Усе навіны

Беларускі трэнер: «У зборнай цяпер нешта складана змяніць. Як гэта зрабіць, калі нельга выклікаць усіх наймацнейшых футбалістаў?»

27 траўня 2023, 18:50

Беларускі трэнер на ўмовах ананімнасці падзяліўся з «Трыбунай» меркаваннем пра тое, ці змог бы галоўны трэнер мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка ўзначаліць зборную Беларусі і палепшыць яе вынікі.

– Скрыпчанка здольны палепшыць вынікі «нацыяналкі»?

– Ад гэтай каманды ў прынцыпе нельга чакаць выніку, хто б яе ні ўзначальваў. Каго ні пастаў, але трэба цвяроза глядзець на рэчы. Мы яшчэ на самае глыбокае дно не апусціліся, і гэта трэба прыняць, гэта нашыя рэаліі. Аднак гэта не значыць, што нічога не трэба мяняць, перамены ў любым выпадку патрэбныя.

– Па-вашаму, Скрыпчанка – прыдатная кандыдатура на пасаду галоўнага трэнера зборнай?

– Што тычыцца яго трэнерскай працы (узаемадзеянне з камандай, тактычныя разборы, матывацыя, тактыка, мікраклімат і гэтак далей), думаю, Скрыпчанка мог бы нешта памяняць. Хаця ў зборнай зараз нешта складана змяніць. Як гэта зрабіць, калі нельга выклікаць усіх наймацнейшых футбалістаў? Калі гульцам нацыянальнай зборнай па зусім не спартовых чынніках забараняюць гуляць у «нацыяналцы», як гэта назваць? Забараняюць гуляць хлопцам далёка не старым, тым, хто можа прыносіць карысць нашаму футболу. Але з прычыны таго, што хлопцы маюць сваё меркаванне, ім увогуле забаранілі гуляць. Не кажу ўжо пра зборную.

Калі не лічыце іх патрыётамі сваёй краіны, дык проста не выклікайце ў «нацыяналку», але чаму забараняеце займацца сваёй справай? У нас жа ў «канстытуцыі» прапісана, што кожны мае права на працу. Чаму нехта гэтае права абмяжоўвае? Чаму з людзей які месяц, які год здзекуюцца? Ну, скажыце вы хлопцам, што гуляць яны ў Беларусі не будуць у любым выпадку. Тады нехта з'едзе за мяжу, пагуляе там ці скончыць, нечым будзе займацца. Эх... Бачыце, як мы перайшлі ад адной канкрэтнай персоны да набалелага...

Ну а калі вяртацца да Скрыпчанкі, то ў маім разуменні, заснаваным на зносінах з тымі, хто з ім працаваў ці працуе, а таксама на ўласных назіраннях, – ён сапраўды добры трэнер.

– Чаму ж тады не адобрылі яго кандыдатуру ў АБФФ?

– Таму, што ён не «ручны», а мае сваё меркаванне і бачанне футбола. Я так думаю, – сказаў трэнер.

Tribuna.com публікуе каментарыі спікераў, якія знаходзяцца ў Беларусі, ананімна для іх бяспекі.