Усе навіны

Свярчынскі пра белфутбол: «Больш за ўсё палохае не безнадзейны стан у дадзены момант, а адсутнасць будучыні»

26 чэрвеня, 13:57

Экс-футбаліст чэмпіянату Беларусі Аляксандр Свярчынскі ў інтэрв'ю для Telegram-канала «О, спорт! Ты – мир!» падзяліўся меркаваннем пра стан беларускага футбола.

– Што думаеце пра сённяшні стан беларускага футбола?

– Больш за ўсё мяне палохае не безнадзейны стан нашага футбола ў дадзены момант, а адсутнасць будучыні. Успомні, у 2010-я сярэдні заробак гульца «Нафтана» і «Славіі» складаў 7-8 тысяч долараў, а пад'ёмныя за падпісанне кантракту даходзілі да 20-30 тысяч долараў. У тыя залатыя часы кіраўнікі клубаў павінны былі інвесціраваць у інфраструктуру акадэмій і ў дзіцячых трэнераў, якія падрыхтуюць дастойную змену, у стадыёны, якія будуць камфортныя для балельшчыкаў, у медыякантэнт, які будзе прыцягваць новае пакаленне на трыбуны.

Усё гэта дазволіла б зараз генераваць клубам самастойныя даходы ад трансфераў, білетаў і камерцыйных здзелак. Але самае галоўнае, гэта дазволіла б стаць прывабнымі для нашых IT-кампаній, якія без праблем бы інвеставалі пяць мільёнаў долараў у год са сваіх мільярдных абаротаў, – гэта зняло б нашы клубы з дзяржаўнай іголкі і дазволіла быць незалежнымі і апалітычнымі структурамі. І зараз мы б назіралі абсалютна іншую карціну ў беларускім футболе.

Замест гэтага мы маем «ачко» на стадыёне «Атлант», вышэйшая ліга гуляе на палях, што акружаны платамі, нуль клубных медыя, пустыя трыбуны і адсутнасць маладых футбалістаў, якіх можна прадаць хаця б у Расію. І ведаеш хто ў гэтым вінаваты? Кіраўнікі клубаў. Ім было пляваць, што пасля іх застанецца выпаленая зямля. Ёсць кантракт, ёсць дзяржаўныя грошы – трэба высмактаць максімум.

Дзве галоўныя беды беларускага футбола – гэта кіраўнікі і дзяржаўныя грошы. Першая бяда не дазваляе нам развівацца, а другая пазбаўляе матывацыі гэта рабіць, – сказаў Свярчынскі.