Усе навіны

«Шахцёр» перапісвае маёмасць на іншыя структуры. СДзЮШАР ужо перададзеная «Калійспецтранс»

15 жніўня, 16:30

Учора з'явілася інфармацыя пра магчымае банкруцтва «Шахцёра» – маўляў, гэта добрае выйсце для клуба, каб пазбавіцца ад непасільных абавязанняў. Па інфармацыі «Трыбуны», у «Шахцёры» такі сцэнар сурʼёзна сталі разглядаць яшчэ два месяцы таму. У гэты бок падштурхнуў скандал з дзіўнымі матчамі, а таксама цяжбы з былымі гульцамі (напрыклад, да гэтага часу доўжыцца разбіральніцтва з абаронцам Сяргеем Паліцевічам). Менеджмент лічыць банкруцтва лагічным крокам. Гэты крок дазволіць вяртаць пазыкі гадамі, а можа, не вяртаць іх увогуле.

Па нашых звестках, пэўныя працэсы ў гэтым плане ўжо запушчаныя. Клуб перапісвае маёмасць – базу, аўтобус і іншыя актывы – на даччыныя прадпрыемствы «Беларуськалія», каб потым гэтая маёмасць не была спагнаная ў лік пагашэння даўгоў. Па словах крыніц, «перапіс» плануецца завяршыць да канца гэтага года, каб юрыдычная асоба засталася цалкам пустой. І вось тады ўжо будзе запушчаны паўнацэнны працэс банкруцтва.

Як нам удалося даведацца, пад «пераразмеркаванне» патрапілі і работнікі СДзЮШАР «Шахцёр». Трэнеры і звычайныя служачыя пераведзеныя на працу на даччыную арганізацыю «Беларуськалія» «Калійспецтранс». Гэта ўнітарнае прадпрыемства займаецца выкананнем такіх работ, як перавозка пасажыраў, экспартнае і імпартнае транспартаванне грузаў, падʼём грузаў на вышыню і гэтак далей. Супрацоўнікі СДзЮШАР, па нашых звестках, сёння ўжо афіцыйна лічацца працаўнікамі гэтага прадпрыемства: займаюць звычайныя грамадзянскія пазіцыі і атрымліваюць за гэта заробак, насамрэч займаючыся футболам з дзецьмі.