Усе навіны

Брамнік «Мёр» Гайсін пра 0:13 з БАТЭ: «Яны прыўзнялі маральны дух. Раптам у ЛЧ нават у групу зноў заскочаць»

1 ліпеня, 17:13

Брамнік «Мёр» Міхаіл Гайсін падзяліўся ўражаннямі ад матчу ў 1/16 Кубка Беларусі з БАТЭ, у якім ён прапусціў 13 мячоў.

– Трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі захоплена адазваўся пра стан поля ў Мёрах. Сказаў, што якасць у тысячу разоў лепшая, чым у Бабруйску.

– Начуты. Яшчэ ён нібыта пахваліў «Мёры» за тое, што спрабавалі гуляць у футбол. Ну, паставілі б мы аўтобус і прапусцілі не 13, а 5 што ад гэтага змянілася б? Зразумела, што ў БАТЭ больш майстравітыя хлопцы. Нам было цікава пацягацца з імі. Лічу, мы сталі мацнейшымі. Ну і барысаўчане гэтай перамогай прыўзнялі свой маральны дух. Можа, у канцы сезона запросяць нас на банкет, аддзячаць. Раптам у іх пасля перамогі над «Мёрамі» адкрыецца другое дыханне? У Лізе чэмпіёнаў пройдуць пару раўндаў ці нават у групу зноў заскочаць.

– Што вам казалі пасля матчу партнёры, трэнеры, заўзятары?

– Хвалілі за старанне. Толькі станоўчая рэакцыя. Заўзятары таксама ўсё разумеюць. Падбягалі, прасілі сфоткацца. Я жартам пытаўся: што, бракуе для калекцыі фоткі з брамнікам, які прапусціў 13 штук?

Наогул, я цікаўлюся футболам, і было цікава паглядзець на БАТЭ. Як гульцы рухаюцца, як перабудоўваюцца, адчыняюцца, узаемадзейнічаюць… Цікавы досвед. Спрабаваў апярэдзіць наступнае дзеянне суперніка, прадбачыць, падстроіцца на перахоп…

– І як? БАТЭ апраўдаў чаканні?

– Спадабалася яго арганізаванасць. Відаць, што каманда найгравае нейкія камбінацыі і потым прайгравае напрацоўкі на полі. Напрыклад, яны ствараюць большасць на пэўным участку поля, завабліваюць туды гульцоў саперніка, а потым урываюцца ў свабодныя зоны і ствараюць галявы момант. У нас у чэмпіянаце вобласці суцэльны хаос, а ў Кубку Беларусі зусім іншы ўзровень. БАТЭ спадабаўся. Хацелася б, каб такіх каманд у нашым футболе было больш, – сказаў Гайсін.