанены на паўгода

– Як ты ўспрыняў вердыкт АБФФ?

– Калі шчыра, быў у шоку ад вынесенага рашэння. Бо калі вялося следства і нас дапытвалі, казалі: вам нічога не будзе, вы працягнеце гуляць. Не чакалі такога пакарання ад федэрацыі. Як па мне, занадта цвёрдае рашэнне.

Плюс нам часам прыпісваюць тое, чаго мы не рабілі. У матчы з «Дынама» – так, было стымуляванне. Але я не лічу, што гэта нейкае злачынства. А пра тое, што гульня з «Шахцёрам» здавалася, мы не ведалі. Я даведаўся, толькі калі мяне дапытвала следства. Да матчу ніхто нават уявіць не мог, што ён, магчыма, будзе дагаворным. Калі б нам прапанавалі здаць гульню, думаю, ніхто не пагадзіўся б.

– Як развіваліся падзеі перад тым самым матчам з мінскім «Дынама» ў жніўні мінулага года (0:0) і пасля яго?

– Рыхтаваліся і гулялі як звычайна, а не так, быццам гэта асаблівы матч. Ішлі недалёка ад «зоны вылету». Трэба было самім выбірацца з сітуацыі. Хацелі набраць ачкі ў першую чаргу для сябе, а не для кагосьці, каб потым было лягчэй.

– Але пра стымуляванне даведаліся яшчэ да гульні?

– Так. Але сутнасць у тым, што грошай да матча ніхто не даваў. Мы згулялі ўнічыю і атрымалі іх. А калі б нам іх не далі – што тады? Былі б мы вінаватыя? Незразумела.

– Як прайшло паседжанне КДК, на якім ты прысутнічаў?

– Яно было перад матчам са «Слуцкам». Нас пыталі пра гульню з менскім «Дынама». Мы расказвалі пра ўсё, што адбывалася. Нас папярэдзілі, што можа быць штраф. А потым мы сталі чакаць рашэнні. І вось дачакаліся...

– Чаму вердыкт стаў для цябе шокам, калі вас папярэджвалі?

– Не чакалі, што рашэнне апынецца настолькі [суровым]. Цяпер чытаю навіны. З гульцоў трох каманд «прыбілі» толькі нас. Супрацоўнік ГУБАЗіКу казаў, што футбалістам «Энергетыка-БДУ» таксама раздалі грошы. Але кагосьці не чапаюць, а гульцам «Белшыны» – штраф і бан. Атрымліваецца, нам бізун, а іншым – пернік. Лічу, гэта неяк несправядліва, – сказаў Салановіч.

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.