Усе навіны

Дзмітрый Гушчанка: «Калі б не надуманыя перашкоды, уся наша «маладзёжка» з'ехала б у еўрапейскія чэмпіянаты»

14 жніўня, 13:10

Брамнік «Віцебска» Дзмітрый Гушчанка ўспомніў перыяд выступаў за моладзевую зборную Беларусі.

«Хоць я і ўскосна прымаў удзел, лічу, для мяне гэта была найвышэйшая кропка кар'еры. Я акунуўся ў сапраўдны еўрапейскі футбол, які ў наступным вельмі рэдка бачыў на свае вочы. Поўныя трыбуны, павышаная ўвага журналістаў, куча камер. На гульню заўсёды ў касцюмчыках прыязджалі. Хай я і сядзеў на лаўцы, перад матчамі адчуваў лёгкі мандраж.

Супраць беларусаў жа тады такія зоркі гулялі! Зомер, Мата, Алькантара, Альба, Дэ Хеа. З Давідам дагэтуль фота захоўваю. Тое, як мы гулялі супраць зорак, паказвала, што беларускі футбол рухаўся тады ў правільным кірунку. Калі б не надуманыя перашкоды і межы, тая наша зборная тады ў поўным складзе разʼехалася па еўрапейскіх клубах. Вельмі моцная зборная была, і я рады, што знаходзіўся ў ёй.

Шмат чаго спрабаваў браць у Гутара. Як ён упэўнена выходзіў супраць зорак! А як Саша пацягнуў пенальці ад Крысціяна Эрыксена, які цяпер у «МЮ» гуляе! Успамінаю пра тыя моманты, і да гэтага часу мурашкі па скуры. Тыя кароткія імгненні, калі я адчуў сапраўдны еўрапейскі футбол, застануцца са мной на ўсё жыццё», – успомніў Гушчанка.