Усе навіны

Сяргей Сазончык: «Падчас матчу з мінскім «Дынама» адыграла сваю ролю псіхалогія. «Славія» падсела фізічна з-за сталага прэсінгу»

14 жніўня, 16:27

Паўабаронца «Славіі» Сяргей Сазончык пракаментаваў нічыю з мінскім «Дынама» (2:2) у 17-м туры чэмпіянату Беларусі.

– Сяргей, віншуем з першым забітым голам у складзе «Славіі». Падзяліся сваім меркаваннем наконт нічые з мінскім «Дынама». Ці атрымалася камандзе выканаць трэнерскую ўстаноўку?

– Дзякуй. Лічу, што першы тайм, асабліва першыя паўгадзіны, мы вельмі добрае згулялі, адкрылі лік у гульні і цалкам валодалі ініцыятывай. Не сказаў бы, што ў «Дынама» нешта атрымлівалася ў першай палове гульні, тым больш ствараць нейкія моманты.

У працэсе матчу адыграла сваю ролю псіхалогія, падселі фізічна з-за пастаяннага прэсінгу, таму ў нейкі момант крыху страцілі ініцыятыву і прапусцілі гол у канцы першага тайма.

А ў другім – мы выканалі ўсё тое, пра што нас прасіў трэнер, таму атрымалася забіць гол і зноў выйсці наперад. У выніку саперніку ўсё ж удалося зраўняць лік.

– На гасцявой трыбуне назіралася дастаткова вялікая колькасць прыхільнікаў «Славіі». Ці адчувала каманда падтрымку, у прыватнасці ты?

– Дзякуй вялікі балельшчыкам. Падтрымка чулася на працягу ўсяго матча. Выдатна, што такая колькасць людзей праехалі вялікую адлегласць, каб падтрымаць каманду., – сказаў Сазончык.