Усе навіны

Сяргей Сазончык: «Я не надаю вялікага значэння капітанскаму статусу»

26 верасня, 14:50

Паўабаронца «Славіі» Сяргей Сазончык пракаментаваў перамогу над «Іслаччу» (2:1), таксама распавёў пра сваю ролю капітана.

– Цяжкая гульня. У першым тайме былі моманты, але, напэўна, больш прыглядаліся адзін да аднаго. У другой палове пасля забітага гола гульня раскрылася з абодвух бакоў, заўзятарам стала цікавей. Лічу перамогу «Славіі» заслужанай. Мне здаецца, мы стварылі больш вострых момантаў. Але хочацца аддаць належнае і суперніку – добрая каманда.

– Чаму «Славія» затрымалася пры выхадзе з распранальні на другі тайм?

– У гэтым няма нічога такога. Проста выслухалі трэнерскую ўстаноўку, якая трохі зацягнулася.

– Пасля матчу Дзмітрый Камароўскі сказаў, што гульцы «Іслачы» самі сабе забілі два галы. Згодныя з галоўным трэнерам «ваўкоў»?

– Думаю, гэта мы сваім ціскам вымусілі іх памыліцца. У любым выпадку мы забілі, так што гэта наша заслуга.

– Іншы трэнер «Іслачы» – Сяргей Бароўскі – акцэнтаваў увагу на тым, што балбоі нібыта спецыяльна затрымлівалі мячы для гасцей, каб не было хуткіх контратак.

– Тут без каментароў.

– Матч наведалі 4750 гледачоў. Для Мазыра гэта другі вынік у 21-м стагоддзі. У камандзе адчуваецца, што ў горадзе футбольны ажыятаж?

– Так, мы прама кайфуем на хатніх матчах. З кожнай гульнёй на трыбунах усё больш заўзятараў. І наогул прыкметна, што горад ажыўляецца ў футбольным плане. Мы ў захапленні ад такой падтрымкі.

– Вы асіставалі Кірылу Сідарэнку, які вызначыўся ў трэцім матчы запар. Адкуль у яго такі спрыт?

– Ён якасны нападаючы, добра і за спіны адкрываецца, і «ў недадачу», нядрэнна чапляецца за мячы. Думаю, ён проста знайшоў сваю каманду, свайго трэнера. У сукупнасці гэта дае вынік. Кірыл забівае і, спадзяюся, працягне гэта рабіць.

– Як вам у ролі капітана «Славіі»?

– Асабліва нічога не змянілася. Проста перад матчам трэнер падышоў і сказаў, што я выводжу каманду. Вядома, дадалося адказнасці за вынік. Раз выйгралі-значыць, напэўна, справіўся са сваёй задачай.

– «Старыя»-аднаклубнікі не глядзяць коса на 22-гадовага хлопца, які ўжо стаў капітанам?

– Ха, пакуль быццам бы не, трэба будзе паназіраць за імі. Але наогул я не надаю вялікага значэння капітанскаму статусу. У нас у камандзе даволі шмат хлопцаў, якія і без павязкі на руцэ праяўляюць лідарскія якасці і выконваюць ролю вядучых гульцоў, – сказаў Сазончык.