Усе навіны

Хацкевіч пра тое, чаму не ходзяць на белфутбол: «Цябе абшукваюць, цябе ацэньваюць, поўны кантроль»

23 траўня, 14:14
1

Аляксандр Хацкевіч у інтэрв'ю Аляксандру Івуліну для Youtube-канала «ЧестнОК» паразважаў, чаму заўзятары не ходзяць на белфутбол, узгадаўшы выпадак з 2016 году.

– Вы давалі інтэрв'ю, 2016 год, і распавялі пра тое, як вы праходзілі на стадыён, камунікуючы з хлопцамі ў чорнай форме, з амапаўцамі.

– Са мной сябры прыехалі на футбол, і потым мне Вяргейчык кажа: «А чаму ты мяне не набраў? Мы б цябе сустрэлі, як VIP-госця».

Я кажу: «Юрый Васільевіч, я вось хацеў як проста заўзятар паехаць паглядзець».

Ну, і плюс я на той момант быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі. Навошта мне зноў бачыць усіх гэтых у гальштуках, вось гэтыя твары, якія ўсміхаюцца, але не шчыра?

У нармальнай, добрай кампаніі, як шэраговы заўзятар, я зразумеў, чаму людзі не ходзяць на футбол у Беларусі. Таму што, каб патрапіць на футбол, цябе абшукаюць, на цябе паглядзяць, табе трэба паглядзець у камеру. Хто ты, што ты?

Стаіць двухмятровы чалавек, у якога відаць, што скажы два ў квадраце, ён напіша два і абвядзе ў квадрат.

І ён табе кажа: «Чаго ты наогул сюды прыехаў?».

Я кажу: «Ну я трэнер зборнай Беларусі па футболе».

Ён кажа: «Нейкі трэнер, нейкай зборнай. Ідзі ў камеру, усміхніся, зараз цябе там абшукаюць і пойдзеш на трыбуну».

І вось пытаю сваіх сяброў, яны кажуць, так, усё тое ж самае.

Пасля такая ж працэдура і на футбольныя матчы, якія праводзіліся ў асноўным на адным стадыёне ў Беларусі.

– Так, на Маякоўцы.

– Там сапраўды такая ж працэдура. Так тамака больш…

Але ўсё роўна цябе абшукваюць, цябе ацэньваюць, стаіць відэакантроль, поўны кантроль. Ёсць разуменне таго, чаму людзі не ходзяць.

Не самай высокай якасці футбол, калі нават гэта камплімент будзе ў Беларусі сёння.

Але калі ў Еўропе людзі прыходзяць на футбол з дзецьмі, могуць выпіць піва. Гэта свята. Яны прыйшлі падтрымаць любімую каманду, і ніякіх забарон няма.

Калі ёсць нейкая забарона, ёсць абмежаванне, то ты адзін раз схадзіў, то наступным разам ты ўжо не пойдзеш, – сказаў Хацкевіч.