Усе навіны

«Ногі спадара Прэзідэнта адрываюцца ад зямлі ў выніку дзеянняў гульца». Федэрацыя футбола Іспаніі апублікавала разбор моманту з пацалункам Рубіялеса і Эрмоса

26 жніўня, 14:45
1

Каралеўская федэрацыя футбола Іспаніі апублікавала афіцыйную заяву адносна скандалу вакол Луіса Рубіялеса.

«Каралеўская федэрацыя футбола Іспаніі (далей – Федэрацыя) хоча праінфармаваць грамадскасць, што нашыя кампетэнтныя органы спрабавалі звязацца са спадарыняй Джэніфер Эрмоса, але беспаспяхова.

Федэрацыя абвяшчае пра падачу як мага большай колькасці судовых іскаў у абарону гонару прэзідэнта, які ясна і проста расказаў, як адбываліся падзеі, якія сталі прычынай канфлікту і кпінаў з боку шырокіх слаёў грамадства.

У заяве Джэніфер Эрмоса гаворыцца: «Як бачна на здымках, я не давала згоды на пацалунак, і, вядома, ні ў якім разе не спрабавала падняць прэзідэнта. Я не пацярплю, каб маё слова ставілася пад сумнеў, а тым больш, каб прыдумляліся словы, якіх я не казала».

У прававой дзяржаве, якую адстойвае прэзідэнт, меркаванням супрацьпастаўляюцца факты і доказы, а хлусня абвяргаецца ў судзе.

Прэзідэнт хацеў падысці да гэтага пытання з максімальнай павагай да гульцоў і інстытутаў, і толькі калі была пяройдзена недапушчальная чырвоная лінія, ён публічна прадставіў сваю версію таго, што адбылося.

Фота 1: Спадарыня Джэніфер Эрмоса рукамі абхапіла Прэзідэнта ў той час, як ён свабодна трымае рукі на верхняй частцы яе спіны. У такім становішчы не можа быць прыменена сіла. Відаць, што пяткі ног Прэзідэнта злёгку прыўзняты.

Фота 2: Спадарыня Джэніфер Эрмоса трымае рукі на спіне спадара Прэзідэнта. Спадар Прэзідэнт трымае рукі на верхняй частцы цела гульца. Відаць, як Прэзідэнт ужо значна вышэй узнімае пяткі.

Фота 3: Спадарыня Джэніфер Эрмоса працягвае трымаць рукі ў тым жа становішчы ў той час, як Прэзідэнт вымушаны наблізіць свае рукі да спіны гульца, каб захаваць раўнавагу. Ногі спадара Прэзідэнта яўна і відавочна прыўзняты над зямлёй у выніку сілавога дзеяння, якое выканаў гулец.

Фота 4: Спадарыня Джэніфер Эрмоса працягвае трымаць рукі ў тым жа становішчы ў той час, як Прэзідэнт вымушаны працягваць трымацца за яе, каб не ўпасці. Ногі спадара Прэзідэнта адрываюцца ад зямлі ў выніку дзеянняў гульца. Доказы пераканаўчыя. Прэзідэнт не хлусіў.

Федэрацыя шкадуе, што такі выбітны спартыўны поспех, які адбыўся на жаночым чэмпіянаце свету па футболе, не можа быць адсвяткаваны належным чынам па абсалютна неспартыўных прычынах», – гаворыцца ў заяве.